Верасень у той год быў, як... верасень: нас, студэнтаў, зноў накіравалі ў калгас на ўборку бульбы.
Да месца, у Сенненскі раён, гэта я добра помню, мы дабраліся ў суботу, працаваць — павінны былі з панядзелка, жыць і сталавацца ў вяскоўцаў, а ім, як выглядала, толкам ніхто не растлумачыў, што гэта не дарма, што на студэнтаў будзе выдзяляцца мяса, налічвацца плата за пражыванне, гародніну...
Не дзіва, што нашу групу сустрэлі халаднавата, а нас з сяброўкай дык і зусім ледзь не пагналі з двара. Непахісная была бабуля, але ж я, вясковая, бачыла такіх. І таму схапіла пустыя вёдры, з далекаватай студні нанасіла ў бочку вады, наліла карове, качкам, курам, падмяла двор...
І назаўтра з самага ранку ўжо была на нагах: прагнала ў статак карову, насекла бацвіння, патаўкла свінням бульбу...
Неспадзеўка атрымалася ў нас і з работай, бо ехалі мы «на бульбу», а прыехалі «на лён». Падымаць яго, ставіць у бабкі, вязаць у снапы ўмела толькі адна з нашых студэнтак, астатнія проста знямелі ад аб'ёмаў работ і... хараства палёў, усцеленых бясконцымі стужкамі лёну!
Праўда, любавацца імі нам не выпадала, пакуль стаяла пагода, трэба было працаваць. І мы стараліся: гнулі спіны, калолі рукі, грузілі снапы на машыны... З работы ледзьве паўзлі, але і потым, вярнуўшыся дахаты, я капала, перабірала бульбу, сушыла атаву, насіла ваду, старалася ва ўсім дапамагаць гаспадарам — то дзеду, то бабулі. У яе, адпаведна, стаў з'яўляцца час на тое, каб нешта смачнейшае прыгатаваць, каб нагрэць нам чыгун вады...
Карацей, з бабуляй канфліктаў болей ніякіх, а вось з сяброўкай — наадварот. Міла была расіянка, гараджанка і змалку, відаць, мела звычку з пасцелі (а спалі мы на адной канапе ў зале) дапазна глядзець тэлевізар (ёй было ўсё роўна, што...), потым — устаць, каб выключыць яго (пультаў яшчэ не прыдумалі), зноў улегчыся, канчаткова пабудзіць мяне, каб расказаць аб тым, што нядаўна бачыла...
Але ж і гэта яшчэ не ўсё: перад тым як заснуць, яна зноў падымалася з канапы — ішла ў сенцы, каб папіць вады...
Я спрабавала Міле нешта казаць, злавацца на яе, нават сварыцца, але сяброўка і вухам не вяла, пакуль...
У тую ноч пачыналася ўсё, як заўжды. Адзінае, на што я крыху спадзявалася, што, можа, хоць сёння Міла не будзе ляпаць дзвярыма — неяк засне без вады?!. Але ж не...
Чую, што ўстае, што сыходзіць, вяртаецца назад... Праўда, неяк хутка? І клямка, здаецца, не ляпала? Дзверы не адчыняліся?
Думаю, чаму гэта, і міжволі пачынаю душыцца ад смеху.
— Ты чаго? — пытаецца Міла.
— Проста так, — кажу, баючыся пакрыўдзіць. Аднак сяброўку разбірае цікавасць, і я ўрэшце здаюся.
— Ты, — пытаю, — піла ваду?
— А як жа!
— З вядра ў сенцах?
— Не. Яна сёння на стале стаяла.
— У жоўтым кубку?
— Так.
— Дык у ім жа наш дзядуля свае зубы ноччу трымае.
Пасля гэтых слоў маю Мілу быццам бурай з канапы знесла: заціснуўшы далонню рот, яна куляй паляцела на двор...
Назад прыйшла не хутка.
І раніцай снедаць з намі не села: дзядулю ўбачыла і зноў сіганула з хаты... Мне прыйшлося сказаць гаспадарам, што сяброўцы зуб забалеў.
А вось ёй самой я не гаварыла болей нічога — патрэбы не было: Міла больш не будзіла мяне, каб абмеркаваць кіно ці нейкую перадачу, не ўставала і піць ваду...
Не было б шчасця, як той казаў, ды няшчасце памагло.
Ларыса Купрыянчук, Рагачоўскі раён.
Пасля вайны ў нашай мясцовасці жыў ветэрынар і было ў яго два сыны — крыху старэйшыя за мяне, але ж мы разам гулялі ў розныя гульні, што-небудзь прыдумлялі, а найболей — шукалі патроны і зброю. Іх тады шмат заставалася.
Дык вось неяк раз, гуляючы па лесе, мы знайшлі баявую стрэльбу — цэлую, непаржавелую, з доўгай руляй... Старэйшыя хлопцы сказалі, што яе можна адпілаваць — зрабіць абрэз, але ж для гэтага патрэбна спецыяльная пілка, па метале, ёй звычайна карыстаюцца кавалі...
Мы маглі доўга думаць, дзе тую пілку ўзяць, ды на шчасце падвярнуўся выпадак: наш ветэрынар трапіў на хутар да гаспадароў Кавальскіх, палячыў карову, і тыя Кавальскія, ведаючы, што доктар яшчэ і садавод, аддзячылі яму добрай нажоўкай.
Прыехаўшы дамоў, ветэрынар адразу ж праверыў яе ў справе. Пілка і сапраўды была лёгкая, вострая, рэзала мякка... Ёй трэ было пахваліцца — дома, за вячэрай...
Пры словах «пілка» і «Кавальскія» сыны яго весела пераглянуліся: маўляў, гэта ж якраз тое, што трэба!.. А значыць, назаўтра, счакаўшы, пакуль бацька з'едзе на работу, яны зайшлі ў паветку, знялі з цвічка нажоўку і, гукнуўшы па дарозе нас з сябруком, пакіравалі ў лес.
Там мы дасталі з тайніка нашу стрэльбу, паклалі яе на вялікі сасновы пень і нажоўкай, па чарзе, сталі настойліва шмараваць па метале. Лбы і спіны ў нас макрэлі ад поту, рукі балелі, а на жалезе з'явіліся хіба маленькія драпінкі...
Такім чынам, як ні стараліся, абрэз са стрэльбы мы не зрабілі, нажоўку (дакладней тое, што ад яе засталося) браты занеслі назад у паветку і павесілі на цвічок...
Што далей было, здагадацца не цяжка: пахадзілі па нас бацькоўскія дзягі, ды так, што «кавальскую пілку» помнім і сёння.
Ігар Пракаповіч, г. Паставы.
Гэтыя два хлопцы (назавём іх Міхась і Антось) разам служылі ў войску і не проста пасябравалі — можна сказаць, пабраталіся: пасля службы завядзёнку завялі не толькі перапісвацца ды сазвоньвацца, а штогод бачыцца, праведваць адзін аднаго.
Той раз госця прымаў Міхась, прычым сам (жонка ў вёску з'ехала), што сябрам на руку: ніхто нічога не кажа, не замінае, ні перад кім не сорамна...
Адвялі душу, «пагудзелі», пакуль неяк раніцай не ўбачылі, што ўсё не толькі выпіта, але і з'едзена.
— Добра б палячыцца, — уздыхнуў Міхась.
— Ёсць чым? — насцярожыўся Антось.
Сябра абмацаў кішэні, але дастаў хіба жменьку медзякоў:
— Рублі два набярэцца...
— І што за іx купіш? Піва?.. Ідзі, мо пазыч у суседзяў?
— Яны не дадуць... Xібa да швагеркі збегаць. Там спірт ёсць.
— Ты ж не ляпні, што на кампрэс бярэш, бо не дасць, — павучыў сябрука Антось.
— Не бойся. Я ведаю, што сказаць! — пахваліўся гаспадар і падаўся «ў госці».
Па дарозе, непадалёк ад дому, зазірнуў у краму — за тыя два рублі кyпіў дзясятак яец.
— Я на хвілінку, — з парога заявіў швагерцы. — Цешча во з вёскі гасцінца перадала, дык я прынёс.
— Дзякуй, Міхаська! — узрадавалася сваячка, прымаючы латок. — Праходзь, я табе зараз чарачку налью, яешню спяку.
— Не, бронь божа! Я зранку не п'ю, ды і часу не маю. А вось з сабою — вазьму, калі дасі...
— Ну чаму ж не даць? — замітусілася сваячка, і...
Хвілін праз колькі задаволены Міхась ужо адчыняў сваю кватэру.
— Будзем лячыцца! — весела заявіў дружбаку, ставячы на стол бутэльку.
— А на закусь нічога няма? — загарэлася вока ў Антося.
— Толькі фокус! — усміхнуўся Міхась і з кішэняў пінжака дастаў па яечку...
...У той самы час, але ў іншай кватэры яго швагерка захацела спарадкаваць матулін гасцінец, адкрыла ўпакоўку і нічога не зразумела: яец толькі восем, што яшчэ не бяды: колькі ў мамы было, столькі палажыла... Іншая рэч, што яйкі ўсе як адно: белыя і дробныя... А галоўнае на кожным — па сінім штампіку...
Фокус дый толькі!
Віталь Жураўскі, г. Жодзіна.
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou