Спецыялісты Беларускай федэрацыі баскетбола даследавалі архіўныя дакументы і высветлілі, што ў сакавіку 1921 году баскетбол пачаў сваё развіццё на тэрыторыі Беларусі. Паколькі адміністратыўна-тэрытарыяльныя межы краіны часта змяняліся, даследчыкі засяродзіліся на геаграфічнай тэрыторыі сучаснай краіны.
Віцебск — радзіма беларускага баскетболу
Пасля рэвалюцыі 1917 году і заканчэння грамадзянскай вайны, новай краіне — Савецкаму саюзу — былі патрэбныя здаровыя і фізічна крэпкія людзі. Таму на прадпрыемствах, у школах, розных установах сталі арганізоўвацца розныя спартыўныя секцыі. Развіццю фізічнай культуры і спорту стала надавацца дзяржаўнае значэнне як важнай частцы выхаваўчай работы сярод насельніцтва.
Самай перадавой стала Віцебская губерня. Спробы развіцця баскетбола тут ў 1920-1921 гадах прымаліся неаднаразова. Гульню нават уключалі ў праграмы святкавання трохгадовай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў лістападзе 1920 году, але ніякіх дадзеных аб тым, што спаборніцтвы адбыліся, не знойдзена.
Галоўнай праблемай стала адсутнасць інструктараў, спартыўных пляцовак, абсталявання, інвентару не толькі для баскетболу, але і для многіх іншых відаў спорту. Належныя ўмовы былі створаны толькі для развіцця сакольскай гімнастыцы, лёгкай атлетыкі і фехтавання. Аб гэтым казалі супрацоўнікі аддзела Усенавуча Віцебскага губернскага ваеннага камісарыяту на з’ездзе 10-11 сакавіка 1921 году. Яны прапаноўвалі ўключаць баскетбол у розныя фізкультурныя праграмы і змяняць іх у залежнасці ад мясцовых умоў. Менавіта гэты з’езд стаў вырашальным у развіцці віду спорту ў рэгіёне. Спаборніцтвы па баскетболе былі ўключаны ў святкаванне трохгадовай гадавіны Усенавуча ў маі 1921 году.
У красавіку 1922 году аддзел Усенавуча Віцебскага губернскага ваеннага камісарыяту разаслаў у спартыўныя цэнтры губерні для няўхільнага выканання план спорту і фізічнага развіцця на летні перыяд 1922, куды быў уключаны і баскетбол. Усе спартыўныя цэнтры ў павятовых гарадах губерні былі павінны стварыць пляцоўкі для заняткаў баскетболам, арганізаваць не менш за дзве групы па 10 чалавек у кожнай і правесці ў тыдзень не менш чым шэсць гадзін заняткаў. Для вывучэння гульні ў спартыўныя цэнтры было накіравана «Кіраўніцтва і правілы гульні ў баскетбол» за аўтарствам выкладчыка гімнастыкі і спорту К.Мая, схемы баскетбольнага поля, расстаноўкі ігракоў, абсталявання спартыўных пляцовак.
Першая зафіксаваная ў дакументах секцыя з’явілася ў фізкультурным цэнтры Сенненскага павета. На 1 ліпеня 1922 г. у ёй у баскетбол гулялі 12 чалавек, на 10 кастрычніка 1922 — 18 чалавек.
У 1923 годзе ў Віцебску прайшлі баскетбольныя спаборніцтвы ўсіх трох сезонаў. Першы афіцыйны турнір адбыўся 4 — 7 лістапада 1923 г. Перамога была прысуджана першай камандзе клуба «Чырвоны Дапрызыўнік». У розыгрышы восеньскага першынства ўдзельнічала 21 каманда (мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя). Да канца 1924 году баскетбол у Віцебску лічылі цікавай і найбольш карыснай гульнёй.
У тыя гады фізкультурнікі былі аматарамі і шматстаночнікамі: лёгкаатлетамі, гімнастамі, баскетбалістамі, баксёрамі. Але часцей за ўсё выступленні ў лёгкай атлетыцы спалучаліся з гульнёй у баскетбол.
У 1920-1940 гады баскетбол развіваўся па ўсёй краіне. І ў кожным абласным цэнтры ёсць свая гісторыя гэтага віду спорту. Цыкл матэрыялаў, прысвечаных гістарычнаму станаўленню айчыннага баскетболу, будзе апублікаваны на афіцыйным сайце [3] Беларускай федэрацыі баскетболу на працягу 2021 году.
Сучасныя баскетбалісты працягваюць пісаць гісторыю
«Беларуская федэрацыя баскетболу запланавала шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею развіцця спорту ў нашай краіны. Сярод іх — семінары „Крок у будучыню“ для дзяцей. Чарговы адбудзецца ў Віцебску 16 сакавіка і будзе прысвечаны менавіта стагоддзю беларускага баскетбола, таму што менавіта ў віцебскай губерні зарадзіўся гэты від спорту. І мы спадзяемся, што ў будучыні гэтая вобласць будзе вырошчваць выдатных маладых ігракоў. Запланавана цікавае мерапрыемства па баскетболе 3 на 3. Будуць праведзены ўрачыстыя сходы. І ў канцы года мы адзначым спартсменаў, трэнераў і спецыялістаў, якія ўнеслі свой уклад у развіццё баскетбола ў нашай краіне. Зараз працягваецца актыўная праца з архівамі і спадзяемся, што ў будучыні гэта перарасце ў добрую літаратурную манаграфію ці кнігу, прысвечаную развіццю беларускага баскетбола. Мы разумеем, што на гэта трэба шмат часу, і спецыялісты плённа працуюць. Пройдуць усе запланаваныя спаборніцтвы — чэмпіянат Беларусі, Liga Palova і ўсюды будзе адзначана наша знакавая дата, таму што сучасныя баскетбалісты працягваюць пісаць гісторыю віду спорту» — расказала Настасся Марыніна, генеральны сакратар, выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетболу.
«Звязда» таксама будзе расказваць сваім чытачам цікавыя гісторыя, звязаныя з развіццём беларускага баскетболу.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота прадстаўлены Беларускай федэрацыяй баскетболу
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://belarus.basketball/
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/basketbol
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-federacyya-basketbola
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya