У ААН заклікаюць як мага хутчэй аднавіць праграмы бясплатных абедаў для школьнікаў. Да пачатку пандэміі палова ўсіх вучняў у свеце — 388 мільёнаў дзяцей — атрымлівалі бясплатныя школьныя абеды. Гэта рэкордны паказчык, паведамляецца ў новым дакладзе Сусветнай харчовай праграмы ААН (СХП).
Да красавіка 2020 года 199 краін закрылі навучальныя ўстановы, і 370 мільёнаў дзяцей засталіся без абедаў — пры тым, што для некаторых з іх гэта была адзіная магчымасць нармальна паесці. Многія праграмы па атрыманні абедаў навучэнцамі былі згорнутыя, і ў СХП асцерагаюцца, што вяртанне да «даковідных» паказчыкаў будзе адбывацца вельмі павольнымі тэмпамі.
«Школьнае харчаванне мяняе да лепшага жыццё дзяцей, абшчын, краін, — кажа кіраўнік СХП Дэвід БІСЛІ. — Гэты адзіны за ўвесь дзень прыём ежы з'яўляецца галоўнай прычынай, па якой галадаючыя дзеці ходзяць у школу. Гэта таксама будзе вялікім стымулам для вяртання іх у навучальную ўстанову пасля таго, як ізаляцыя скончыцца».
У СХП падкрэсліваюць: у раёнах, дзе дзейнічаюць праграмы школьных абедаў для вучняў, паляпшаюцца паказчыкі здароўя дзяцей і падлеткаў, павялічваецца працягласць іх вучобы ў школах, зніжаецца колькасць дзіцячых шлюбаў і выпадкаў цяжарнасці сярод падлеткаў.
У СХП хочуць стварыць у 2021 годзе кааліцыю ў падтрымку хутчэйшага аднаўлення, а таксама далейшага пашырэння праектаў па забеспячэнні школьнікаў абедамі. Арганізацыя імкнецца супрацоўнічаць з урадамі, гуманітарнымі партнёрамі, некамерцыйнымі арганізацыямі і прыватным сектарам.
Плануецца, у прыватнасці, забяспечыць абедамі на 73 мільёны больш школьнікаў, чым да пандэміі. Такім чынам, агульная колькасць вучняў, якія атрымліваюць харчовую дапамогу, можа да канца года дасягнуць 461 мільёна.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/aan
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkola