Завяршальны этап уводу ў эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС, прыёмка якога чакаецца ў красавіку—маі, утрымлівае ў сабе яшчэ мноства разнастайных мерапрыемстваў і выпрабаванняў, у тым ліку з паніжэннем магутнасці рэактара, а таксама са спыненнем блока. Пасля чарговага перапынку ён запрацуе, як плануецца, на гэтым тыдні. Пра гэта, а таксама пра кантроль за станам АЭС у рэжыме рэальнага часу і дзеянні ў выпадку разнастайных здарэнняў на станцыі расказалі эксперты Дзяржатамнагляда падчас брыфінгу ў БелТА.
Спачатку ліцэнзія, пасля — прыёмка
Комплексныя і дынамічныя выпрабаванні на станцыі падчас этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі (этап Г) працягнуцца да прыёмкі ў прамысловую эксплуатацыю. Увесну будзе працаваць прыёмачная камісія, якая зацвярджаецца на ўзроўні распараджэння прэм'ер-міністра. Умовай для пачатку работы павінна быць праведзеная поўная самаацэнка станцыі па ступені яе гатоўнасці да эксплуатацыі, а таксама выдача ўсімі нагляднымі органамі адпаведных станоўчых заключэнняў. А найважнейшай умовай стане атрыманне ліцэнзіі на эксплуатацыю энергаблока № 1 ад МНС, расказаў Леанід ДЗЯДУЛЬ, першы намеснік начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляда):
— На ўсіх этапах уводу станцыі ў эксплуатацыю выдаваліся дазволы на выкананне пэўных праграм. І перад прыняццем кожнага такога рашэння праводзіліся мэтавыя інспекцыі. Перш чым атрымаць дазвол на ліцэнзію, таксама правядуць выязную інспекцыю, якая ацэніць фізічны стан адпаведнасці канструкцый і сістэм, гатоўнасць персаналу, культуру бяспекі. Адбудуцца абавязковыя грамадскія слуханні, дзе прадставяць інфармацыю аб выніках. Мы будуем станцыю для сябе, і яна павінна адпавядаць нашым і міжнародным нормам і правілам, а многія знешнія заўвагі, якія публікуюцца ў СМІ, можна сказаць, беспадстаўныя. Тыя, хто хоча разабрацца, наведвае пляцоўку і ўдзельнічае ў рабоце.
Летам у Беларусь прыедзе чарговая інспекцыя місіі МАГАТЭ па фізічнай абароне, а ў канцы года плануецца місія па рэгулюючай дзейнасці.
Сем узроўняў шкалы ацэнкі ядзернай бяспекі
Падзеі, якія адбываюцца на станцыі на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока, выклікаюць павышаную цікавасць не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Увага да аб'екта значна павысілася яшчэ з моманту завоза на пляцоўку АЭС свежага ядзернага паліва, заўважыў Леанід Дзядуль:
— Для разумення ступені небяспекі той ці іншай з'явы, што адбываецца на пляцоўцы АЭС, важна наяўнасць класіфікатара зразумелай усім шкалы. У дачыненні да ядзерных з'яў для аднастайнасці іх ацэнкі МАГАТЭ выкарыстоўваецца шкала ІNES. Яна прымяняльная ў тым ліку да перавозкі, захоўвання і выкарыстання ядзерных матэрыялаў і крыніц іанізуючага выпраменьвання, а таксама ўключае ў сябе пагрозу іх страты ці крадзяжу.
У межах шкалы падзеі класіфікуюцца па сямі ўзроўнях. Ад першага да трэцяга ўзроўню яны называюцца інцыдэнтамі, а ад чацвёртага да сёмага — аварыямі. Пры гэтым кожны ўзровень характарызуецца яшчэ вобласцю ўздзеяння на насельніцтва і навакольнае асяроддзе, радыелагічным бар'ерам і кантролем і глыбокаэшаланіраванай абаронай.
Здарэнні, якія лічацца неістотнымі з пункту гледжання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, вызначаюцца як адхіленні, кваліфікуюцца як выпадкі ніжэй за шкалу ІNES, г. зн. нулявога ўзроўню, падкрэсліў спецыяліст:
— А з'явы, якія класіфікуюцца ў межах шкалы, у той ці іншай ступені звязаны з выкідам радыеактыўных рэчываў, атрыманнем персаналам і насельніцтвам адпаведнай дозы апраменьвання, са стратай кантролю над крыніцамі іанізуючага выпраменьвання.
МАГАТЭ рэкамендуе апавяшчаць усіх краін-удзельніц на працягу сутак з моманту здарэння ўсіх аварый, вышэйшых за другі ўзровень. Гэта дазваляе своечасова праінфармаваць насельніцтва аб здарэнні. На сёння пад сёмы ўзровень па гэтай шкале падпадае інфармацыя пра аварыі на ЧАЭС і Фукусіме, а пад шосты — на хімкамбінаце «Маяк», удакладніў эксперт:
— Каб своечасова інфармаваць пра здарэнні, Беларуссю заключаны розныя пагадненні з усімі краінамі, якія мяжуюць з нашай дзяржавай, а таксама з Арменіяй і Аўстрыяй. Гэтыя пагадненні датычацца не толькі апавяшчэння аб аварыях, але і аб стане ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ўстановак. Беларусь добраахвотна (хоць магла б гэтага і не рабіць) праінфармавала пералічаныя краіны пра завоз на АЭС паліва, яго загрузку ў рэактар і пачатак фізічнага пуску.
Пяць літар «А» і дзесяць літар «П»
Не ўсё, што адбываецца на АЭС па-за межамі яе нармальнага функцыянавання, лічыцца аварыяй, запэўніў Віген МАРУХЯН, начальнік упраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) і расказаў, якая падзея што азначае.
Аварыя — парушэнне нармальнай эксплуатацыі станцыі, падчас якога адбыўся выкід радыеактыўных рэчываў за межы, прадугледжаныя праектнай дакументацыяй. Парушэнне ў рабоце блока атамнай станцыі — любая падзея, якая прывяла да аварыі або здарэння. Здарэнне — парушэнне, якое характарызуецца адхіленнем ад нармальнай эксплуатацыі, што выклікана адмовай сістэмы бяспекі АЭС. Падзея — любы дэфект, пашкоджанне ці наўмыснае дзеянне аператара (уключаючы памылку персанала) падчас эксплуатацыі блока. Сюды ж адносяцца адмова абсталявання і іншыя непаладкі.
— Адпаведна з тым, якой катэгорыяй характарызуецца тое, што здарылася на станцыі, прадугледжана і рэагаванне. Патрабаванне аб неабходнасці паведамлення Дзяржатамнагляду пра падзеі і парушэнні на АЭС устаноўлена ў дакументах «Агульныя палажэнні забеспячэння бяспекі атамных станцый» (гэта асноўны дакумент пры эксплуатацыі блока АЭС) і «Патрабаванні да парадку расследавання і ўліку парушэнняў», якія зацверджаны Пастановай № 52 МНС, — расказаў ён. — Трэцяя частка гэтай працэдуры — устанаўленне дадзеных патрабаванняў ва ўмовах дзеяння ліцэнзіі блока АЭС, адпаведна з якім адбываюцца апавяшчэнне, далейшае расследаванне і карэкцыйныя мерапрыемствы.
Згодна з Патрабаваннямі, вызначана пяць катэгорый аварый, якія абазначаны літарай «А», — ад да 05 — і дзесяць катэгорый здарэнняў — абазначаны літарай «П» — ад 1 да 10.
— Пяць катэгорый першых аварый суправаджаюцца выкідам радыеактыўных рэчываў і іанізуючых выпраменьванняў. І адпаведна з гэтым адбываецца апавяшчэнне і расследаванне гэтых падзей. Астатнія падзеі, абазначаныя ў дакуменце, расследуюцца на ўзроўні эксплуатуючай арганізацыі (атамнай станцыі), якая абавязана на працягу 30 хвілін апавясціць Дзяржатамнагляд пра падзеі і парушэнні, якія адбываюцца на блоку АЭС вусна. А пасля прадставіць справаздачу аб расследаванні і прынятых мерах, — удакладніў Віген Марухян.
Для кантролю і прагнозаў
Кантроль за бяспечным станам АЭС Дзяржатамнагляд ажыццяўляе ў спецыяльным інфармацыйна-аналітычным цэнтры. Сюды па адмыслова выдзеленых каналах у рэжыме рэальнага часу паступаюць тэхналагічныя і радыяцыйныя параметры (унутры памяшканняў і на прамысловай пляцоўцы), якія характарызуюць стан энергаблока станцыі. Кантралююць гэтыя параметры спецыяльна створаныя пяць рабочых груп, расказала Вікторыя АНТОНАВА, начальнік упраўлення рэгулявання радыяцыйнай бяспекі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд):
— У цэнтры ёсць праграмныя сродкі, якія дазваляюць не толькі ацэньваць бягучае становішча на АЭС, але і пры нейкіх падзеях прагназаваць іх наступствы. У прыватнасці, праграмныя коды дазваляюць ацаніць, што пагражае насельніцтву пры выкідах радыеактыўных рэчываў, і ступень забруджвання тэрыторыі. Пры гэтым улічваюцца напрамак ветру, ападкі, ландшафт. З моманту завозу паліва на пляцоўку ў маі 2020-га цэнтр перайшоў на кругласутачнае дзяжурства.
Падобныя цэнтры ёсць і ў іншых ведамствах. У Мінпрыроды свой сітуацыйны цэнтр, які, пры неабходнасці, кантралюе радыеактыўнае забруджванне асяроддзя. А сітуацыйны цэнтр Міністэрства аховы здароўся адказвае за ацэнку прагназавання доз апраменьвання насельніцтва.
Дзяржатамнагляд праводзіць рэгулярныя трэніроўкі, у тым ліку і сумесна з іншымі ведамствамі, каб адпрацоўваць магчымыя сітуацыі. А яшчэ ў ведамства ёсць мабільная лабараторыя радыяцыйнага кантролю. Гэта дапаможны інструмент Дзяржатамнагляда, які выкарыстоўваецца як незалежны сродак падчас ацэнкі радыяцыйнай абстаноўкі пры інспектаванні радыяцыйных аб'ектаў.
Віген МАРУХЯН: Калі рэактар адключаецца ад энергасістэмы, ён працягвае працаваць
Перыядычныя адключэнні энергаблока падчас правядзення выпрабавання абсталявання, што выклікаюць неадназначныя рэакцыі, нельга разглядаць як спыненне яго работы, бо фактычна ён не эксплуатуецца. У сусветнай ядзернай практыцы існуе дакладная тэрміналогія адносна абазначэння асаблівасцяў працэсаў, якія адбываюцца ў рабоце АЭС падчас яе падрыхтоўкі да пуску і непасрэдна на этапе эксплуатацыі. Гэтыя адрозненні карэспандэнту «Звязды» растлумачыў Віген МАРУХЯН, начальнік упраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд).
— Чаму энергаблок выпрацоўвае электраэнергію, але нельга сказаць, што ён працуе?
— У энергасетку краіны станцыя ўвайшла на этапе энергапуску ў межах выпрабаванняў, каб паглядзець, як блок запрацуе пры вывадзе ў сетку. Ён выпрацоўвае электраэнергію цяпер, аднак у межах той працэдуры, якая вызначана ўводам блока ў эксплуатацыю, а не яго эксплуатацыяй. Гэта два розныя тэрміны. Эксплуатацыя блока ў нас яшчэ не пачалася. Толькі калі прыёмачная камісія прыме блок, ён будзе эксплуатавацца.
Падчас кожнага падняцця магутнасці энергаблока (з аднаго працэнта да 40 % падчас фізпуску, да 50 % на этапе энергапуску, да 75 %, 90 % і 100 %) праводзіцца па 200-300 выпрабаванняў. Гэта робіцца, каб зразумець, на якіх узроўнях магутнасці могуць працаваць пэўныя сістэмы і абсталяванне. У іх розныя тэхналогіі пра рабоце на магутнасці ў 50 %, 70 %, пры вывадзе ў рамонт, падчас выпрабаванняў.
— Ці існуе ў сусветнай практыцы нейкі ўсярэднены параметр адносна таго, колькі разоў можа спыняцца работа АЭС?
— Кожнае абсталяванне мае свой рэсурс па адключэннях, напрацоўцы, уключэннях і выключэннях. Усё гэта апісана ў пашпарце кожнай сістэмы і віду абсталявання. І там напісана, напрыклад, што яго работа разлічана на 30 гадоў на працягу 40 тысяч гадзін, падчас якіх прадугледжваецца, па разліках аналізу надзейнасці (а ён робіцца для ўсіх сістэм бяспекі і абсталявання), напрыклад, 54 адключэнні. Гэта ўмоўна кажучы. Насамрэч, усё гэта разлічваецца з моманту пачатку эксплуатацыі энергаблока (яго прыёмкі камісіяй), а не да таго, як праводзяцца выпрабаванні. Ва ўсім свеце разлікі прадугледжваюцца для эксплуатуемага блоку. Аднак гэтыя разлікі прадугледжваюцца не для станцыі ў цэлым, а ў пашпарце для кожнага віду абсталявання і сістэмы паасобку.
Кожнае спыненне блока ў перыяд яго ўводу ў эксплуатацыю дапускае, што рэактар можа быць разгружаны да 40 % ці 1 %. Гэта можа адбыцца, напрыклад, таму што помпа, якая выпрабоўвалася згодна з праграмай уводу блока ў эксплуатацыю, на магутнасці 50 % і 90 % працавала добра, а на 100 % з прычыны тэхнічнага характару здарылася яе адмова або адключэнне. Адпаведна, трэба панізіць магутнасць блока і спыніць яго, каб праверыць, чаму гэта здарылася, і зрабіць рамонт. Так што ўсе спыненні і пускі блока ў перыяд яго пуску, — гэта выпрабаванні. І нават калі блок адключаецца ад энергасістэмы, ён не спыняецца, а працягвае працаваць.
Увод блока № 1 Беларускай АЭС у эксплуатацыю працягваецца, адбываюцца выпрабаванні і давядзенне характарыстык абсталявання да праектных значэнняў з мэтай іх далейшай бяспечнай эксплуатацыі.
Ірына СІДАРОК
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/energetyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka