Гэтымі днямі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Тамара Скварцова святкавала 75-годдзе. Амаль паўстагоддзя актрыса прысвяціла служэнню коласаўскаму тэатру, а калі браць шырэй, то і ў цэлым беларускаму сцэнічнаму мастацтву. Маштаб многіх мастацкіх вобразаў, створаных Тамарай Уладзіміраўнай, даволі грунтоўны — нездарма ж яны адзначаны на міжнародным і рэспубліканскім узроўнях. Напрыклад, за ролю Бабулі з драмы «Пахавайце мяне за плінтусам» Паўла Санаева актрыса атрымала дыплом «За псіхалагічную праўду вобраза ў сцэнічным увасабленні сучаснай прозы» на IV Міжнародным тэатральным фестывалі «Родниковое слово» ў Архангельску, прыз «Найлепшая жаночая роля» на VI Міжнародным фестывалі камерных і монаспектакляў «LUDI» ў Арле, «Залаты дыплом» на Міжнародным тэатральным форуме «Залаты Віцязь».
Пачатак
Нарадзілася яна на Міншчыне, а дакладней на Случчыне, у вёсцы Бялевічы. Менавіта там прайшлі першыя дзевяць гадоў жыцця. Натуральна, што ніякіх тэатраў там не было. Тым не менш бацька Тамары быў вельмі артыстычны, добра спяваў. Артысткай дзяўчынка адчувала сябе ўжо з трох-чатырох гадкоў: хадзіла па суседзях і наладжвала перад імі канцэрты. За гэта яе частавалі цукеркамі і пернікамі. Потым трапіла ў школу-інтэрнат у Нясвіжы, дзе Тамару ўразіла архітэктура, гістарычная атмасфера. А падчас экскурсій у Маскву, Ленінград пабачыла першыя балетныя і драматычныя пастаноўкі. Жаданне стаць артысткай тады толькі ўмацавалася. Па заканчэнні школы паехала паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут: залічылі кандыдаткай. Гэта значыць, што навучацца павінна была без стыпендыі, без інтэрнату. Але такое не ўяўлялася магчымым: цяжка было б бацькам, якія выхоўвалі яшчэ чатырох дзетак, і таму дзяўчына паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Там трапіла ў студэнцкі тэатр, якім кіраваў заслужаны артыст Латвіі Аляксандр Озераў. Першай роллю, якую яна сыграла, была тэмпераментная пуэртарыканка Аніта ў «Вестсайдскай гісторыі». Спектакль меў у гледача шалёны поспех. Пра яго пісалі ўсе мінскія газеты. Потым была Варвара ў «Навальніцы» Астроўскага, Любка Шаўцова ў «Маладой гвардыі» Фадзеева. Відаць, гэтыя першыя і даволі ўдалыя спробы і падштурхнулі Тамару да паступлення ў студыю пры тэатры імя Янкі Купалы. Там вучылі выдатныя майстры: народны артыст СССР Леанід Рахленка, Барыс Эрын (на той час галоўны рэжысёр), Зінаіда Браварская, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка. Падчас вучобы студыйцаў займалі ў масавых сцэнах, а першыя ролі яна сыграла ў спектаклях «Трыбунал» Макаёнка і «Начное дзяжурства» Дзялендзіка. З новым галоўным рэжысёрам, які прыехаў з Масквы (і, дарэчы, сам у Мінску не затрымаўся) адносіны не склаліся, а тут на гастролі ў сталіцу прыехаў коласаўскі тэатр. Маладая актрыса паказалася і была прынята ў трупу.
Першыя ролі
У «Багне» Астроўскага Тамары Скварцовай даручылі эпізадычную ролю кухаркі Аксінні, бойкай, вясёлай дзяўчыны. Вядомы тэатральны крытык Юрый Рыбакоў з Масквы на абмеркаванні ахарактарызаваў яе наступным чынам: «Гэта ваш майстар эпізоду». Першыя дзесяцігоддзі такіх роляў давялося сыграць многа. Але актрыса з вялікай адказнасцю ставілася да любой працы. У казцы «Жыла-была Сыраежка» сыграла Першую паганку. Спектакль быў вясёлы, дасціпны. Дарэчы, з ім звязана адна цікавая гісторыя. Падчас пастаноўкі артыстка разам са сваім партнёрам па сцэне Аляксандрам Фраловым хаваліся ў вялікі кошык. Усё было добра, пакуль не нарадзіла. У гэты перыяд жанчына крыху папаўнела, і ў адзін момант, калі па сюжэце трэба хутка выскачыць з кошыка, адчула, што зрабіць гэтага не можа. Партнёр доўга і беспаспяхова спрабаваў выцягнуць яе. Пасля гэтага выпадка вырашыла: у кошык больш не залазіць.
Сярод першых вялікіх — роля ў спектаклі «Жарты» («Конскі партрэт» Родзевіча), дзе актрыса сыграла Маладзіцу. Яе гераіня ўвабрала ў сябе тое, што спрадвеку ўласціва простай беларускай жанчыне. Закранула гледачоў і невялікай роляй Марыі Рыгораўны ў «Блытаных сцежках» Кандрата Крапівы. Тамара Скварцова іграла маці маладога героя, у смерці якога вінавацілі ўрача. Актрыса псіхалагічна дакладна змагла паказаць простую вясковую кабету, якая са смерцю сына, здаецца, страціла і сэнс свайго жыцця, раззлавалася на ўвесь свет. Праўдзівае, непадробнае існаванне Скварцовай не проста мяняла, а ўзрывала і настрой гэтай сцэны, і характар даволі рацыянальнага спектакля.
«Вы будзеце іграць пасля сарака...»
Больш шырока работы актрысы сталі з’яўляцца ў рэпертуары ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У сувязі з гэтым яна любіць прыгадваць прарочыя словы свайго педагога па студыі Леаніда Рахленкі: «Вы будзеце іграць пасля сарака». Абсалютнай нечаканасцю, у тым ліку для самой Тамары Уладзіміраўны, стала яе прызначэнне на цэнтральную ролю Агаф’і Ціханаўны ў спектаклі «Жаніцьба» па Гогалю, які ставіў Валерый Маслюк. Традыцыйна яе ігралі больш маладыя актрысы вострахарактарнага камедыйнага плана. Нявеста ў спектаклі коласаўцаў была аднаго ўзросту з Падкалесіным (якога іграў Уладзімір Куляшоў), і ў гэтым, здавалася, быў код да вырашэння спектакля. Рэжысёр хацеў бачыць немаладую пару, якой асабліва патрэбна шчасце, яшчэ больш, чым маладым. Пры важкай камплекцыі жанчына (як яе сыграла Скварцова) менш за ўсё была падобная да грубай, нявыхаванай купчыхі. І ў гэтым яна была падобная да ПадкалесінаКуляшова з яго безабароннасцю, няўдачлівасцю, непрыстасаванасцю. Асабліва ўражвала сцэна, калі героі заставаліся сам-насам. У іх позірках, бязглуздых рэпліках праглядвала
адзінота, непрыкаянасць, жаданне зразумець і пакахаць адно аднаго. І тым самым набываў большую жорсткасць фінал спектакля, калі Агаф’я Ціханаўна з’яўлялася ў шыкоўным белым уборы, увасабляючы тую самую прыгажосць, той ідэал, да якога мы ўсе імкнёмся, а, сустрэўшы, чамусьці палохаемся.
Другая значная работа актрысы — жорсткая, дэспатычная купчыха Маўра Тарасаўна Барабошава з камедыі Астроўскага «Праўда — добра, а шчасце — лепш». Пэўна ж, і яна не пазбаўлена прыстойных чалавечых якасцей (у ёй адчуваюцца былая прыгажосць, розум, абаяльнасць, пачуццё гумару), ды толькі дзікунскае асяроддзе моцна прыціснула іх, ператварыўшы ў супрацьлеглае: розум — у дурасць, прыгажосць — у пачварнасць, гумар — у зласлівасць. Таму часам здавалася, што гэта жывы і даволі прывабны персанаж, а іншы раз — што хадзячая мумія, у якой яшчэ не вынішчаны былы дзявочы страх. За ролю Барабошавай Тамара Уладзіміраўна была ўзнагароджана прэміяй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.
Значнае месца ў творчай біяграфіі Тамары Скварцовай займаюць ролі ў пастаноўках Віталя Баркоўскага. Актрыса зразумела яго і ўвайшла ў кагорту шчырых прыхільнікаў. А ён, у сваю чаргу, па-новаму раскрыў індывідуальнасць актрысы на глыбокім філасофскім матэрыяле. Сведчанне — сур’ёзныя набыткі ў яго спектаклях: пані Кранц у «Пісьменных» М. Чокэ, Сцяпанаўна ў «Шагал... Шагал...» У. Драздова, Іванова са спектакля «...Таму што люблю» па п’есе А. Паповай «Дзень карабля», Маргарэт з «Бацькі» А. Стрындберга, Марфа («І смех, і слёзы, і любоў» паводле У. Набокава). На першы погляд, гэта былі ролі другарадныя, іншым разам нават эпізадычныя, але зусім не гэтым яны вымяраюцца ў творчым лёсе актрысы. А тым, што выразна пашырылі жанравае поле, яе дыяпазон.
На разрыў сэрца і душы
Сярод вобразаў, створаных апошнім часам, відавочна, галоўнай удачай актрысы з’яўляецца Бабуля з інсцэніроўкі аповесці «Пахавайце мяне за плінтусам», пастаўленай колішнім мастацкім кіраўніком коласаўскага тэатра Валерыем Анісенкам. Гэтая роля атрымала шырокае прызнанне як сярод гледачоў, так і сярод сур’ёзнай, аўтарытэтнай крытыкі, у тым ліку і маскоўскай. Галоўны рэдактар усерасійскага часопіса «Театральная жизнь», паглядзеўшы спектакль у Віцебску, прызнаўся, што зараз нават у Маскве так ужо не іграюць, на разрыў сэрца і душы. У Бабулі Скварцовай (у адрозненне ад фільма па тым жа творы) пераважае не тыранія, а бязмерная любоў да ўнука, якая настолькі паглынае ўсё навокал, што ў выніку забівае саму гераіню. Пазней была графіня Растапчына ў «Афінскіх вечарах» П. Гладзіліна, якая прайшла праз сталінскі ГУЛАГ, але захавала высакароднасць душы, вялікую ўнутраную прыгажосць. Тамара Скварцова яшчэ раз пацвердзіла сваё высокае майстэрства, бо цікава працуе не толькі «ў тэксце», але і па-за ім. Яна выразна падкрэслівае высакароднасць, мудрасць, а перадусім — чалавечнасць, жыццялюбства, спалучаючы гэта са стрыманасцю, тактоўнасцю гераіні. Здаецца, Ганна Паўлаўна не надта спяшаецца ўмяшацца ў сямейны канфлікт, хоць і атрымлівае задавальненне ад магчымасці прыціснуць свайго зяця. Пэўная адлучанасць ад гэтай рэальнасці прысутнічае ў ёй, занадта моцна цісне мінулае. І тут рэжысёр уводзіць сцэну-ўспамін, калі брэх сабак, святло ліхтара пераносіць яе ў зону, дзе яна прыгадвае (мусіць, невыпадкова?) лагернага канваіра са схільнасцямі садыста, таксама як і зяць, прыхільніка высокага мастацтва.
У меладраме «Матылёк... Матылёк...» па п’есе Альда Нікалаі актрыса (у ролі Эдды) працуе на кантрастах. У першай палове спектакля перад намі досыць амбіцыёзная, ганарлівая, нецярпімая да іншых істота, якая жыве ў прыдуманым ёй жа свеце мінулага. Сваёй хатняй тыраніяй у спалучэнні з пагардай яна здатна давесці да прыхаванай нянавісці сваю ці то служанку, ці то кампаньёнку Фоку. Але ў другой частцы спектакля некалі кінуты ёй у прытулку сын зрывае з яе маску, і перад намі ўжо не вытанчаная свецкая львіца, што ператварыла сваё жыццё ў суцэльную тэатральную ігру, а вартая жалю старая, што пакутуе ад адзіноты і, быццам тапелец за саломінку, марыць ухапіцца за чыюсьці міласэрнасць. Але жыццё досыць жорсткая рэч, і ў абліччы сына яна набывае не анёла-збаўцу, а суддзю-абвінаваўцу.
Тамара Скварцова ў ролі цешчы і бабулі Мамі ў спектаклі «Восем закаханых жанчын» паводле дэтэктыва Рабэра Тама — узор здаровага розуму і жыццялюбства. Нават маленькія заганы гераіні ў яе выкананні выглядаюць прывабна. У ролі Старой са спектакля «Бальніца на краі свету» паводле Хрысты Бойчава, нягледзячы на невялікі адрэзак сцэнічнага часу, цягам якога актрыса знаходзіцца перад гледачом, яна паказвае цэлы жаночы лёс. Відаць, што яна і кахае свайго шалапутнага мужа, хоць пастаянна ўшчувае яго. Асаблівае ўражанне аказвае фінальная сцэна, дзе героі злучаюцца ў нейкай іншай, ужо незямной рэальнасці.
У ролі Разаліі Саламены ў спектаклі «Шлюб па-італьянску» паводле п’есы Эдуарда дэ Філіпа яна выкарыстоўвае найперш камедыйныя фарбы для стварэння свайго вобраза. У гэтай ролі, як і ў іншых, актрыса нічым не паўтарае свае ранейшыя работы, уражвае жыццёвай пераканальнасцю і акцёрскай дакладнасцю, паказваючы і непасрэднасць, і хітраватасць, і душэўнасць сваёй гераіні.
Хочацца верыць, што наперадзе ў Тамары Уладзіміраўны яшчэ шмат яскравых роляў, цікавых, запамінальных вобразаў, якія ўпрыгожаць рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Юрый ІВАНОЎСКІ, тэатразнаўца, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
Фота з архіва тэатра
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/teatr
[3] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-akademichny-dramatychny-teatr-imya-yakuba-kolasa-0