У Белтэлерадыёкампаніі, якая з'яўляецца арганізатарам нацадбору на міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне» ў Беларусі, адрэагавалі на адмову ЕВС у праве ўдзельнічаць у спабортніцтве з кампазіцыяй «Я навучу цябе» баранавіцкаму калектыву «Галасы ЗМеста».
У песні ў яе першапачатковым выглядзе, якая выклікала даволі ажыўленае абмеркаванне на прасторах інтэрнэту, у Еўропе ўгледзелі быццам бы палітычны кантэкст. А гэта, як вядома, супярэчыць фармату конкурса. Таму арганізатарам нацадбору Беларусі запрапанавалі альбо знайсці іншага прадстаўніка, альбо змяніць тэкст першапачатковай кампазіцыі.
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у эфіры тэлеканала АНТ пракаментаваў сітуацыю наступным чынам: «Улічваючы наша супрацоўніцтва з Еўрапейскім вяшчальным саюзам, мы, у сваю чаргу, запрапанавалі гурту «Галасы ЗМеста» прадставіць нам іншы варыянт існуючай кампазіцыі або новую песню. І зараз, наколькі мне вядома, вядзецца актыўная работа ў гэтым кірунку. Мы да ўсяго, што адбываецца, ставімся па-філасофску. Але я перакананы, што песня не мае ніякага палітычнага кантэксту і пра гэта неаднаразова казаў ужо і яе аўтар. Проста кожны трактуе яе так, як яму выгадна. З пункту гледжання шоу-бізнесу «Еўрабачанне» — гэта шоу. Нам зрабілі адну песню-мільённік. І думаю, што зусім хутка вы пачуеце яшчэ адну песню-мільённік, якую будуць слухаць па ўсёй Еўропе».
На тое, каб прадставіць новую кампазіцыю для ўдзелу ў конкурсе, у «Галасоў ЗМеста» ёсць час да канца сакавіка. Само ж сёлетняе «Еўрабачанне» плануюць правесці ў маі ў Ратэрдаме.
Алена ДРАПКО
Неабходны каментарый
«Мы будзем пець свае песні!»
Парламентарый аб палітыцы конкурсу «Еўрабачанне» ў дачыненні да выбару песні беларускага гурта «Галасы ЗМеста»
Лілія АНАНІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі:
— Прапановы змяніць песню не ўкладваюцца, на мой погляд, у межы адкрытага, творчага і сумленнага конкурсу. На вялікі жаль, мы неаднаразова назіралі, што на гэтай пляцоўцы («Еўрабачання». — «Зв.») гучаць далёка не вельмі маральныя песні, якія ў нас, беларусаў, з пункту гледжання нашых маральных каштоўнасцяў, наогул выклікаюць сумненні. Разам з тым у нас выдатная група і выдатная песня. У нас ёсць права на ўласнае бачанне свайго выступлення — а нас хочуць яго пазбавіць.
Аднак ёсць і станоўчае ў гэтай сітуацыі: мы пераканаліся, што там (у Еўрасаюзе. — «Зв».) выкарыстоўваюцца ўжо не двайныя, а трайныя стандарты ў адносінах да нашай краіны, прычым па ўсіх кірунках (напрыклад, у спорце, ужо дабраліся да песень). Мы будзем пець свае песні, будзем адстойваць свае інтарэсы, будзем расціць і падтрымліваць сваю моладзь і развіваць сваю краіну!
Вольга АНУФРЫЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/ivan-eysmant
[5] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/galasy-zmesta