Галоўнае, каб кошт «квадрата» быў не большы за памер сярэдняй зарплаты. Такую думку выказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі — начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка, падводзячы вынікі мінулага года і гаворачы пра планы на 2021 год.
І сёлета план будзе перавыкананы
Аляксандр Аўраменка адзначыў, што летась быў запланаваны ўвод чатырох мільёнаў квадратных метраў жылля, але было рэалізавана 4,156 мільёна «квадратаў». Акрамя таго, планавалася ўвесці 984 тысячы квадратных метраў з дзяржпадтрымкай, пабудавана ж 1,306 мільёна «квадратаў». Спікер падкрэсліў, што кожны «лішні» квадратны метр — дадатковы дабрабыт для грамадзян. Ён распавёў, што на 2021 год запланаваны ўвод чатырох мільёнаў «квадратаў» жылля, з якіх 1 мільён — з дзяржаўнай падтрымкай.
«Усе нашы арганізацыі падрыхтаваныя да будаўніцтва, так што спадзяёмся, што і сёлета мы таксама перавыканаем гэты план», — адзначыў начальнік упраўлення.
Кошт 1 квадратнага метра жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай у 2020 годзе, склаў 1053 рублі. «У нас была задача, каб гэты паказчык быў не вышэйшы, чым сярэдняя заработная плата. У планах на гэты год — 1152 рублі за 1 квадратны метр», — падзяліўся Аляксандр Аўраменка.
Як паведамлялася, у 2021 годзе на жыллёвае будаўніцтва ў краіне будзе накіравана 5 млрд 166,1 млн рублёў. На будаўніцтва інжынернай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы плануецца вылучыць 725,66 млн рублёў.
У Мінску пабудуюць больш за 50 дамоў
У сталіцы ў 2021 годзе будуць уведзены ў эксплуатацыю 53 жылыя дамы агульнай плошчай 600 тысяч квадратных метраў. Гэта, вядома, менш, чым у мінулым годзе, але цалкам дастаткова, каб забяспечыць жыллём шматдзетных і іншых грамадзян, якія маюць на гэта вострую патрэбу.
Як паведаміў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Дзяніс Нікіцін, у 2020 годзе ў Мінску ўведзены ў эксплуатацыю 62 аб'екты жыллёвага будаўніцтва агульнай плошчай каля 700 тысяч квадратных метраў, а гэта каля 11 тысяч кватэр. З іх з дзяржаўнай падтрымкай пабудавана 130 тысяч «квадратаў». Найбольшая колькасць новабудоўляў уведзена ў Кастрычніцкім раёне. «Узвядзенне жылля ў Мінску ажыццяўляецца як у індывідуальным выкананні, так і ў буйнапанэльным домабудаванні (БПД). Так, летась у канструкцыях БПД пабудавана каля 200 тысяч квадратных метраў, а ў індывідуальным — каля 500 тысяч квадратных метраў», — паведаміў Дзяніс Нікіцін.
Адным з прыярытэтаў у жыллёвым будаўніцтве, па словах намесніка старшыні камітэта, з'яўляецца забеспячэнне жыллём шматдзетных сем'яў. У мінулым годзе на паляпшэнне жыллёвых умоў было накіравана больш за чатыры тысячы шматдзетных сем'яў, а навасёламі стала 1,6 тысячы такіх сем'яў. Сярэдняя цана 1 квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай па выніках мінулага года ў сталіцы — каля 1 200 рублёў.
«Што датычыцца планаў на 2021 год, то сёння ў Мінску ў стадыі будаўніцтва знаходзяцца 147 шматкватэрных жылых дамоў агульнай плошчай каля 1,7 млн квадратных метраў. З іх 42 аб'екты плошчай 500 тысяч квадратных метраў будуюцца камунальнымі прадпрыемствамі сталіцы, а 105 аб'ектаў плошчай 1,2 млн «квадратаў» — камерцыйнымі забудоўшчыкамі. Найбольш маштабнае будаўніцтва ў гэтым годзе ажыццяўляецца ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Цэнтральным раёнах. Сёлета ў Мінску запланаваны ўвод у эксплуатацыю некалькі жылых дамоў з дзяржаўнай падтрымкай — усяго 124 тысячы квадратных метраў», — адзначыў Дзяніс Нікіцін.
Каля чатырох мільёнаў рублёў — на інфраструктуру ў Смалявічах
Аляксандр Аўраменка праінфармаваў, што ў гарадах-спадарожніках краіны будзе пабудавана 84 тысячы квадратных метраў жылля, у тым ліку ў Жабінцы Брэсцкай вобласці — 8 тысяч; Скідзелі Гродзенскай вобласці — 3,9 тысячы; у Мінскай вобласці: у Дзяржынску — 3,5 тысячы, Заслаўі — 1 тысяча, Лагойску — 5 тысяч, Смалявічах — 50 тысяч, Фаніпалі — 9,3 тысячы, Рудзенску — 3,3 тысячы квадратных метраў. На будаўніцтва будзе выдзелена 33,96 млн рублёў крэдытных рэсурсаў банкаў.
«У бягучым годзе Мінск ужо пералічыў у рэспубліканскі бюджэт на будаўніцтва сацыяльнай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры чатыры мільёны рублёў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў у горадзе-спадарожніку Смалявічы», — адзначыў Дзяніс Нікіцін.
Паводле яго слоў, у Мінску штогод скарачаюцца аб'ёмы будаўніцтва жылля і горад пераарыентуецца на будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках. Ужо пачата асваенне другога жылога квартала ў Смалявічах. На дадзенай тэрыторыі будзе весціся будаўніцтва 19 жылых дамоў. Акрамя дамоў, там з'явяцца два дзіцячыя садкі, адна школа, будынак службы ЖКГ і інжынерна-транспартная інфраструктура. Прадстаўнік Мінгарвыканкама заўважыў, што ў 2021 годзе тут запланавана ўвесці ў эксплуатацыю тры жылыя дамы на 258 кватэр. Ужо цяпер ад чаргавікоў сталіцы пададзена 1,5 тысячы заяў.
Паводле яго слоў, летась у Смалявічах быў здадзены ў эксплуатацыю адзін шматкватэрны дом на 192 кватэры, пры гэтым тады было пададзена 759 заяў ад мінчан, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ён нагадаў, што такія жыхары сталіцы будавацца ў гарадах-спадарожніках могуць незалежна ад даты пастаноўкі на ўлік. «Гэта сведчыць аб тым, што людзі зацікаўлены ў будаўніцтве дадзенага жылля і ўмовы ўзвядзення такіх дамоў з'яўляюцца для іх прывабнымі», — адзначыў намеснік старшыні камітэта.
Аляксандр Аўраменка падкрэсліў, што з Мінска ў гарады-спадарожнікі пераязджаюць тыя жыхары горада, хто стаміўся жыць у загазаваным месцы і аддае перавагу на «жывой прыродзе і вялікай прасторы».
Першы электрадом «запрацуе» ў сталіцы ўжо вясной
Стартавы для Мінска электрадом размешчаны ў Маскоўскім раёне, у яго складзе 150 кватэр, і ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў другім квартале гэтага года.
— Для мэт ацяплення, прыгатавання ежы, гарачага водазабеспячэння ў гэтым доме будзе выкарыстоўвацца электраэнергія, — рассказаў Дзяніс Нікіцін. — Каля электрадома будзе пабудавана і асобна ўведзена ў эксплуатацыю электракацельня.
Электрадом будзе не адзіны. Пад Мінскам, у Мачулішчах, вось-вось здадуць яшчэ адзін дом на электрычнасці. У Мінскай вобласці з улікам уводу ў эксплуатацыю БелАЭС горадабудаўнікі праектуюць электрадамы ў новых мікрараёнах.
— З пункту гледжання будаўнікоў, менавіта электрадамы выгадныя і для жыхароў, і для эканомікі краіны, — падкрэсліў Аляксандр Аўраменка. — У межах эксплуатацыі жылля электрадом выключае працёкі і аварыі на сетках, якія сілкуюць дом цяплом. Скароцяцца доўгія шляхі перадачы энергіі, напрыклад, ад ЦЭЦ да жылога дома. Для гэтага прапрацоўваюцца розныя варыянты: кацельня каля дома, якая працуе на электрычнасці, бойлеры ў кватэрах або ў падвале дома, якія будуць награваць ваду ў тым ліку для патрэб ацяплення. Можа быць і «сухое» ацяпленне, якое будзе ісці ад канвектара. Варыянтаў шмат.
Праўда, колькі менавіта будуць плаціць жыхары за электраэнергію, якая ў «жыроўцы» пацягне львіную долю выдаткаў, пакуль пралічваецца. Ды і аб варыянце «цёплая падлога» гутарка пакуль не ідзе.
Дзяніс Нікіцін адзначыў, што ў Мінску актыўна развіваецца будаўніцтва арэнднага жылля. У цяперашні час у стадыі будаўніцтва знаходзяцца два арэндныя дамы. Увод у эксплуатацыю аднаго з іх на 244 кватэры запланавалі на сакавік. «У мінулым годзе мы прыступілі да будаўніцтва яшчэ аднаго арэнднага дома на 130 кватэр, увесці яго ў эксплуатацыю плануем налета. Сёлета прыступілі да праектавання арэнднага жылога дома, ён будзе размешчаны ў Маскоўскім раёне. Цяпер распрацоўваецца праект, якім будзе вызначана колькасць кватэр і тэрміны яго ўводу», — распавёў Дзяніс Нікіцін.
Спецыялісты ўпэўненыя — за электрадамамі, як і за электрамабілямі, — будучыня
Шматкватэрныя электрадамы пачалі будаваць з улікам уводу БелАЭС. Першы шматкватэрны электрадом у краіне быў здадзены ў 2019 годзе. Яго ўзвялі ў Баранавічах. Зараз на Брэстчыне ўжо дабудоўваецца пяты такі дом.
У краіне зацверджаны план па комплексным развіцці электраэнергетычнай сферы, згодна з якім да 2025 года таксама прадугледжана ўзвядзенне жылых электрапабудоў.
Галоўнае адрозненне электрадамоў ад іншых тыпавых «панэлек» у тым, што там няма звыклага цэнтральнага цеплазабеспячэння. Ацяпленне пакватэрнае, у кожнай ёсць ацяпляльны кацёл і бойлер. У ванных пакоях — электрарушнік-сушыльнік, пад вокнамі — радыятары, якія награваюцца электрычнасцю.
Самая галоўная перавага для ўладальнікаў кватэр у такіх дамах у тым, што ў жыхара ёсць магчымасць уключыць гарачую ваду або ацяпленне ў любую пару года. Ніякай сезоннасці ўключэння і адключэння гарачай вады там няма.
Як раней адзначалі ў Мінбудархітэктуры, на 2021-ы запланавана ўвесці ў эксплуатацыю больш за 200 тысяч квадратных метраў такога жылля. Аб'ёмы будаўніцтва будуць нарошчваць. Да 2025 года ўключна ў планах узвесці больш за чатыры мільёны квадратных метраў электрадамоў.
З Мінска ў любы іншы рэгіён
Таксама прадстаўнік Мінбудархітэктуры расказаў аб запланаваных новаўвядзеннях у жыллёвым будаўніцтве. Не сакрэт, што грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, напрыклад, у буйных населеных пунктах ці ў абласных цэнтрах, могуць знаходзіцца на ўліку даволі працяглы час. Напрыклад, у Мінску людзі «стаяць у чарзе» дзесяцігоддзямі.
Для таго каб было магчыма рэалізаваць сваё права на жыллё, рыхтуюцца адпаведныя праекты нарматыўна-прававых актаў, цяпер яны праходзяць узгадненне. «Калі хтосьці стаіць пэўную колькасць гадоў на ўліку маючых патрэбу, напрыклад, у Мінску, і бачыць, што можна пабудаваць жыллё ў іншай вобласці, то можна падаць сваю заяўку менавіта ў гэты рэгіён, і там будзе будавацца жыллё з улікам колькасці такіх заявак. Гэта значыць, вобласць вызначыць у доме нейкі працэнт кватэр для такіх людзей», — растлумачыў Аляксандр Аўраменка.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0