Вакцынацыю ад каранавіруса ўсіх жадаючых плануюць пачаць у красавіку. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае тэлеграм-канал [1] Міністэрства аховы здароўя.
Першапачаткова вакцынацыя ад каранавіруса праводзілася тым медработнікам, якія ў гэтым мелі патрэбу і выказалі жаданне.
«Сёння прыйшла партыя 40 тыс. доз другога кампанента вакцыны з Расійскай Федэрацыі. Павінна прыбыць яшчэ адна стотысячная партыя. Раней мы ўжо паведамлялі аб 50 тыс. кітайскіх вакцын», — адзначыў Дзмітрый Піневіч. Ён падкрэсліў, што вакцынацыя ўжо выходзіць за межы медыцынскіх калектываў. У прыватнасці, прышчэпкі атрымліваюць педагагічныя работнікі, ідзе вакцынацыя ў іншых калектывах.
«Масавая вакцынацыя ўсіх жадаючых пачнецца з красавіка. Ніякай праблемы ў гэтым няма. Пакуль запісваем, лічым жадаючых, іх шмат. Прыступім да вакцынацыі, калі атрымаем сваю вакцыну ў больш масавай вытворчасці. Але да гэтага завершым вакцынацыю, як гэта робіць і ўвесь свет, тых, хто ў ёй мае патрэбу больш за ўсіх у рамках сваёй прафесійнай дзейнасці», — расказаў міністр.
Спасылкі
[1] https://t.me/minzdravbelarus/2029