У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі прайшла выстава лядовых і снежных фігур
Ёсць у Мінску месца, куды не ступала нага чалавека — якраз такое ўражанне ад нашага Цэнтральнага батанічнага сада. І няхай яму ўжо амаль сто гадоў (афіцыйная дата стварэння — 17 красавіка 1932 года), і кожны сталічны жыхар ведае, дзе батсад знаходзіцца, усё роўна, трапляючы туды, здаецца, што прырода там першародная. І гэта, па-мойму, выдатны прыклад таго, як чалавек можа гарманічна ўплываць на сераду свайго жыхарства, не руйнуючы, а наадварот — удасканальваючы яго.
З такімі думкамі блукала я па заснежаных сцежках батсада ў пошуках алеі з лядовымі фігурамі. На пачатку лютага там праходзіў VІ Фестываль-конкурс «Свет крышталяў». Працавалі майстры там над скульптурамі з лёду тыдзень. Наогул, іх стварэнне — праца не аднаго чалавека. Восем прафесійных і дзесяць студэнцкіх каманд скульптараў варажылі над ледзянымі грудамі. У якасці «чароўнай палачкі» выкарыстоўвалі стамескі, нажы, разцы, прамашліфавальныя машыны і «часалкі». А сам лёд у выглядзе велізарных блокаў — рачны або штучны — прывозілі на спецмашынах. Кожны — па 120 кг!
Тыдзень работы ва ўмовах мінус 15 і — вуаля! — справа і злева ўздоўж шырокай сцежкі на наведнікаў глядзяць бегемоты, сланы, ваўкі ды мядзведзі. Ёсць нават птушкалоў, а побач з ім — скульптура вольнай птушкі, якую выпусцілі ў неба чыесьці клапатлівыя рукі. Тут жа стаіць і не растае велізарны снежны прас вышынёй пад два метры. Па-свойму цікавыя футурыстычныя кампазіцыі: абыходзіш іх вакол некалькі разоў і разважаеш: што ж меў на ўвазе аўтар?
Дзіўна, як усё гэта можна зрабіць з лёду! Таго самага, што звісае ў выглядзе ледзяшоў з дахаў дамоў, а яшчэ тоіць у сабе небяспеку, калі выходзіш пакатацца на каньках на застылую рэчку...
Я даведалася, што нюансаў у працы з лёдам хапае. Спачатку яго трэба троху падтапіць, каб у працэсе апрацоўкі не трэснуў і не зламаўся (з гэтай задачай добра спраўляецца фен). Калі нешта пайшло не па плане, тут ужо толькі паспей адскочыць: можна ж і пакалечыцца. Дарэчы, кожная фігура абгароджана стужкай з папераджальным надпісам «траўманебяспечна». А як «ледасекам» атрымоўваецца ствараць такія шэдэўры з бясформеннай ледзяной груды? Аказваецца, першапачаткова малюецца эскіз на ватмане. Затым ён прыкладваецца да ільдзіны і бензапілой выразаецца па контуры. Дробныя дэталі прамалёўваюцца чорным маркерам на самой скульптуры.
Цяжка паверыць, але з такім матэрыялам як лёд падуладна многае. У руках майстра ён можа хіліцца, скручвацца, набываць любую форму — як пластылін. З лёду і снегу можна ствараць цэлыя пейзажы і палацавыя комплексы, разнастайныя лабірынты, любых казачных персанажаў і нават ідэальныя копіі жывёл і людзей.
У канцы алеі заўважыла кампазіцыю пад назвай «Санкі». Яна, дарэчы, заняла першае месца на конкурсе. Гэтую інфармацыю знайшла на сайце батсада. Падышла, разгледзела: дзе тут санкі? Хутчэй за ўсё, скульптура трохі растала, бо пасля заканчэння конкурсу пацяплела. Абрысы санак, мабыць, паплылі, ператварыўшыся ў невялікі пагорак. Хоць, высветліла, што такія масіўныя заледзянелыя кавалкі растаюць павольна і раўнамерна. Нават пры +25 скульптура «знікне» толькі праз гадзіны чатыры. А пры пакаёвай тэмпературы выстаіць у ідэальным стане 7-12 гадзін.
Цікава, што ледзянымі скульптурамі захапляюцца па ўсім свеце, хоць мода на іх пачалася ў Расіі, на пачатку 18-га стагоддзя ў часе праўлення расійскай імператрыцы Анны Іаанаўны. Аднойчы яна загадала пабудаваць ледзяны дом 17х5х6 метраў на Няве ў гонар блазнерскага вяселля князя Галіцына. Майстры выканалі загад: выставілі ледзяныя гарматы, а каля брамы размясцілі дэльфінаў. Унутры ледзянога будынка была мэбля, камін і нават лазня. Усё — з замарожанай вады.
Аліса Гюнгер
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natatki