У 483-м асобным батальёне аховы і абслугоўвання, які дыслакуецца ў сталіцы, ёсць добрая традыцыя. Перад 8 Сакавіка віншаваць маці байца, які сябе добра зарэкамендаваў падчас службы, адпраўляецца ён сам разам са сваім камандзірам. Так адбылося і сёлета.
— Камандаванне батальёна вырашыла павіншаваць маці сяржанта Аляксея Бабаніна, — расказаў камандзір узвода аховы роты аховы лейтэнант Эдуард Маркаў. — Ён у нас служыць год і тры месяцы. Купілі невялікі падарунак, кветкі, а таксама ўручылі падзячны ліст. Цікавінка нашага віншавання ў тым, што мы да апошняга трымаем яго ў сакрэце ад маці байца. Няхай гэта будзе для яе добрым сюрпрызам.
Намеснік камандзіра ўзвода, камандзір аддзялення роты аховы сяржант Аляксей Бабанін — віноўнік урачыстасці. Цікава, што ўсё жыццё ён пражыў у адным з дамоў, які знаходзіцца непадалёк ад часці. Не адзін дзясятак разоў хадзіў каля яе, а пасля прызыву аказаўся па той бок агароджы.
— Спачатку было крыху складана. Куды ні кінеш позірк — паўсюль знаёмыя месцы, а ты выйсці не можаш. Але пасля прывык.
І вось мы заходзім у адзін з пяціпавярховікаў. Маці хлопца, Юлія Вячаславаўна, адчыняе дзверы і... чуе падзяку на свой адрас ад імя камандавання часці.
— З нецярплівасцю чакаем, калі сын вернецца дадому, — кажа суразмоўніца. — І вельмі рады яго поспехам і дасягненням. Самае незвычайнае — гэта пісаць лісты сыну, які служыць літаральна за некалькі соцень метраў ад дому. Але што рабіць, такі лёс.
Аляксей Бабанін зусім хутка вернецца да маці. Звальненне ў запас ён чакае ў маі. Хлопец хоча вярнуцца працаваць па сваёй спецыяльнасці — пекарам. Але кажа, што думае перавучыцца на кухара...
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/8-sakavika-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vinshavanne