Тэмпература паветра ў Беларусі цяперашняй зімой была блізкая да кліматычнай нормы, паведамілі [1] ў Белгідрамеце.
«Сярэдняя тэмпература паветра за зімовы сезон 2020-2021 гадоў склала мінус 3,8, што вышэй за кліматычную норму на 0,2 градуса. За перыяд з 1881 года такія і больш нізкія тэмпературы зімой у сярэднім бываюць раз у тры гады, а ў апошні раз адзначаліся зімой 2012-2013 гадоў. Тэмпературны максімум у гэтым зімовым сезоне зафіксаваны 25 лютага ў Брэсце (плюс 15), мінімум — 19 лютага ў Брагіне (мінус 29,4)», — распавялі ў Белгідрамеце.
Снежань 2020 года быў цёплым з сярэднямесячнай тэмпературай паветра мінус 0,8, што вышэй за кліматычную норму на 2,5 градуса. У студзені гэты паказчык склаў мінус 4,1 (вышэй за норму на 0,3 градуса). Люты выдаўся халодным — у сярэднім мінус 6,5, што ніжэй за кліматычную норму на 2,2 градуса. У апошні раз так холадна ў лютым было ў 2012 годзе.
Кліматычная зіма пачынаецца, калі здараецца ўстойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз адзнаку ў нуль градусаў у бок паніжэння. На большай частцы тэрыторыі краіны гэта было 28-30 лістапада — у першай дэкадзе снежня (на 2-3 тыдні пазней за звычайныя тэрміны). Па крайнім паўднёвым захадзе кліматычная зіма наступіла 10 студзеня — больш чым на месяц пазней, чым звычайна.
За гэтую зіму ў сярэднім па краіне выпала 147 мм ападкаў, што складае 122% за кліматычную норму. Максімальную колькасць выпала ў Гомельскай вобласці (163 мм, або 145% нормы), менш за ўсё адзначалася ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях — 131 мм (116% нормы) і 132 мм (98%) адпаведна. Студзень і люты характарызаваліся лішкам ападкаў (183% і 111% нормы), у снежні назіраўся іх недабор (78%).
Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. У першай і другой дэкадах студзеня па ўсёй краіне утварыўся ўстойлівы снежны покрыў, які месцамі дасягнуў вышыні 30-58 см. Нягледзячы на інтэнсіўныя снегапады, гістарычны максімум быў перавышаны толькі на станцыі Горкі — 58 см, у той час як да гэтага абсалютны максімум складаў 53 см (зіма 2003/2004 гадоў). У канцы трэцяй дэкады лютага пачалося актыўнае разбурэнне снежнага покрыва. У апошні дзень зімы яго вышыня знаходзілася ў межах ад 0,1 см да 33 мм (у Горках), а па некаторых станцыях Віцебскай і Брэсцкай абласцей ён ужо цалкам сышоў.
У асобныя суткі зімой месцамі назіраліся туманы, мяцеліцы, галалёдна-шэраневыя з’явы, галалёдзіца на дарогах. Сярэдняя хуткасць ветру за цяперашні зімовы сезон была ў асноўным 1-4 м/с. Часам вецер узмацняўся парывамі да 15 м/с і больш. Максімальная яго хуткасць за сезон (20 м/с) зарэгістравана на станцыі Навагрудак 29 снежня.
Спасылкі
[1] https://belgidromet.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/zima
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/klimat
[5] https://zviazda.by/be/tags/belgidramet