Напярэдадні Дня міліцыі з прафесійным святам беларускіх праваахоўнікаў павіншаваў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
— Ужо больш за стагоддзе беларуская міліцыя з'яўляецца надзейнай апорай дзяржавы і абаронай для народа, заўсёды знаходзячыся на перадавой барацьбы з крымінальнымі праявамі. Сёння наша краіна перажывае складаны этап развіцця, звязаны з абаронай суверэнітэту і барацьбой з наступствамі пандэміі каранавіруса. Калейдаскоп падзей 2020 года стаў экзаменам для людзей у форме, — сказана ў віншаванні.
Іван Кубракоў адзначыў, што супрацоўнікі і вайскоўцы сістэмы МУС словам і справай даказалі вернасць прысязе, народу і дзяржаве:
— У тым, што Беларусь не паўтарыла сумнага лёсу некаторых краін, немалая заслуга нашага ведамства. Мы з вамі забяспечылі парадак і стабільнасць на вуліцах, не дапусцілі грамадзянскага расколу і самавольства з боку радыкальных элементаў, — сказаў Іван Кубракоў.
Міністр унутраных спраў выказаў словы падзякі родным і блізкім міліцыянераў і вайскоўцаў:
— Цяплом сваіх сэрцаў вы ў патрэбны момант падтрымалі сваіх мужоў, сыноў, бацькоў, братоў, забяспечыўшы надзейны тыл. Для ўсіх нас вельмі важныя вашы ўдзел і ўвага, а таксама непахісная вера ў перамогу дабра над злом.
Кіраўнік ведамства адзначыў і непарушнасць сувязі ветэранаў праваахоўных органаў, і тых, хто нясе службу сёння:
— Яны плячо ў плячо з дзеючымі супрацоўнікамі міліцыі выступілі супраць спроб развалу краіны. Іх узважаная і мудрая пазіцыя ў гэтай сітуацыі вартая павагі і служыць прыкладам.
Іван Кубракоў пажадаў шчасця, здароўя, міру і дабрабыту ў сем'ях. А разам з тым і далей прафесійна і плённа працаваць на карысць Айчыне, гарантуючы бяспеку людзей і іх спакойнае жыццё.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/farpost-spakoyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/mus
[6] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kubrakou