У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы прайшоў паказ абноўленага спектакля «Паўлінка», паведаміў БЕЛТА [3] генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў.
Менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры традыцыйна штогод адкрываецца новы сезон. Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам.
«Паўлінка» — брэнд нацыянальнай культуры. У прыватнасці, гэтая класічная пастаноўка з’яўляецца адной з візітных картак Купалаўскага тэатра і ў цэлым беларускай драматургіі. У спектаклі раскрываецца народны характар і сацыяльны кантэкст, які выходзіць за межы сямейнага канфлікту. Акрамя таго, тут па-майстэрску адлюстравана літаратурная беларуская мова. Цікавы сюжэт закранае канфлікт пакаленняў, паказвае імкненне да новага ладу жыцця», - адзначыў Аляксандр Шастакоў.
Паводле яго слоў, у абноўленым спектаклі граюць не толькі акцёры Купалаўскага з ранейшай трупы, але і моладзь — студэнты БДУКМ і БДАМ, якія прыйшлі ў тэатр па выніках кастынгу. Рэжысёрам праекта стала студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Зінаіда Ведзеніна, мастацкім кіраўніком — актрыса Вольга Няфёдава.
«Новы акцёрскі склад і з’яўляецца, па сутнасці, галоўным абнаўленнем «Паўлінкі», бо артысты маюць іншае бачанне і дэманструюць новую падачу. Акрамя таго, іх адрознівае велізарнае жаданне працаваць у Купалаўскім тэатры. Калектыў адказна ставіцца да адкрыцця новага сезона. Сёння праходзіць першы паказ , аднак у нас ёсць яшчэ планы, каб гэты сезон быў насычаным і цікавым гледачам», — падкрэсліў гендырэктар тэатра.
Вольга Няфёдава, артыстка драмы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, сёння, на уручэнні [4] Прэзідэнтам дзяржаўных ўзнагарод, адзначыла:
«Для ўсіх было дзіўным, што мы ўсё-такі адкрылі 101-ы сезон 3 сакавіка пасля 7 месяцаў, калі павінна было адбыцца адкрыццё. Як учора прымаў глядач — нешта неверагоднае! Мы жартавалі, што, мабыць, так «Паўлінку» прымалі толькі ў 1944-годзе. Людзі не адпускалі, крычалі «Дзякуй». Мы ўсе былі крануты да слёз, бо была зроблена вялікая праца. Нас засталося мала, каб выпусціць спектакль. Я думаю, усё наперадзе… Для маладых рабят, гэта было баявое хрышчэнне. Яны казалі, што такога не чакалі, дзякавалі за магчымасць выходзіць на гэту сцэну.
Паказы «Паўлінкі» пройдуць 3, 5, 6 і 7 сакавіка. Спектакль ідзе на беларускай мове і разлічаны на гледачоў старэйшых за 12 гадоў.
Фота Міністэрства культуры
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/teatr
[3] https://www.belta.by/culture/view/pokaz-obnovlennogo-spektaklja-paulinka-prohodit-v-kupalovskom-teatre-431168-2021/
[4] https://zviazda.by/be/news/20210304/1614850509-prezident-uruchyu-dzyarzhaunyya-uznagarody-i-pagony-vysheyshamu-aficerskamu
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr