Маштабны дзіцячы турнір па лёгкай атлетыцы праходзіць з 2015 года, і кожны раз фіналісты збіраліся ў снежні. Сёлета праз пандэмію каранавіруса фінал двойчы пераносіўся, што, аднак, не сапсавала настрой юным спартсменам.
Лёгкаатлеты, вучні 2–4 класаў, прайшлі сур'ёзны адбор, паказаўшы сябе на гарадскіх, раённых і абласных спаборніцтвах. Да фіналу дайшлі 300 найлепшых спартсменаў — сем камандаў, па адной з кожнай вобласці і каманда горада Мінска. Геаграфія фіналу сёлета ўключала 77 населеных пунктаў.
Віталі будучых чэмпіёнаў ганаровыя госці: Віктар Лукашэнка, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь, Сяргей Кавальчук, міністр спорту і турызму, Ігар Карпенка, міністр адукацыі, Дзмітрый Даўгалёнак, віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі, Сяргей Якубіцкі, генеральны дырэктар Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах».
«Для кожнага хлопчыка і дзяўчынкі знаходзіцца тут — ужо перамога. Сёння менавіта адсюль пачынаецца вялікі спорт, гэта — аснова лёгкай атлетыкі. Некаторыя дзеці, якія шэсць гадоў таму ўдзельнічалі ў праекце „300 талентаў для каралевы“, цяпер вучацца ў рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву», — адзначыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.
Праграма спаборніцтваў уключае эстафету 8 × 50 метраў, кіданне мяча, скачкі на скакалцы і бар'ерны бег на 30 метраў. «300 талентаў для каралевы» — у першую чаргу свята, таму разам са спартыўнай праграмай арганізатары падрыхтавалі і забаўляльную. Падтрымлівалі ўдзельнікаў супергероі з мультфільмаў і героі са спартыўных арэн, знакамітыя лёгкаатлеты.
Дырэктар праекта Надзея Бут-Гусаім расказала, што ў фіналу «300 талентаў для каралевы» ўжо склалася традыцыя — чатыры гады запар перамагала Гродзенская вобласць. Але летась наперад выйшла Гомельшчына. Таму сёлета фінал абяцаў напружаную барацьбу і, здаецца, даў старт новай традыцыі. Як і ў 2019 годзе, у агульным камандным заліку трыумфатарам стала Гомельская вобласць, прадстаўнікі якой набралі 4404 балы. На другім месцы — Гродзенская вобласць, якая мае 4002 балы. Прадстаўнікі Магілёўскага рэгіёна набралі 3396 балаў і занялі трэцяе месца.
Каманда-пераможніца адвезла дадому Кубак чэмпіёнаў. Кожны з удзельнікаў фінальнага этапу атрымаў памятныя падарункі і сертыфікаты. А самае галоўнае — усе яны зрабілі першы крок на сваім спартыўным шляху і адчулі сябе супергероямі.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport