Самы любімы паэт сучасных беларускіх жанчын сустракаецца са сваімі чытачамі ў Маладзечне ў Малой зале Палаца культуры. Прэзентацыя кнігі «Скарб» Леаніда ДРАНЬКО-МАЙСЮКА адбудзецца 17 сакавіка ў 18:00.
«У Вашым голасе квітнеюць астры,/ Якіх не бачыў я раней./ Мне зразумела ўсё і ўсё няясна…/ У Вашым голасе квітнеюць астры,/ І кожнай кветцы Бог сказаў: „Квітней…“/ Мне зразумела ўсё і ўсё няясна:/ Ці варты музыкі такой?!/ Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,/ Калі гучаць арфічна Вашы астры/ Па-над пустой канцэртнай асакой?..», — задае пытанні сабе і чытачам Леанід Дранько-Майсюк у творы, якім адкрываецца яго знакаміты цыкл «Вершы для А.»
Усе жадаючыя змогуць набыць новы паэтычны зборнік знакамітага пісьменніка і атрымаць аўтограф. Дарэчы, апошнім часам прэзентацыі кнігі «Скарб», аўтограф-сесіі яе аўтара прайшлі ў Мар’інагорскім агратэхнічным каледжы ў пасёлку Мар’іна Пухавіцкага раёна, у карціннай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея ў Мар’інай Горцы, у гандлёвым цэнтры «Сталіца» у Мінску, а таксама на пляцоўцы XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша, якая праходзіла ў лютым у Мінску па праспекце Пераможцаў, 14. І паўсюль збіраліся аўдыторыі, паўсюль знаходзіліся ўдзячныя чытачы, якія добра ведаюць паэзію любімага аўтара, ды і новыя чытачы адкрывалі для сябе сапраўдны мастацкі свет прыгожага пісьменства.
Спадзяёмся, што і ў песенна-паэтычным горадзе Маладзечна на сустрэчу з Леанідам Дранько-Майсюком і яго новай кнігай — паэтычным зборнікам «Скарб» прыйдуць зацікаўленыя аматары вершаванага слова. Ёсць упэўненасць, што яны не пашкадуюць.
Кастусь ЛЕШНІЦА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kastus-leshnica
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/leanid-dranko-maysyuk-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/maladzechna
[6] https://zviazda.by/be/tags/skarb-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[8] https://zviazda.by/be/tags/paeziya