Першы энергаблок БелАЭС 8 сакавіка ізноў падключылі да энергасеткі краіны пасля 17-дзённага перапынку і правядзення рэгламентных работ. З запланаваных 394 выпрабаванняў этапа вопытна-прамысловай эксплуатацыі выканана ўжо 259. Пры гэтым першы энергаблок заўтра, 10 сакавіка, ізноў адключаць.
Планавае адключэнне ад энергасеткі краіны патрэбна «для правядзення даследаванняў ксенонавых пераходных працэсаў у рэактарнай устаноўцы са зніжэннем яе магутнасці да мінімальна кантралюемага ўзроўню», паведамілі ў Мінэнерга. Гэты від даследаванняў неабходны для вызначэння нейтронна-фізічных характарыстык актыўнай зоны рэактара.
Тым часам у корпус рэактара другога энергаблока 7 сакавіка загрузілі першы са 163 імітатараў цеплавыдзяляльных зборак (ІЦВЗ). Імітатары з’яўляюцца дакладнай копіяй ЦВЗ і поўнасцю паўтараюць іх канструкцыю па вазе, памеры і матэрыялах, аднак не ўтрымліваюць ядзернага паліва. Іх выкарыстоўваюць замест штатных цеплавыдзяляльных зборак падчас пусканаладачных работ для праверкі рэактарнай устаноўкі на адпаведнасць праектным характарыстыкам і патрабаванням бяспекі, паведамілі ў Мінэнерга.
Загрука імітатараў — неабходная ўмова і ў пэўным сэнсе генеральная рэпетыцыя загрузкі ядзернага паліва ў рэактар, адзначылі ў інжынірынгавым дывізіёне Дзяржкарпарацыі «Расатам», якая з’яўляецца генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам БелАЭС. Гэты працэс уключае ў сябе адпрацоўку транспартна-тэхналагічнх аперацый па перамяшчэнню ІЦВЗ са спецыяльнага сховішча свежага паліва ў будынак рэактара і пацверджанне гатоўнасці перагрузачнай машыны.
— Пачатак загрузкі ІЦВЗ — пацверджанне гатоўнасці рэактара, транспартна-тэхналагічнага абсталявання і яго аснашчэння, сістэм і асноўнага абсталявання рэактарнай устаноўкі да этапу халодна-гарачай абкаткі, — падкрэсліў Віталь ПАЛЯНІН, віцэ-прэзідэнт-дырэктар праекта па стварэнні БелАЭС інжынірынгавай кампаніі «АСЭ». — Пасля загрузкі ўсіх 163 ІЦВЗ спецыялісты завершаць зборку рэактара, а пасля атрымання адпаведных дазволаў пачнуць этап гідраўлічных выпрабаванняў. Тым самым распачнецца вялізны цыкл абавязковых і строга рэгламентаваных тэхналагічна складаных працэсаў, якія праводзяцца падчас падрыхтоўкі энергаблока да фізічнага пуску.
Ірына СІДАРОК
Фота ад прэс-службы Дзяржкарпарацыі Расатам
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/energetyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/reaktar
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-energetyki