10 сакавіка споўнілася 75 гадоў вядомаму акцёру тэатра і кіно, народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Гасцюхіну. Фігура гэтая для беларускага кінематографа, без перабольшвання, вельмі значная, нават знакавая. Пацвярджэннем служыць хаця б той факт, што ў 2018 годзе ён, ураджэнец і «выхаванец» Расіі, стаў лаўрэатам Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі за ўнёсак у кінематограф. Хаця мерапрыемства і лічылася шмат у чым кампрамісным, а да спіса намінантаў узнікалі справядлівыя пытанні, канкрэтна ўзнагарода Уладзіміра Васільевіча была несумненна заслужанай. Чалавек гэты зрабіў шмат не толькі для кіно, але і для ўсёй беларускай культуры. З нагоды юбілею «ЛіМ» успомніў некаторыя важныя кінаролі знакамітага артыста.
Як належыць у такіх выпадках, пачнём з біяграфічнай даведкі. Уладзімір Васільевіч Гасцюхін нарадзіўся ў Свярдлоўску ў 1946 годзе. Падчас навучання ў радыётэхнікуме працаваў па спецыяльнасці — электрыкам. Магчыма, сёння ніхто і не ведаў бы пра акцёра, калі б не шчаслівы выпадак. Студэнцкі спектакль, у якім браў удзел малады навучэнец, нечакана перавярнуў яго светапогляд. Юнак стаў цікавіцца тэатрам і ў выніку, як гэта часта бывае ў біяграфіях акцёраў, захварэў на сцэну.
Далей усё пайшло як па накатанай. Уладзімір кінуў вучобу і пачаў наведваць заняткі ў мясцовым Доме культуры. Марачы аб паўнавартаснай акцёрскай кар’еры, у 1965 годзе з першага разу паступіў у прэстыжны маскоўскі Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя Луначарскага. Якраз на перыяд навучання ў ім прыйшоўся кінадэбют заслужанага творцы — роля Міколы Ныркова ў стужцы Марлена Хуцыева «Быў месяц май» (1970). Ролю атрымаў выпадкова: прыехаў на здымкі для ўдзелу ў масоўцы, але быў заўважаны рэжысёрам.
У цітрах няма прозвішча: сам папрасіў не пісаць. У гэтай сувязі Уладзімір Васільевіч распавядае такую цікавую гісторыю… Па яго словах, на час здымак, якія праходзілі ў Кішынёве, акурат выпадаў дыпломны спектакль у Маскве. Трэба было паспець і туды, і туды, але, як часта здараецца, умяшаліся непрадбачаныя абставіны. Карацей, на экзамен не з’явіўся, падвёў сакурснікаў, сарваў спектакль. Давялося выдумляць гісторыю пра цяжкую хваробу, а каб замесці сляды — выкрэсліваць сваё імя з фільма.
Пасля заканчэння інстытута ў 1970 годзе Уладзімір Гасцюхін быў прызваны на службу. Адслужыўшы, уладкаваўся ў Цэнтральны акадэмічны тэатр Савецкай Арміі не акцёрам, як можна было чакаць, а рэквізітарам. Некалькі гадоў цягаючы бутафорскую мэблю, артыст цярпліва чакаў свайго часу, каб нарэшце выйсці з ценю. Такі шанс выпаў у 1974-м: трэба было падмяніць хворага акцёра ў пастаноўцы «Невядомы салдат» (ізноў выпадак). З таго часу Уладзімір Васільевіч амаль не пакідае сцэны.
Першая па-сапраўднаму заўважная роля ў кіно — здраднік Рыбак ва «Узыходжанні» (1976) рэжысёра Ларысы Шапіцькі. Фільм быў зняты па матывах аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў» і стаў у пэўным сэнсе памежным для гісторыі савецкай кінематаграфіі. Рэжысёр змагла разгледзець схаваны вялікі акцёрскі патэнцыял Гасцюхіна. Калегі па цэху са скепсісам паставіліся да яе выбару, але, як паказала практыка, дарэмна. Пасля выхаду карціны Уладзімір Гасцюхін не тое каб стаў кіназоркай, але ва ўсякім разе патрэбы ў прапановах больш не адчуваў.
У канцы сямідзесятых артыст пераехаў у Мінск і ўладкаваўся штатным акцёрам на кінастудыю «Беларусьфільм». З той пары ён жыве ў Беларусі. У 1980-я Уладзімір Васільевіч актыўна і, трэба сказаць, даволі паспяхова здымаўся ў кіно. Тады выйшла адразу некалькі прыкметных карцін з яго ўдзелам, у тым ліку беларускіх. Гэта і меладраматычны «Белы крумкач» (1980), і драматычны «Паляванне на ліс» (1980), і прыгодніцкі «У пошуках капітана Гранта» (1985), і камедыйны «Ляўша» (1986). Яны атрымалі вялікую папулярнасць ва ўсім Савецкім Саюзе. Сярод беларускіх стужак 80-х вылучаюцца, напрыклад, «Чужая бацькаўшчына» (1982), «Знак бяды» (1986) і суровы перабудовачны «Наш браняпоезд» (1988).
З 1982 года артыст працуе ў Тэатрыстудыі кінаакцёра, да станаўлення якога мае непасрэднае дачыненне. Уладзімір Васільевіч іграў галоўную ролю ў першым спектаклі тэатральнай установы — «Усё яго жыццё». Акрамя таго, у пастаянны рэпертур з 1994-га ўваходзіць трагікамедыя «Міленькі ты мой», якую Уладзімір Гасцюхін (разам з Аляксандрам Яфрэмавым) паставіў як рэжысёр. Спектакль і сёння не перастае цікавіць гледачоў.
1990-я для акцёра былі не надта багатымі на праекты. Можна адзначыць працу з Мікітам Міхалковым над дзвюма карцінамі: «Аўтастоп» (1990) і «Урга — тэрыторыя кахання» (1991). Апошняя, дарэчы, узяла «Залатога льва» Венецыянскага кінафестывалю. Паспеў артыст папрацаваць і з Віктарам Туравым. У апошняй стужцы рэжысёра «Шляхціц Завальня» (1994) Гасцюхін іграў таго самага Завальню.
Новы ўсплёск папулярнасці прынеслі Уладзіміру Васільевічу 2000-я, а калі дакладней, роля Фёдара Іваныча ў серыяле «Дальнабойшчыкі» (2001—2012). Нягледзячы на тое, што цяпер многія ведаюць яго выключна як Іваныча, акцёр не шкадуе аб удзеле ў праекце, бо, на яго думку, гэта таксама карысна. «Прафесія ў нас такая — мы павінны быць вядомымі», — сказаў творца ў адным інтэрв’ю.
Вызначальная праца не толькі для акцёрскага складу, але і для ўсяго савецкага кінематографа. Смелая, нават, можна сказаць, дзёрзкая выхадка маладога рэжысёра, якая па ўсіх правілах таго часу не павінна была пабачыць свет, у выніку выйшла на экраны нават без купюр і дазволіла масаваму гледачу адчуць свежае паветра новага аўтарскага кіно. І фармальна, і па змесце гэтая работа ніякім чынам не ўкладвалася ў савецкі ваенны канон. Тагачасныя крытыкі карціны небеспадстаўна адзначалі рэлігійны падтэкст і містычную сутнасць, на фоне чаго факт яе пракату выглядае яшчэ больш дзіўным.
Усё ішло наступным чынам. У той момант, калі над стужкай навісла рэальная пагроза «легчы на паліцу», па законе драматургіі на гарызонце ўзнік герой-выратавальнік у асобе Першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Гэты чалавек быў вядомы сваім індывідуальным падыходам да праблем і нетыповай для партыйнага функцыянера спагадай. Рэжысёр Элем Клімаў, муж Ларысы Шапіцькі, з апошняй надзеяй звярнуўся да Пятра Міронавіча як да былога партызана, просячы паглядзець карціну. Быў арганізаваны дацэнзурны паказ партвярхам. Стужка ўразіла і расчуліла Машэрава. Менавіта з яго падачы «Узыходжанне» пусцілі ў пракат ды яшчэ і без змен.
Як відаць, фільм, які, па вялікім рахунку, праславіў Уладзіміра Гасцюхіна, адкрыў яго свету, таксама з’явіўся дзякуючы шчасліваму выпадку. Хаця не, не зусім так: хутчэй дзякуючы надзвычайнай упартасці яго стваральнікаў і не без дапамогі фартуны. Відаць, удача заўсёды ішла поруч з будучым народным артыстам.
Абодва выканаўцы галоўных роляў (Барыс Плотнікаў і Уладзімір Гасцюхін) падчас здымак выкладваліся напоўніцу. І гэта зразумела, бо кіравала працэсам грозная Ларыса Шапіцька. Яна «выціскала» з амаль што навічкоў усе сокі, усё, што толькі было магчыма, каб атрымаць патрэбны вынік. Інакш кажучы, здымкі «Узыходжання» сталі для акцёраў своеасаблівым баявым хрышчэннем у акцёрскай прафесіі.
Яшчэ на першым праслухоўванні Уладзімір Васільевіч уразіў і нават вельмі здзівіў камісію. Грубаватыя рысы яго знешнасці, непрыхаваныя прамалінейнасць і прастата цудоўным чынам сумяшчаліся з глыбінёй характару і надзвычайным стараннем у дасягненні вобраза. Жадаючы прабіцца і заявіць аб сабе, Гасцюхін паставіў мэту дайсці да як мага большай ступені праўдападобнасці і, акрамя таго, пашырыць вобраз сцэнарнага персанажа. Здраднік Рыбак, прататыпам якога з’яўляецца ажно сам Іуда Іскарыёт, атрымаўся дужа натуральным. Нягледзячы на відавочную адмоўнасць героя, яму таксама хочацца суперажываць.
Адзін з найлепшых фільмаў Нацыянальнай кінастудыі ад аднаго з найцікавейшых беларускіх рэжысёраў. Стужка ставіць перад стваральнікамі амаль невыканальную задачу: зрабіць шчыры партрэт цэлага народа, кінематаграфічнымі сродкамі перадаць сутнасць яго нацыянальнай ідэі. Асновай для беларускамоўнага фільма паслужыў раман Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына», у пэўным сэнсе этапная кніга для беларускай літаратуры.
Уявіце сабе, у якой стужцы прапануюць ролю рускаму акцёру Уладзіміру Гасцюхіну (нагадаем, ён толькі-толькі пераехаў у Беларусь). Карціна амаль цалкам знята на беларускай мове. Яна, можна сказаць, абсалютна лакальная і самая што ні ёсць «тутэйшая». Дарэчы, ролю прапанавалі спрэчную і няпростую (няхай і другога плана) — Броніка Літавара, нахабнага хлопца з вострым языком і нездаровай цягай да алкаголю.
З усёй адказнасцю падышоў артыст да здымак. Вывучыўшы свае рэплікі, папрацаваўшы над вымаўленнем (усё ж фрыкатыўнае «г» і цвёрдае «ч» не кожнаму іншаземцу падуладны), Уладзімір Васільевіч узяўся за працу. Не спатрэбілася ніякіх пераагучванняў і акцёраў дубляжу — усё атрымалася як трэба. Больш за тое, творца як заўсёды здолеў надзяліць свайго персанажа глыбінёй і праз, здавалася б, простыя рэплікі паказаць яго рознага і таксама вартага эмпатыі гледачоў.
Напэўна, феномен руска-беларускага артыста заключаецца вось у чым: мінімумам выразных сродкаў дамагацца аб’ёмнасці персанажа (любога), дэманструючы ўнутраны дыялог. Вяршыняй дадзенага падыходу можна лічыць стужку 1988 года «Наш браняпоезд», знятую Міхаілам Пташуком на студыі «Беларусьфільм».
Карціна апавядае пра работніка завода Мікалая Кузняцова (Уладзімір Гасцюхін), які ў 1966 годзе разам з сям’ёй адпраўляецца на адпачынак за горад. Там ён сустракае нейкага чалавека, і той у асобе Мікалая Кузняцова пазнае былога ахоўніка лагера, іншымі словамі — свайго колішняга наглядчыка. Сапраўды, Мікалай пасля вайны некалькі месяцаў працаваў ахоўнікам сталінскага лагера, дзе ўтрымлівалася ажно 16 тысяч чалавек. Сын і жонка яго нічога пра тое не ведалі. Цяпер усе героі мусяць вырашыць, як жыць далей з гэтым веданнем, ці варта ўвогуле і што гэта ўсё азначае.
Мікалай Кузняцоў — чалавек паслухмяны, адказны. Ён канфарміст, які верыць у савецкія ідэалы, але разам з тым шчыры і сумленны. Падсвядома разумеючы штосьці такое, Мікалай пачынае складаны шлях самарэфлексіі, які ў выніку прыводзіць яго да самагубства. Падобная роля была б складаным выклікам для любога акцёра, і, трэба сказаць, Гасцюхін справіўся з ёй цудоўна! Ён змог стварыць дакладны псіхалагічны партрэт чалавека ў збянтэжанасці і разгубленасці, з надламанымі ідэаламі, які не хоча да канца прызнаваць свае памылкі і супраціўляецца ўласнай натуры.
Пад канец скажам, што з героямі Уладзіміра Гасцюхіна заўсёды так. Нават пры скупым наборы мімічных і інтанацыйных сродкаў, усё адно ў іх адчуваецца цяжкая духоўная праца і барацьба. Здаецца, у гэтым галоўная асаблівасць яго акцёрскага таленту.
Мікіта ШЧАРБАКОЎ
Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва» [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/kino
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-gascyuhin
[5] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[6] https://zviazda.by/be/tags/akcyor
[7] https://zviazda.by/be/tags/kino
[8] https://zviazda.by/be/tags/shlyahcic-zavalnya-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/chuzhaya-backaushchyna
[10] https://zviazda.by/be/tags/znak-byady-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/u-poshukah-kapitana-granta
[12] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-yafremau-0