Меры па выкананні задання па ўводу ў эксплуатацыю жылля ў 2021 г. абмеркавалі на пасяджэнні Мінгарвыканкама, перадае [1] агенцтва «Мінск-Навіны».
Як распавяла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава, сталіцы на гэты год даведзена заданне па будаўніцтву і ўводу ў эксплуатацыю не менш за 600 тыс. м2 агульнай плошчы жылля, у тым ліку для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу, — 135 тыс. м2. Пастаўлена задача забяспечыць увод у эксплуатацыю кватэр для 1 156 шматдзетных сем’яў. Таксама ў 2021 г. неабходна ўвесці 15 тыс. м2 жылля ў горадзе-спадарожніку Смалявічах. Гаворка ідзе пра 180 кватэр. Усяго ж у гэтым годзе там будзе весціся будаўніцтва 11 жылых дамоў, намечана таксама прыступіць да ўзвядзення школы, дзіцячага сада, паліклінікі.
— Запланаваны аб’ём інвестыцый у жыллёвае будаўніцтва ў 2021 г. — 1,35 млрд рублёў, тэмп росту ў супастаўных цэнах да ўзроўню 2020 г. — 102,5%, — сказала Ірына Гонтарава.
Камітэт будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама сфармаваў план-заданне па будаўніцтву і ўводу жылля ў 2021 г., выкананне якога дасць магчымасць забяспечыць даведзеныя паказчыкі. Персанальная адказнасць за выкананне плана ўскладзена на кіраўнікоў адміністрацый раёнаў.
На пасяджэнні Мінгарвыканкама таксама разгледжаны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця сталіцы на 2021 г. Для структурных падраздзяленняў Мінскага гарвыканкама, адміністрацый раёнаў, дзяржаўных аб’яднанняў зацверджаны заданні па выкананні ўсіх даведзеных паказчыкаў, паквартальныя значэнні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці працы.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/v-mingorispolkome-utverdili-kompleks-mer-napravlennyh-na-vypolnenie-zadaniya-po-vvodu-zhilya-v-2021-g/
[2] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/mingarvykankam