Сёлета сакавік у нашай краіне па кліматычных паняццях хутчэй адносіцца да зімовага месяца. За выхадныя ў многіх рэгіёнах утварылася снежнае покрыва. Па апошніх даных, таўшчыня снегу знаходзіцца ў межах ад 1 да 9 сантыметраў, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сёння ўдзень на большай частцы краіны абыдзецца без ападкаў, толькі па поўначы пад уплывам маларухомага франтальнага падзелу пройдзе кароткачасовы снег. Максімальная тэмпература паветра будзе ад мінус 4 градусаў па поўначы да 4 цяпла па паўднёвым захадзе Беларусі.
Дастаткова холадна будзе і ў чацвер. У гэты дзень надвор'е працягне вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халодным паветры. Будзе воблачна з праясненнямі і пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, удзень па захадзе краіны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 4—11 марозу, пры праясненнях — да мінус 12—17 градусаў. Удзень чакаецца ад 5 марозу па паўночным усходзе да 5 градусаў цяпла па паўднёвым захадзе краіны.
А вось у пятніцу, 12 сакавіка, надвор'е зменіцца. Атмасферны ціск пачне падаць, і з Заходняй Еўропы ў бок нашай краіны пачнуць рухацца цёплыя франтальныя раздзелы. Маразы прыкметна аслабнуць, а ўдзень у многіх раёнах установіцца адліга. Павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. Паўсюдна пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, удзень з дажджом. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёвы, паўднёва-заходні парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе яшчэ 1—8 марозу, па ўсходзе пры праясненнях — мінус 9—12 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах — ад нуля да 1 цяпла. Удзень будзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў, па паўднёвым захадзе — да плюс 7 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у другія выхадныя сакавіка пад уплывам цёплых вільготных акіянічных паветраных мас чакаецца адліжнае надвор'е. Вясна паволі пачне забіраць уладу над надвор'ем у свае рукі, з ападкаў будуць ісці выключна дажджы.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore