Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч перад пасяджэннем Прэзідыума Саўміна 2 сакавіка расказаў журналістам пра леташнія вынікі работы ведамства і задачы на бягучы год.
Па словах міністра, у 2020 годзе выканалі сацыяльныя паказчыкі ў будаўніцтве па кошце квадратнага метра і ўводзе жылля з дзяржаўнай падтрымкай, а ўсе жылыя дамы будуюцца толькі ў энергаэфектыўным выкананні.
Ён адзначыў станоўчыя вынікі дзейнасці будаўнічых арганізацый — летась сярэдняя рэнтабельнасць па галіне склала 7 %, прыбытак вырас на 48 %. «Таксама нядрэнны тэмп росту заработнай платы — 113 працэнтаў у будаўнікоў. Таму мы не адстаем у цэлым па рэспубліцы», — дадаў Руслан Пархамовіч.
Асаблівы акцэнт сёлета ведамства, па словах кіраўніка, зробіць на незавершаных будаўнічых аб’ектах, рынках арэнднага, электражылля, комплекснай індывідуальнай жыллёвай забудове.
Па стане на 1 студзеня ў краіне 25 даўгабудаў сярод жылых дамоў — 1 з іх на Віцебшчыне, астатнія ў сталіцы.
«Асноўнымі прычынамі незавершанага будаўніцтва ў Мінску з’яўляецца адсутнасць інжынерна-транспартнай інфраструктуры да ўжо пабудаваных жылых дамоў. Безумоўна, ёсць шэраг аб’ектаў, якія сапраўды даўгабуды, якія сфарміраваліся па несумленным выкананні забудоўшчыкамі сваіх абавязкаў у рамках будаўніцтва з жыллёвымі аблігацыямі», — тлумачыць кіраўнік ведамства. Ён дадаў, што паводле інфармацыі Мінгарвыканкама, ужо ў першым паўгоддзі 2021-га колькасць такіх аб’ектаў скароціцца на траціну.
Кошт квадрату з дзяржпадтрымкай сёлета павінен не перавысіць 1152 рублі і, як падкрэслівае міністр, гэты паказчык будзе вытрыманы.
«У мінулым годзе суадносіны цаны квадратнага метра і заработнай платы склалі па рэспубліцы 0,84. Я думаю, не больш за адзінку, нягледзячы на праблемы з ростам кошту імпартных матэрыялаў, вытрымаем. У бягучым годзе плануецца пабудаваць мільён квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай», — сказаў Руслан Пархамовіч.
Асноўным рухавіком экспарту паслуг, як падзяліўся міністр, застаецца холдынг «Белбудцэнтр», які зараз будуе пяць сацыяльных аб’ектаў (школы і дзіцячыя садкі) у Ленінградскай і Калужскай абласцях Расіі.
«Калі ўсе планы здзейсняцца, да канца 2025 года мы плануем рэалізаваць больш за 12 такіх аб’ектаў (сацыяльных — «Зв.») на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Жыллё — асобная тэма. Па ёй працуе і шэраг буйных мінскіх забудоўшчыкаў і гомельскі ДБК. Мы пастаянна павялічваем колькасць беларускіх падрадчыкаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі», — канстатаваў міністр архітэктуры і будаўніцтва.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/ruslan-parhamovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhkg
[5] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0