Асабістыя прыёмы грамадзян дазваляюць убачыць сітуацыю на месцах, а таксама ўзаемадзеянне мясцовых уладаў з жыхарамі свайго рэгіёна, перакананы старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», сенатар Віктар АНАНІЧ.
У гэтым ён упэўніўся чарговы раз падчас правядзення выязнога прыёму грамадзян для жыхароў Краснаполля і раёна.
Звароты датычыліся аказання дапамогі ў набыцці транспарту для сельвыканкамаў, магчымасці ўвядзення ў іх штатны расклад новай адзінкі, правядзення газіфікацыі ў вёсцы Казелле і рамонту дарогі ў гэтым населеным пункце, выдзялення фінансавання для правядзення рамонту ў Краснапольскай ЦРБ, а таксама садзейнічання ў будаўніцтве капліцы ў гарадскім пасёлку. Усе пытанні ўзятыя на кантроль для далейшага разгляду.
Падчас візіту ў Краснаполле член Савета Рэспублікі таксама сустрэўся з працоўным калектывам мясцовага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. У размове з супрацоўнікамі падзяліўся ўражаннямі і галоўнымі вынікамі VІ Усебеларускага народнага сходу. Удзельнікаў сустрэчы ў сваю чаргу цікавіла пытанне росту спажывецкіх цэн.
Праз даччыную кампанію Беларусбанка ТАА «Лізінг» спартклубу аказана спонсарская дапамога. Дзякуючы выдзеленым сродкам было набыта 20 камплектаў спартыўнай формы для гульцоў футбольнай каманды «Краснаполле», якая з'яўляецца пераможцам і прызёрам чэмпіянату Магілёўскай вобласці па гэтым відзе спорту ў мінулым годзе.
— Перакананы, што паляпшэнне спартыўнай інфраструктуры і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы такіх устаноў і аб'ектаў будуць садзейнічаць развіццю дзіцяча-юнацкага і маладзёжнага футбола і іншых відаў спорту ў рэгіёнах, — падкрэсліў сенатар.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/viktar-ananich