Урад Літвы падоўжыў каранцін да канца сакавіка. Рашэнне было прынята ў сувязі з пагаршэннем эпідэмічнай абстаноўкі, паведаміла delfі.lt. «Напэўна, большасць спадзявалася на прыняцце іншых рашэнняў. Шкада, што з-за пэўных акалічнасцяў мы не можам ісці далей па плане», — заўважыла прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ. Разам з тым у краіне з 25 лютага знята забарона на рух паміж кальцавымі муніцыпалітэтамі. Паслабленне закранула жыхароў Вільнюса, Каўнаса, Клайпеды, Алітуса, Паневяжыса і Шаўляя. У сакавіку ў рэспубліцы адкрыліся некаторыя культурныя прасторы, аднавіліся экзамены па ваджэнні,
у некаторых выпадках дазволены кантакты паміж дзвюма хатнімі гаспадаркамі. Аднак перамяшчэнні паміж большасцю муніцыпалітэтаў забаронены як мінімум да 15 сакавіка. Лакдаўн нанёс адчувальную шкоду не толькі эканоміцы, але і сацыяльнай сферы Літвы. Да гэтага дадаецца і палітычны крызіс — «халодная вайна» паміж галінамі ўлады. Чым небяспечны зацяжны каранцін для прыбалтыйскай рэспублікі?
Ценевікі міжволі
Каранцін у Літве дыктуе свае правілы. Каб трымацца на плаве, жыхары атрымлівалі і аказвалі паслугі «з-пад крыса» з усімі вынікаючымі наступствамі, адзначыў калумніст baltnews.lt. Жорсткі каранцін сур'ёзна ўскладніў побыт жыхароў. Афіцыйна не было магчымасці падстрыгчыся, адрамантаваць адзенне, абутак, аўтамабіль, запрасіць тэлемайстра, сантэхніка, зрабіць манікюр, лячэбны масаж, касметычныя працэдуры і гэтак далей. Аднак можна было атрымаць паслугі нелегальна, чым абывацелі і ратаваліся.
Калі адлюстраваць бартарную схему, яна выглядала прыкладна такім чынам: вам рамантуюць камп'ютар, ваша жонка стрыжэ наладчыка, а вы, як добры шавец, чыніце боты яго дачцэ, адзначыў baltnews.lt. Практычна ўвесь малы, значная частка сярэдняга бізнесу і амаль усе самазанятыя яшчэ ў снежні 2020 года сышлі ў падполле, дзе адчувалі сябе дастаткова камфортна.
Літоўцы адкрылі падпольныя салоны прыгажосці, рознага кшталту майстэрні, аўтамабільныя сэрвісы і нават антыкварныя крамы. «Ценевікі міжволі» моцна рызыкавалі, паколькі за парушэнні патрабаванняў каранціну прадугледжаны штрафы да 6000 еўра. Да незаконнай дзейнасці «падпольшчыкаў» падштурхоўваў бесперапынны рост беспрацоўя. Яно ў Літве перасягнула мяжу ў 18 працэнтаў, і няма ніякіх прыкмет тармажэння.
Прагнозы не абнадзейваюць — чакаецца і магутная хваля банкруцтваў, ад якой першымі пацерпяць фінансава маламагутныя ўладальнікі дробных прадпрыемстваў і самазанятыя — у пераважнай сваёй большасці гэта гандляры з рэчавых рынкаў.
Як адзначыў дырэктар нацыянальнай службы аўдытарскай ацэнкі маёмасці Аўдрус Лінартас, «колькасць беспрацоўных у перспектыве можа павялічыцца з-за банкруцтваў. Калі кампанія ў гэты момант трымаецца і не звальняе супрацоўнікаў, то ўзровень беспрацоўя ў такіх кампаніях пасля абвяшчэння іх неплацежаздольнымі павінен вырасці. У параўнанні з 2019-м колькасць банкруцтваў да канца мінулага года павялічылася ўдвая». На пытанне, ці можа дзяржава дапамагчы кампаніям, спецыяліст запэўніў: многія банкруцтвы зацягнуцца, і дзяржава наўрад ці можа апынуцца карыснай.
Падчас першага вясновага каранціну за прастоі і ў якасці дапамог урад выплаціў 900 мільёнаў еўра. Але абмежаванні насілі значна больш ліберальны характар і па часе апынуліся ўдвая карацейшыя ў параўнанні з асенне-зімовым жорсткім лакдаўнам. Бяда пастукалася і ў дзверы дробных фермераў. Падчас мінулагодняга сакавіцкага–майскага каранціну ім аказвалі дапамогу, а цяпер на падтрымку дзяржавы могуць прэтэндаваць толькі буйныя гаспадаркі.
Як пасля вайны
Калі адкінуць у бок незлічоныя тлумачэнні экспертаў фінансавага рынку і рынку працы, міністраў эканамічнага блока Кабміна, можна зрабіць вельмі простую і балючую выснову — грошай у дзяржказне няма, на дапамогу Бруселя разлічваць не выпадае, заўважае baltnews.lt. Людзі спадзяюцца толькі на сябе. Калумніст baltnews.lt згадвае цікавую гісторыю выжывання падчас лакдаўну ў Літве. Аўтамеханік і яго жонка, якая дваццаць гадоў адпрацавала жаночым майстрам-цырульнікам, пайшлі менавіта па шляху самавыратавання. Не перапрацоўваючы і асабліва не напружваючыся, штодня аказвалі паслугі знаёмым і знаёмым знаёмых. Ад кліентаў адбою не было.
«Ва ўласным гаражы сур'ёзны рамонт аўтамабіля зрабіць немагчыма. Але выправіць пагнутае крыло, устанавіць на месца бампер, замяніць маторнае масла цалкам па сілах. На такіх дробязях, вядома, не разбагацееш, але з голаду дакладна не памрэш. У любым выпадку больш выгадна, чым качацца на канапе і чакаць ля мора надвор'я», — падзяліўся сваёй стратэгіяй механік.
Пакуль ён важдаўся ў гаражы, жонка ў пераабсталяваным пад патрэбы кліентак пакоі на прафесійным абсталяванні стварала стрыжкі, рабіла завіўкі, афарбоўвала і ўкладвала валасы. «У апошнюю перад каранцінам ноч перавезлі з салона прыгажосці ўсё неабходнае для работы. Графік прыёму кліентак не парушылі. Дома нават зручней працаваць: не даводзіцца марнаваць час на паездкі, маці заўсёды чай-каву прыгатуе для чарговай візіцёркі», — расказала цырульнік.
Яе муж смяецца: ніколі раней у доме не было столькі цукерак і бутэлек з элітным алкаголем, якія кліенты і кліенткі пакідалі ў якасці прыемных падзячных бонусаў. Яны рабілі аналагічна, калі ў выпадку патрэбы даводзілася звяртацца да такіх жа ўмелых знаёмых.
«Каранавірус і каранцін прымусілі вярнуцца ў часы позняга Брэжнева: ты мне — я табе», — заўважыў гаспадар. Яго жонка дадала: бабуля кажа, так у Вільнюсе жылі адразу пасля вайны.
Вядома, дзяржава такім чынам страчвала падаткі, з якіх фарміруецца зарплата работнікам грамадскага сектара. Але і «падпольшчыкаў» можна зразумець. Яны фактычна кінутыя на волю лёсу. Даводзіцца спадзявацца толькі на сябе.
Знайсці прыстойную работу ў Літве і ў звычайнай сітуацыі складана, а падчас каранціну і ўвогуле немагчыма. Найбуйнейшым работадаўцам у краіне з'яўляецца сетка рознічнага гандлю Maxіma. Па стане на сярэдзіну студзеня ў кампаніі было працаўладкавана каля 13,5 тысячы чалавек.
На другім месцы аналагічная сетка Іkі. Тут 5544 наёмныя работнікі. Сярод буйных работадаўцаў — аўтатранспартныя прадпрыемствы і мэблевыя фірмы. Але ў самай буйной з іх людзей менш, чым у сетцы крамаў Іkі. Гэтыя прыклады сведчаць аб тым, наколькі вузкі літоўскі рынак працы, і тлумачаць мільённую эміграцыю. Сур'ёзны еўрапейскі бізнес глядзіць на Літву як на «дзяржаву дробных крамнікаў», адзначае baltnews.lt. Яны ствараюць палову ВУП і фактычна з'яўляюцца асновай дабрабыту краіны.
Калі б літоўская дзяржава рэальна клапацілася аб дробным і сярэднім бізнесе, беспрацоўе і банкруцтва не насілі б апакаліптычнага характару. Малаверагодна, каб людзі, якія перажылі серыйныя падманы, зноў выдалі ўраду крэдыт даверу.
Уцёкі аўтаперавозчыкаў
Яшчэ адзін яскравы прыклад — сітуацыя з аўтаперавозчыкамі. Пагроза ўцёкаў літоўскіх аўтаперавозчыкаў з краіны была агучана яшчэ пазалетась, заўважыла rubaltіc.ru. Восенню 2019 года ўрад Саўлюса Скверняліса вырашыў павысіць каэфіцыент заробку кіроўцаў-дальнабойшчыкаў да 1,65 ад мінімальнай літоўскай зарплаты. Аднак тут жа выявілася, што гэтае рашэнне разбурае літоўскі рынак аўтаперавозак. Як аказалася, уладальнікам лагістычных фірмаў няма на што павышаць кіроўцам зарплаты так, каб не несці пры гэтым страт. Іх бізнес апынуўся перад пагрозай спусташэння. Перад літоўскімі аўтаперавозчыкамі паўстала класічная «дылема літоўца»: або патрыятызм і банкруцтва, або дабрабыт за кошт эміграцыі з Літвы. «Польшча — аптымальны варыянт», — расказаў на слуханнях у Сейме аб праблемах літоўскай лагістыкі і спосабе іх пераадолення кіраўнік адной з транспартных кампаній.
Сітуацыя на рынку аўтаперавозак была прызнана пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы, эканоміка апынулася перад перспектывай страты дзясяткаў тысяч рабочых месцаў. Было прызнана таксама, што праблема не ў патрабаваннях ўрада па заробках, а ў дзяржаўнай палітыцы ў цэлым. З-за бяздарнага адміністравання, чыноўніцкай цяганіны і непамерных фіскальных патрабаванняў літоўскім перавозчыкам прасцей весці бізнес у Польшчы.
Праблему абяцалі вырашаць на самым высокім палітычным узроўні. І вось, здаецца, «вырашылі». Літоўская нацыянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозчыкаў Lіnava паведаміла, што за мінулы год Літва страціла 115 транспартных кампаній, якія пераехалі ў іншыя краіны ЕС, з-за чаго літоўскі бюджэт недалічыцца 45 мільёнаў еўра. «Усё больш транспартных кампаній імкнецца працягнуць сваю дзейнасць за мяжой, шукаючы спосабы выжыць з мінімальнымі выдаткамі. Наш бізнес канкурыруе з перавозчыкамі з Польшчы, Балгарыі і Румыніі, дзе ўмовы для росту нашмат больш спрыяльныя», — акрэсліў сітуацыю прэзідэнт Lіnava Ромас Астынскас.
Малыя лагістычныя кампаніі Літвы знаходзяцца перад пагрозай банкруцтва. «Гэта звязана з трыма фактарамі: мерамі, прадугледжанымі ў пакеце мабільнасці, пандэміяй COVІD-19, якая пачалася летась, і ўвядзеннем новых падатковых мер, якія павялічылі нагрузку на перавозчыкаў і пагоршылі ўмовы канкурэнцыі», — растлумачыў прычыны крызісу галіны генеральны сакратар Lіnava Зянонас Буйвідас.
На пандэмію ў Літве зараз будуць валіць усё, у тым ліку калапс аўтатранспартнай галіны. Аднак крызіс у ёй пачаўся яшчэ да ковіду. Нарэшце, не каранавірус зрабіў так, што ўмовы вядзення бізнесу ў Літве горшыя, чым у Польшчы, Балгарыі і Румыніі. Не пандэмія падштурхнула літоўскую лагістыку да крызісу. Гэта ўсё — вынік сістэмы дзяржаўнага кіравання Літвы. Як заўважыў rubaltіc.ru, палітычны клас Літвы на чарговым прыкладзе паказаў сваю фатальную недзеяздольнасць у сітуацыі, калі трэба рэальна кіраваць краінай. З якімі б выклікамі ні сутыкаўся літоўскі істэблішмент, высвятляецца, што ён не ў сілах гэтыя выклікі пераадолець.
«Халодная» вайна
Літва ў 2020 годзе недаатрымала амаль мільярд еўра ў выглядзе падатковых адлічэнняў з-за рознага роду абмежаванняў і каранціну. Калі да сярэдзіны лета ўрад не здолее пераламаць сітуацыю з эпідэміяй на сваю карысць, эканоміка не вытрымае напружання, адзначыла baltnews.lt. І будзе аднаўляцца некалькі гадоў запар.
Эксперты лічаць, што сёлета ў літоўскай эканоміцы можа паўстаць больш праблем, чым чакалася. Працяглы каранцін у Літве павялічвае рызыкі росту ценявой эканомікі, магчымых хваляў эміграцыі і павелічэнне бюджэтнага дэфіцыту, лічыць галоўны эканаміст банка Lumіnor Жыгімонт Маўрыцас. «Мы ўсе сядзім у адной лодцы, і тут не можа быць простых рашэнняў, таму што і эканоміка, і сістэма аховы здароўя цесна звязаныя. Эканамічная вясна адкладаецца», — заўважыў Маўрыцас kurіer.lt.
Прагноз Еўрапейскай камісіі не абнадзейваў. Яна прагназавала, што эканамічны спад у Літве ў 2020 годзе дасягне 7,9 працэнта і будзе вышэйшы, чым у сярэднім па Еўрапейскім cаюзе, адзначыў эканаміст. «Уздзеянне каранціну на эканоміку можна параўнаць з эфектам снежнага камяка — калі працягласць каранціну кароткая, эканоміка хутка вяртаецца ў нармальнае рэчышча пасля паслаблення, таму што клубок назапашаных праблем невялікі, але, чым даўжэйшыя каранцінныя абмежаванні, тым больш складана вярнуцца ў патрэбнае рэчышча развіцця», — падкрэсліў Маўрыцас. Раней эканаміст заявіў, што Літва ў адрозненне ад Заходняй Еўропы не можа дазволіць сабе больш працяглы каранцін, паколькі гэта можа прывесці да негатыўных наступстваў.
З абмежавальнымі мерамі нязгодныя мясцовыя ўлады. Як паведаміў delfі.lt, мэр Друскінінкая Рычардас Малінаўскас крытычна ацаніў каранцін: «Калі такімі тэмпамі па-ранейшаму будзем трымаць Літву закрытай і будзем дазваляць толькі выязны турызм, а мясцовы будзе паралізаваны, наступствы будуць катастрафічныя».
Крызіс ускладняе палітычнае супрацьстаянне. Літоўскія кансерватары актыўна атакуюць прэзідэнта.Алергія на кіраўніка дзяржавы ў грамадстве пашыраецца, у палітычных кулуарах ужо гавораць пра імпічмент, адзначыў baltnews.lt. У Літве напружанне паміж прэзідэнтурай і кіруючай кааліцыяй дасягнула нябачанага дагэтуль максімуму. Можна казаць аб «халоднай» вайне, якую прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманітэ са сваім асяроддзем развязала супраць Гітанаса Наўседы і яго каманды. Канфлікт выйшаў за межы высокіх кабінетаў, аб чым сведчаць палітычныя аглядальнікі, піша несістэмная прэса.
Прадстаўляць афіцыйны Вільнюс на самітах Еўрасаюза павінен не прэзідэнт Літвы, а прэм'ер-міністр. З такой ініцыятывай выступіла кіруючая ў краіне партыя кансерватараў. Наўседзе варта рыхтавацца да таго, што сваю кадэнцыю ён прапрацуе ва ўмовах «халоднай» вайны, заўважыў rubaltіc.ru. Калі, вядома, ён добраахвотна не пагодзіцца стаць «акцёрам другога плана».
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/susedzi
[4] https://zviazda.by/be/tags/litva