Аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь у 2020 годзе
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П. П., намеснiка Старшынi Карповiч Н. А., суддзяў Бодак А. М., Бойка Т. С., Варановiча Т. В., Данiлюка С. Я., Козыравай Л. Р., Рабцава В. М., Рабцава Л. М., Сяргеевай В. Г., Цiкавенкi А. Г., Чыгрынава С. П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэннi пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь у 2020 годзе, кiруючыся артыкуламi 22 i 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, артыкуламi 74, 79, 84, 161—163 Закона Рэспублiкi Беларусь «О конституционном судопроизводстве»,
ВЫРАШЫЎ:
1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь i палатам Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь у 2020 годзе» (дадаецца).
2. Апублiкаваць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь i палатам Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь у 2020 годзе» ў адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi.
Старшынствуючы — старшыня
Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi БеларусьП. П. Мiклашэвiч.
11 сакавiка 2021 г., г. Мiнск
№ Р-1256/2021
Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь
Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь
Савету Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь
Канстытуцыя, якая з'яўляецца па сутнасцi грамадскiм дагаворам аб прынцыпах дзяржаўнага i грамадскага ладу, змяшчае фундаментальныя палажэннi, што выступаюць рэгулятарамi сiстэмы палiтычных, эканамiчных i сацыяльных адносiн, служыць прававой асновай стратэгii развiцця суверэннай Беларусi.
Вяршэнства i прамое дзеянне Канстытуцыi ў нарматворчасцi i правапрымяненнi, паслядоўная рэалiзацыя канстытуцыйных iдэй, каштоўнасцяў, прынцыпаў i норм у штодзённай жыццядзейнасцi дзяржавы i грамадства забяспечваюць канстытуцыяналiзацыю грамадскiх адносiн, эфектыўнае функцыянаванне дзяржаўнай улады, дзейснасць канстытуцыйна-прававых механiзмаў абароны правоў i свабод грамадзян.
Згодна з Канстытуцыяй адзiнай крынiцай дзяржаўнай улады i носьбiтам суверэнiтэту ў Рэспублiцы Беларусь з'яўляецца народ — гэта вызначае сутнасць канстытуцыйнага ладу i палiтыка-прававога стану грамадскiх адносiн.
У мiнулым годзе, у адпаведнасцi з нормамi Канстытуцыi i заснаванага на iх выбарчага заканадаўства, беларускi народ выбраў А. Г.Лукашэнку Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.
Воля народа, выказаная на выбарах, рэалiзуе народны суверэнiтэт, надае канстытуцыйным прынцыпам народаўладдзя рэальнае ўвасабленне, выступае народнай гарантыяй
захавання стабiльнасцi i бяспекi дзяржавы.
Рэспублiка Беларусь iдзе па эвалюцыйным канстытуцыйным шляху развiцця, у аснове якога ляжаць выпрацаваныя ў працэсе самавызначэння нацыi канстытуцыйна-прававыя традыцыi, маральныя i духоўныя iдэалы i каштоўнасцi.
Пры гэтым грамадскiя адносiны ў сучасным iнфармацыйным грамадстве ўсё ў большай ступенi спалучаны з прымяненнем лiчбавых тэхналогiй. Узнiкненне новых праваадносiн у лiчбавай сферы, адаптацыя традыцыйных прававых iнстытутаў да iнфармацыйна-лiчбавай прасторы становяцца аб'ектыўнай рэальнасцю трансфармацыi права.
Далейшае развiццё аптымальна неабходных канстытуцыйна-прававых асноў функцыянавання грамадства i дзяржавы, забеспячэння i абароны правоў, свабод i годнасцi асобы ў новых умовах лiчбавай рэальнасцi базiруецца на прынцыпах дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, вяршэнства права, паслядоўнай прыхiльнасцi канстытуцыйным каштоўнасцям, прынцыпам i мэтам.
Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда як органа канстытуцыйнага кантролю ў мiнулым годзе была накiравана на зацвярджэнне вяршэнства Канстытуцыi, забеспячэнне канстытуцыйнай законнасцi, абарону канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян праз ажыццяўленне канстытуцыйнага правасуддзя.
I
Рэалiзуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкула 22 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, артыкулаў 98—106 Закона Рэспублiкi Беларусь «О конституционном судопроизводстве» паўнамоцтва па абавязковым папярэднiм кантролi канстытуцыйнасцi законаў, прынятых Нацыянальным сходам Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд правярае на адпаведнасць Канстытуцыi заканадаўчыя палажэннi.
У 2020 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд праверыў канстытуцыйнасць 44 законаў, прынятых Парламентам.
1. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны прававыя пазiцыi, якiя канстатуюць, што ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання грунтуецца на канстытуцыйных прынцыпах i нормах, выпрацоўваюцца прававыя механiзмы для забеспячэння абароны правоў i свабод чалавека як найвышэйшай каштоўнасцi i мэты дзяржавы i грамадства.
1.1. У рашэннi па праверцы змянення Закона Рэспублiкi Беларусь «О государственных символах Республики Беларусь» адзначана, што згодна з Канстытуцыяй, дзяржаўныя сiмвалы ўвасабляюць суверэнную дзяржаўнасць Рэспублiкi Беларусь (артыкул 19). У дзяржаўных сiмвалах адлюстроўваюцца гiстарычна абумоўленыя светапоглядныя пачаткi i цiвiлiзацыйныя мэты развiцця народа Беларусi як дзяржаваўтвараючага суб'екта, яго менталiтэт, базавыя маральна-духоўныя iмператывы i эстэтычныя перавагi. Дзяржаўны сцяг i Дзяржаўны герб Рэспублiкi Беларусь сiмвалiзуюць працавiтасць беларускага народа, яго талерантнасць, мудрасць, iмкненне да свабоды i справядлiвасцi, мiралюбiвы характар, сiлу i працвiтанне беларускай дзяржавы, а таксама прыгажосць i ўнiкальнасць прыроды Беларусi.
Замацаванне заканадаўцам патрабаванняў аб адпаведнасцi Дзяржаўнага сцяга i выяў Дзяржаўнага сцяга i Дзяржаўнага герба эталонам, якiя прадугледжваюцца палажэннямi правяраемага Закона, дазваляе пазбегнуць скажэнняў пры ўзнаўленнi дзяржаўных сiмвалаў Рэспублiкi Беларусь, улiчваючы неабходнасць праяўлення да iх належнай павагi, а таксама фармiравання аднастайнай практыкi прымянення прававых норм аб адказнасцi за парушэнне прадпiсанняў Закона «О государственных символах Республики Беларусь» (рашэнне ад 26 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О государственных символах Республики Беларусь»).
1.2. У рашэннi па праверцы канстытуцыйнасцi Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях указана, што ўстанаўлiваемая заканадаўцам iндывiдуалiзацыя адмiнiстрацыйнай адказнасцi ў залежнасцi ад цяжару ўчыненага, памеру i характару прычыненага ўрону, ступенi вiны правапарушальнiка i iншых iстотных акалiчнасцяў павышае папераджальнае ўздзеянне адмiнiстрацыйных спагнанняў, узмацняе абарону правоў i законных iнтарэсаў асоб, умацоўвае законнасць i правапарадак, забяспечвае выкананне дзяржавай устаноўленага ў частцы першай артыкула 59 Канстытуцыi абавязку па прыняццi ўсiх даступных ёй мер для стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Кодэксе Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях).
2. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда звярталася ўвага, што з канстытуцыйных палажэнняў аб сацыяльнай дзяржаве вынiкае абавязак дзяржавы забяспечваць рост дабрабыту грамадзян, ствараць умовы для паляпшэння iх жыцця, садзейнiчаць развiццю iх эканамiчнай актыўнасцi.
2.1. У рашэннi аб змяненнi законаў па пытаннях аховы здароўя i аказання псiхалагiчнай дапамогi адзначана, што прававым рэгуляваннем сiстэмы кiравання якасцю медыцынскай дапамогi ўдасканальваецца прававы механiзм павышэння якасцi дзейнасцi арганiзацый аховы здароўя, аказання даступнай, якаснай, бяспечнай медыцынскай дапамогi на аснове сiстэмы паказчыкаў якасцi i методыкi iх ацэнкi для фармiравання больш эфектыўнай мадэлi аховы здароўя, што адпавядае нормам Канстытуцыi аб Рэспублiцы Беларусь як сацыяльнай дзяржаве (частка першая артыкула 1), у якой чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы (частка першая артыкула 2), аб праве кожнага на жыццё (частка першая артыкула 24), аб гарантаваннi грамадзянам Рэспублiкi Беларусь права на ахову здароўя, стварэннi дзяржавай умоў даступнага для ўсiх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (часткi першая i другая артыкула 45) (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов по вопросам здравоохранения и оказания психологической помощи»).
2.2. У рашэннi па праверцы канстытуцыйнасцi змянення законаў па пытаннях пенсiйнага забеспячэння i дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ўказана, што ўносiмыя змяненнi, якiя датычацца прававога рэгулявання ўмоў i парадку назначэння пенсiй асобным катэгорыям грамадзян, адпавядаюць канстытуцыйнаму прынцыпу сацыяльнай справядлiвасцi, уласцiваму сацыяльнай дзяржаве, i палажэнню часткi першай артыкула 32 Канстытуцыi аб тым, што сям'я, мацярынства, бацькоўства i дзяцiнства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов по вопросам пенсионного обеспечения и государственного социального страхования»).
2.3. У рашэннi па праверцы канстытуцыйнасцi змянення Закона Рэспублiкi Беларусь «О государственных минимальных социальных стандартах» адзначана, што новай рэдакцыяй палажэнняў гэтага Закона, якая прадугледжвае, што нароўнi з мiнiмальнай заработнай платай (месячнай i пагадзiннай) да дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у галiне аплаты працы адносяцца тарыфы аплаты працы работнiкаў бюджэтных арганiзацый, якiя вызначаюцца па базавай стаўцы i каэфiцыентах тарыфнага разраду тарыфнай сеткi (кратных памерах базавай стаўкi), удасканальваецца прававы механiзм рэалiзацыi канстытуцыйных правоў грамадзян у сацыяльнай сферы на аснове забеспячэння дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у галiне аплаты працы ў мэтах павышэння ўзроўню жыцця i забеспячэння ўстойлiвага развiцця грамадства, што адпавядае палажэнням Канстытуцыi, згодна з якiмi кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё i пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў; дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы (часткi другая i трэцяя артыкула 21) (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов»).
3. Пры праверцы канстытуцыйнасцi законаў эканамiчнага зместу Канстытуцыйны Суд зыходзiў з таго, што для ўстойлiвага сацыяльна-эканамiчнага развiцця ва ўмовах глабалiзацыi i дынамiзму iнтэграцыйных працэсаў неабходны сучасныя падыходы да фармiравання заканадаўчага рэгулявання адносiн у сферы эканомiкi.
3.1. У рашэннi аб змяненнi законаў па пытаннях гаспадарчых таварыстваў указана, што ўстанаўлiваемае заканадаўчае рэгуляванне прававога статусу закрытага акцыянернага таварыства, правоў удзельнiкаў такога таварыства на адчужэнне прыналежных iм акцый, у тым лiку магчымасцi выбару як спосабу адчужэння, так i контрагента па здзелцы, забяспечвае баланс правоў i законных iнтарэсаў асобных удзельнiкаў таварыства, правоў i законных iнтарэсаў самога таварыства i iншых яго членаў, адпавядае канстытуцыйнаму праву грамадзян на свабоднае выкарыстанне здольнасцяў i маёмасцi для прадпрымальнiцкай i iншай не забароненай законам эканамiчнай дзейнасцi.
У гэтым жа рашэннi адзначана, што ажыццяўляемае заканадаўчае рэгуляванне адносiн па ўдзеле ў дзейнасцi гаспадарчага таварыства i (або) кiраваннi iм забяспечвае дадатковыя механiзмы павышэння эфектыўнасцi дзейнасцi членаў органаў кiравання гаспадарчага таварыства, а таксама работнiкаў, фармiруе ў iх зацiкаўленасць у доўгатэрмiновым развiццi гаспадарчага таварыства, стварае канкурэнтныя ўмовы на рынку працы ў спалучэннi з партнёрскiмi адносiнамi i тым самым рэалiзуе палажэннi частак чацвёртай i пятай артыкула 13 Канстытуцыi, а таксама адпавядае частцы першай артыкула 42 Канстытуцыi, што прадугледжвае гарантаванне асобам, якiя працуюць па найме, справядлiвай долi ўзнагароджання ў эканамiчных вынiках працы ў адпаведнасцi з яе колькасцю, якасцю i грамадскiм значэннем (рашэнне ад 26 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов по вопросам хозяйственных обществ»).
3.2. У рашэннi аб змяненнях Закона Рэспублiкi Беларусь «О государственном регулировании торговли и общественного питания в Республике Беларусь» указана, што ў сiлу палажэнняў артыкула 13 ва ўзаемасувязi з пунктам 2 часткi першай артыкула 97 i пунктам 1 часткi першай артыкула 98 Канстытуцыi заканадавец мае права вызначаць парадак i ўмовы гандлю як вiду прадпрымальнiцкай дзейнасцi, звязанай з набыццём i продажам тавараў. Удасканальванне прававога рэгулявання адносiн у галiне гандлю i грамадскага харчавання для рэалiзацыi адпаведнай iнтарэсам i патрэбнасцям грамадства дзяржаўнай эканамiчнай палiтыкi ў дадзенай сферы садзейнiчае рэалiзацыi правоў i законных iнтарэсаў юрыдычных асоб, iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя ажыццяўляюць гандаль, юрыдычных асоб, iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя ажыццяўляюць грамадскае харчаванне, прытрымлiванню балансу эканамiчных iнтарэсаў названых суб'ектаў гаспадарання, а таксама забеспячэнню пры гэтым захавання правоў i законных iнтарэсаў насельнiцтва, што адпавядае палажэнню Канстытуцыi аб Рэспублiцы Беларусь як сацыяльнай дзяржаве (рашэнне ад 26 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О государственном регулировании торговли и общественного питания в Республике Беларусь»).
4. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда адзначалася, што сучасныя працэсы лiчбавiзацыi закранулi прававое рэгуляванне многiх грамадскiх адносiн, запатрабаваўшы ад заканадаўца адлюстравання прававымi сродкамi iх лiчбавай складальнай, а таксама стварэння прававых умоў для далейшага ўкаранення лiчбавых iнавацый.
4.1. У рашэннi па праверцы канстытуцыйнасцi змянення Гаспадарчага працэсуальнага, Грамадзянскага працэсуальнага, Крымiнальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублiкi Беларусь указана, што палажэннi правяраемага Закона, якiмi прадугледжваецца выкарыстанне ў судаводстве сучасных iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогiй, дапамагаюць дакладнаму i паслядоўнаму адлюстраванню ходу судовага разбору, вынясенню законных i абгрунтаваных судовых пастаноў у адпаведнасцi з даследаванымi ў судовым пасяджэннi доказамi, гарантуюць ажыццяўленне дзейснага кантролю вышэйстаячымi судовымi iнстанцыямi за выкананнем судамi патрабаванняў закона пры вырашэннi спраў i тым самым забяспечваюць рэалiзацыю канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону яго правоў i свабод у поўным аб'ёме праз правасуддзе, якое адказвае крытэрыям адкрытасцi, галоснасцi i справядлiвасцi (рашэнне ад 8 лiпеня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении кодексов»).
4.2. У рашэннi аб змяненнi законаў па пытаннях аховы здароўя i аказання псiхалагiчнай дапамогi адзначана, што дапаўненне Закона Рэспублiкi Беларусь «О здравоохранении» нормамi, якiмi рэгулююцца адносiны па стварэннi, развiццi, суправаджэннi i эксплуатацыi цэнтралiзаванай iнфармацыйнай сiстэмы аховы здароўя, аказаннi медыцынскай дапамогi, медыцынскiм назiраннi i правядзеннi медыцынскiх экспертыз з прымяненнем тэлемедыцынскiх тэхналогiй, ва ўмовах развiцця лiчбавай эканомiкi, лiчбавай трансфармацыi штодзённага жыцця грамадства садзейнiчае стварэнню адзiнай сiстэмы электроннай аховы здароўя на аснове электроннай медыцынскай карты, iншых электронных медыцынскiх дакументаў, асабiстага электроннага кабiнета пацыента i iнш., стварэнню адзiнай iнфармацыйнай прасторы грамадскiх адносiн, якiя ўзнiкаюць пры ажыццяўленнi медыцынскай, фармацэўтычнай дзейнасцi, аказаннi медыцынскай дапамогi, што адпавядае палажэнням Канстытуцыi, якiя замацоўваюць права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў (частка першая артыкула 34), а таксама права на ахову здароўя (частка першая артыкула 45) (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов по вопросам здравоохранения и оказания психологической помощи»).
4.3. У рашэннi аб змяненнi законаў па пытаннях выканаўчага вядзення ўказана, што нормамi правяраемага Закона, якiя рэгламентуюць пытаннi прымянення ў выканаўчым вядзеннi сучасных iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогiй, забяспечваецца лiчбавiзацыя грамадскiх адносiн у сферы прымусовага выканання выканаўчых дакументаў, ствараюцца дадатковыя магчымасцi для больш дзейснай абароны правоў i законных iнтарэсаў бакоў у выканаўчым вядзеннi, аптымiзацыi расходаў па выкананнi выканаўчых дакументаў, эфектыўнага вырашэння дзяржаўнымi органамi задач выканаўчага вядзення i рэалiзацыi функцый, аднесеных да iх кампетэнцыi, што адпавядае палажэнням часткi першай артыкула 2, часткi першай артыкула 21 i часткi першай артыкула 59 Канстытуцыi (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства»).
5. Пры праверцы канстытуцыйнасцi законаў, што ўстанаўлiваюць палажэннi, якiя абмяжоўваюць або iншым спосабам закранаюць правы i свабоды асобы, у рашэннях Канстытуцыйнага Суда падкрэслiвалася, што прававыя абмежаваннi павiнны забяспечваць баланс памiж канстытуцыйнымi правамi i свабодамi грамадзян i публiчнымi iнтарэсамi дзяржавы i грамадства. Любыя абмежаваннi канстытуцыйных правоў i свабод павiнны быць не толькi юрыдычна дапушчальнымi, сацыяльна апраўданымi, але i справядлiвымi, неабходнымi i суразмернымi канстытуцыйна прызнаваемым мэтам такiх абмежаванняў.
5.1. У рашэннi па праверцы канстытуцыйнасцi Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях звернута ўвага, што прадугледжваемыя гэтым Кодэксам меры забеспячэння адмiнiстрацыйнага працэсу, у тым лiку адмiнiстрацыйнае затрыманне фiзiчнай асобы, накладанне арышту на маёмасць, будучы па сваёй сутнасцi мерамi працэсуальнага прымусу, у пэўнай ступенi абмяжоўваюць правы i свабоды грамадзян, правы i законныя iнтарэсы юрыдычных асоб.
Канстытуцыйным Судом выказана прававая пазiцыя аб тым, што палажэннi названага Кодэкса, якiя вызначаюць прававы механiзм прымянення мер забеспячэння адмiнiстрацыйнага працэсу, адпавядаюць нормам Канстытуцыi i палажэнням мiжнародна-прававых актаў, паколькi гэтыя меры абмежавальнага характару не скажаюць сутнасцi канстытуцыйных правоў i свабод, не вядуць да страты iх рэальнага зместу, прымяняюцца толькi ў адносiнах да пэўных катэгорый асоб i за ўчыненне асобных канкрэтных правапарушэнняў. Такiя абмежаваннi ўлiчваюць прынцыпы прапарцыянальнасцi, справядлiвасцi i гуманiзму, з'яўляюцца сродкамi прававой абароны грамадскага парадку, правоў i свабод iншых асоб i суразмерныя мэтам i каштоўнасцям, якiя абараняюцца Канстытуцыяй (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях).
5.2. У рашэннi аб змяненнi законаў па пытаннях выканаўчага вядзення ўказана, што палажэннi Закона Рэспублiкi Беларусь «Об исполнительном производстве», якiмi вызначаюцца выпадкi часовага абмежавання правоў даўжнiка i яго маёмасцi ў выканаўчым вядзеннi, заснаваны на канстытуцыйных палажэннях аб адказнасцi грамадзянiна перад дзяржавай за няўхiльнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй, аб абавязковасцi судовых пастаноў для ўсiх грамадзян i службовых асоб (частка другая артыкула 2, частка другая артыкула 115 Канстытуцыi) i маюць на мэце аднаўленне парушаных правоў, свабод i законных iнтарэсаў грамадзян, юрыдычных асоб, прытрымлiвання i аховы iнтарэсаў дзяржавы, у сувязi з чым прадугледжваемыя абмежаваннi з'яўляюцца апраўданымi, дапушчальнымi, не празмернымi i прапарцыянальнымi iнтарэсам, указаным у частцы першай артыкула 23 Канстытуцыi (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства»).
6. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда адзначалася, што ва ўмовах трансфармацыi прававой сiстэмы рэгуляванне грамадскiх адносiн ажыццяўляецца нароўнi з актамi нацыянальнага заканадаўства таксама актамi мiжнароднага i наднацыянальнага права з мэтай стварэння неабходных прававых механiзмаў для эфектыўнага рэгулявання эканамiчнай i iншай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства.
6.1. У рашэннi па праверцы змянення законаў па пытаннях медыяцыi адзначана, што прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю рэалiзацыi ў нацыянальным заканадаўстве палажэнняў Канвенцыi аб мiжнародных мiравых пагадненнях, дасягнутых у вынiку медыяцыi, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 20 снежня 2018 года (ратыфiкавана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 25 чэрвеня 2020 г.), у мэтах прымянення медыяцыi як спосабу вырашэння мiжнародных камерцыйных спрэчак, стварэння прававога механiзма прызнання i прывядзення ў выкананне на тэрыторыi краiны мiжнародных медыятыўных пагадненняў, дасягнутых у вынiку працэдуры пазасудовай медыяцыi, пашырэння магчымасцяў суб'ектаў гаспадарання ў выбары сродкаў урэгулявання спрэчак для забеспячэння сваiх правоў i законных iнтарэсаў у мiжнародных эканамiчных зносiнах (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении законов по вопросам медиации»).
6.2. У рашэннi аб змяненнi Закона Рэспублiкi Беларусь «О лекарственных средствах» указана на ўдасканальванне шэрагу норм гэтага Закона ў мэтах узгаднення iх з нормамi Дагавора аб Еўразiйскiм эканамiчным саюзе ад 29 мая 2014 года, а таксама прынятых на яго падставе iншых мiжнародна-прававых актаў, якiя састаўляюць права Еўразiйскага эканамiчнага саюза.
Канстытуцыйным Судом звернута ўвага, што замацоўваемыя ўказаным Законам патрабаваннi да вытворчасцi лекавых сродкаў на падставе лiцэнзii ў адпаведнасцi з Правiламi належнай вытворчай практыкi Еўразiйскага эканамiчнага саюза i палажэннямi Пагаднення аб адзiных прынцыпах i правiлах абарачэння лекавых сродкаў у рамках Еўразiйскага эканамiчнага саюза ад 23 снежня 2014 года з'яўляюцца адной з сiстэм кантролю якасцi фармацэўтычнай прадукцыi, гарантыяй забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя, i на даступнае медыцынскае абслугоўванне (часткi першая i другая артыкула 45 Канстытуцыi), належная рэалiзацыя якiх выступае важнейшай састаўляючай сацыяльнай дзяржавы (частка першая артыкула 1 Канстытуцыi), у якой рэгуляванне эканамiчнай дзейнасцi ажыццяўляецца ў iнтарэсах чалавека i грамадства (частка пятая артыкула 13 Канстытуцыi), i адпавядаюць праву Еўразiйскага эканамiчнага саюза (рашэнне ад 5 мая 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О лекарственных средствах»).
7. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд, адзначаючы рэалiзацыю ў правяраемых законах канстытуцыйных палажэнняў, указваў на неабходнасць павышэння якасцi i эфектыўнасцi нарматворчасцi, удасканальвання прававых механiзмаў рэгулявання грамадскiх адносiн для дасягнення канстытуцыйных мэт i развiцця канстытуцыйных каштоўнасцяў.
7.1. У рашэннi аб змяненнi Закона «О лекарственных средствах» падкрэслена, што ў мэтах узмацнення гарантый мiнiмiзацыi рызык для суб'ектаў клiнiчных даследаванняў (выпрабаванняў) лекавых сродкаў пры далейшым удасканальваннi заканадаўства ў сферы абарачэння лекавых сродкаў заканадаўцу неабходна прадугледзець спецыяльныя прававыя механiзмы забеспячэння правоў суб'ектаў клiнiчных даследаванняў (выпрабаванняў), уключаючы абавязковае страхаванне iх жыцця i здароўя.
У гэтым жа рашэннi адзначана, што ўстанаўлiваемы ва ўказаным Законе парадак абарачэння лекавых сродкаў, у тым лiку iх рэалiзацыi (аптовай i рознiчнай), развiвае нормы Канстытуцыi, згодна з якiмi дзяржава надае ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам; гарантуе ўсiм роўныя магчымасцi свабоднага выкарыстання здольнасцяў i маёмасцi для прадпрымальнiцкай i iншай не забароненай законам эканамiчнай дзейнасцi; забяспечвае накiраванне i каардынацыю дзяржаўнай i прыватнай эканамiчнай дзейнасцi ў сацыяльных мэтах (часткi другая, чацвёртая i пятая артыкула 13) для забеспячэння насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь бяспечнымi, эфектыўнымi i якаснымi лекавымi сродкамi.
Разам з тым Канстытуцыйным Судом звернута ўвага заканадаўца на замацоўваемае ў частцы восьмай артыкула 25 Закона «О лекарственных средствах» палажэнне аб тым, што пры рознiчнай рэалiзацыi лекавых сродкаў юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi абавязаны ажыццяўляць сваю дзейнасць з выкананнем патрабаванняў Належнай аптэчнай практыкi, якiя забараняюць аптэкам ажыццяўляць рознiчную рэалiзацыю лекавых сродкаў праз глабальную камп'ютарную сетку Iнтэрнэт. З улiкам прымянення ў сiстэме ахове здароўя электронных камунiкацыйных тэхналогiй, у тым лiку пераходу на выкарыстанне электронных рэцэптаў, улiчваючы сфармiраваную практыку i мiжнародны вопыт, у мэтах забеспячэння гарантаванага Канстытуцыяй права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя заканадаўцу прапанавана ўстанавiць прававое рэгуляванне адносiн, звязаных з дыстанцыйнай рознiчнай рэалiзацыяй аптэкамi лекавых сродкаў. Пры гэтым абавязковай умовай павiнна быць забеспячэнне якасцi i бяспекi рэалiзуемых лекавых сродкаў (рашэнне ад 5 мая 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О лекарственных средствах»).
7.2. У рашэннi аб змяненнi Закона Рэспублiкi Беларусь «О третейских судах» звернута ўвага, што ў мэтах рэалiзацыi канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права заканадаўцу пры далейшым удасканальваннi заканадаўства аб трацейскiх судах у рамках нададзенай яму дыскрэцыi, зыходзячы з неабходнасцi забеспячэння балансу прыватных i публiчных iнтарэсаў, неабходна вызначыць пералiк вiдаў спрэчак, якiя не могуць быць перададзены на разгляд трацейскага суда ў залежнасцi ад iх сацыяльнай значнасцi, канкрэтных умоў развiцця грамадзянскага абароту i сацыяльна-эканамiчнай сiстэмы ў цэлым.
Гэта абумоўлена тым, што складанасць праваадносiн, якiя фармiруюцца ў рамках грамадзянскага абароту, стварае нявызначанасць у пытаннi аб тым, цi з'яўляецца спрэчка прадметам трацейскага разбору. Артыкулам 19 Закона «О третейских судах» не прадугледжваецца, якiя канкрэтна спрэчкi памiж бакамi грамадзянска-прававых адносiн не могуць быць перададзены на разгляд трацейскага суда. Такое прававое рэгуляванне можа пацягнуць неадназначнае разуменне норм права i iх неаднастайнае прымяненне i тым самым парушэнне канстытуцыйных гарантый рэалiзацыi i абароны правоў, свабод i законных iнтарэсаў грамадзян i юрыдычных асоб (рашэнне ад 8 лiпеня 2020 г. па Законе Рэспублiкi Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О третейских судах»).
Такiм чынам, пры праверцы канстытуцыйнасцi законаў Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца на неабходнасць рэалiзацыi ў заканадаўчых актах прынцыпаў i норм Канстытуцыi, стварэння дзейсных прававых механiзмаў забеспячэння i абароны правоў i свабод чалавека i грамадзянiна, канстытуцыяналiзацыi грамадскiх адносiн у розных сферах.
II
Рэалiзуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў паўнамоцтва прымаць рашэннi аб устараненнi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэннi ў iх калiзiй i прававой нявызначанасцi, Канстытуцыйны Суд зыходзiць з вяршэнства Канстытуцыi, прызнання агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, недапушчэння знiжэння ўзроўню гарантаванасцi i абароны канстытуцыйных правоў i свабод чалавека i грамадзянiна.
Права дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый, а таксама грамадзян, у тым лiку iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, на зварот у Канстытуцыйны Суд па пытаннях устаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў iх калiзiй i прававой нявызначанасцi замацавана часткай пятай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, часткай першай артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве».
У 2020 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступiлi 43 звароты, што змяшчаюць, па меркаваннi грамадзян i арганiзацый, якiя iх накiравалi, iнфармацыю аб наяўнасцi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калiзiй i прававой нявызначанасцi.
Паступiўшыя звароты вывучаны ў Канстытуцыйным Судзе ў парадку, устаноўленым часткай трэцяй артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве».
Большасць зваротаў абумоўлена нязгодай грамадзян з дзеючым прававым рэгуляваннем грамадскiх адносiн у пэўных сферах, а таксама ацэнкай правапрымяняльных дзеянняў i рашэнняў упаўнаважаных дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый i службовых асоб.
Па вынiках вывучэння зместу зваротаў i прыкладзеных да iх матэрыялаў, аналiзу адпаведнага прававога рэгулявання i практыкi прымянення, а таксама з улiкам меркаванняў дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый, выкладзеных у адказах на запыты Канстытуцыйнага Суда, прабелаў, калiзiй i прававой нявызначанасцi, якiя маюць канстытуцыйна-прававое значэнне, у заканадаўстве не выяўлена, што сведчыць аб дасягнутым пэўным канстытуцыйна-якасным узроўнi нацыянальнага заканадаўства.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў мэтах умацавання даверу грамадзян да ажыццяўляемага нарматворчымi органамi прававога рэгулявання
розных сфер грамадскiх адносiн, а таксама да правапрымяняльнай дзейнасцi праваахоўных i iншых дзяржаўных органаў, арганiзацый i службовых асоб неабходна не толькi прыняцце законных i абгрунтаваных рашэнняў, накiраваных на рэалiзацыю канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян, але i растлумачэнне ў даступнай форме дзеючых механiзмаў iх рэалiзацыi.
У 2020 годзе рашэнняў аб устараненнi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэннi ў iх калiзiй i прававой нявызначанасцi Канстытуцыйным Судом не прымалася.
III
Канстытуцыйны Суд у адпаведнасцi з артыкулам 116 Канстытуцыi па прапановах Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Палаты прадстаўнiкоў, Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь дае заключэннi аб канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў у парадку ажыццяўлення наступнага канстытуцыйнага кантролю.
У 2020 годзе ўпаўнаважаныя органы з прапановамi аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталiся, што сведчыць аб дасягнутым на канстытуцыйнай аснове якасным прававым рэгуляваннi грамадскiх адносiн, належным узаемадзеяннi дзяржаўных органаў, якiя ўдзельнiчаюць у заканатворчым працэсе, пры няўхiльным выкананнi iмi канстытуцыйных прынцыпаў i норм.
У адпаведнасцi з часткай чацвёртай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў з iнiцыятывай аб унясеннi ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўнага прававога
акта, прымененага ў канкрэтным рашэннi дзяржаўнага органа або пастанове суда агульнай юрысдыкцыi, у вынiку чаго, па меркаваннi грамадзянiна, у тым лiку iндывiдуальнага прадпрымальнiка, арганiзацыi (за выключэннем дзяржаўных органаў),
парушаюцца правы, свабоды i законныя iнтарэсы грамадзянiна, у тым лiку iндывiдуальнага прадпрымальнiка, правы i законныя iнтарэсы арганiзацыi, гэтыя грамадзяне i арганiзацыi звяртаюцца да Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такiх прапаноў.
У 2020 годзе ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Палату прадстаўнiкоў i Савет Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, Вярхоўны Суд, Савет Мiнiстраў паступiлі 92 iнiцыятыўныя звароты грамадзян i 2 iнiцыятыўныя звароты арганiзацый, што сведчыць аб значнасцi канстытуцыйнага права грамадзян i арганiзацый на доступ у апасродкаванай форме да канстытуцыйнага правасуддзя.
У большасцi зваротаў ставiлiся пытаннi аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў, якiя прымяняюцца ў рашэннях дзяржаўных органаў або пастановах судоў агульнай юрысдыкцыi, якiя, па меркаваннi заяўнiкаў, маглi б стаць прадметам iх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе.
Iнiцыятыўныя звароты разгледжаны ўпаўнаважанымi органамi ў парадку, устаноўленым артыкулам 28 Закона «О конституционном судопроизводстве». У Канстытуцыйны Суд паступiла iнфармацыя аб вынiках разгляду ў мiнулым годзе iнiцыятыўных зваротаў Прэзiдыумам Савета Мiнiстраў, пастаяннымi камiсiямi Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, Прэзiдыумам Вярхоўнага Суда. Упаўнаважаныя органы падстаў для ўнясення адпаведных прапаноў у Канстытуцыйны Суд не ўбачылi.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэзультатыўнасць ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя ў значнай ступенi залежыць ад унясення адпаведнымi ўпаўнаважанымi органамi iнiцыятыўных зваротаў па вынiках папярэдняга аналiзу адпаведнасцi нарматыўнага прававога акта Канстытуцыi, устанаўлення наяўнасцi абгрунтаваных сумненняў у яго канстытуцыйнасцi, паколькi толькi Канстытуцыйны Суд, надзелены выключнай кампетэнцыяй па кантролi канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, правамоцны вырашаць, цi адпавядаюць нарматыўны прававы акт або яго асобныя палажэннi Канстытуцыi.
Пацвярджэнне Канстытуцыйным Судом канстытуцыйнасцi нарматыўнага прававога акта або прызнанне такога акта неканстытуцыйным, фармуляванне iм прававых пазiцый, адрасаваных заканадаўцу або правапрымяняльнiку, маюць на мэце ўдасканальванне канстытуцыйна-прававога рэгулявання, дасягненне аднастайнага разумення i рэалiзацыi канстытуцыйных прадпiсанняў у правапрымяняльнай дзейнасцi i тым самым умацаванне канстытуцыйнай законнасцi.
IV
Адным з важнейшых паказчыкаў стану канстытуцыйнай законнасцi ў дзяржаве з'яўляецца поўнае i своечасовае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, якое сведчыць аб адказных адносiнах дзяржаўных органаў i службовых асоб, уцягнутых у працэс забеспячэння выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, эфектыўнасцi i дзейснасцi канстытуцыйнага правасуддзя, рэалiзацыi канстытуцыйных гарантый абароны правоў i свабод грамадзян, правоў i законных iнтарэсаў арганiзацый.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што дзяржаўнымi органамi i службовымi асобамi прымаюцца неабходныя меры па выкананнi рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, а таксама ўлiку ў сваёй дзейнасцi прававых пазiцый, якiя змяшчаюцца ў гэтых рашэннях.
У 2020 годзе выкананы чатыры рашэннi Канстытуцыйнага Суда i рэалiзаваны тры прававыя пазiцыi.
1. Выкананы рашэннi Канстытуцыйнага Суда аб устараненнi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэннi ў iх прававой нявызначанасцi, прынятыя на падставе часткi
трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве».
1.1. У рашэннi «О правовом регулировании исчисления срока предъявления исполнительного документа к исполнению» (прынята 14 лютага 2018 г.) прызнана неабходным у мэтах рэалiзацыi канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права i забеспячэння прынцыпу прававой вызначанасцi ўстаранiць нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляваннi перапынення тэрмiну прад'яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў выпадку прад'яўлення да выканання выканаўчага дакумента, раней вернутага спагнаннiку па яго заяве.
Рашэнне выканана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 6 студзеня 2021 г. «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства», якiм артыкул 35 Закона Рэспублiкi Беларусь «Об исполнительном производстве» дапоўнены нормай, якая ўстанаўлiвае, што, калi раней выканаўчае вядзенне было скончана ў сувязi з вяртаннем выканаўчага дакумента спагнаннiку па падставах, указаных у абзацах другiм i дзявятым часткi першай артыкула 53 дадзенага Закона, тэрмiн прад'яўлення выканаўчага дакумента да выканання, устаноўлены заканадаўчымi актамi, скарачаецца на перыяд яго знаходжання на выкананнi ў органах прымусовага выканання.
1.2. У рашэннi «О праве и порядке обжалования в суд осужденными к ограничению свободы, исправительным работам и иным видам наказания примененных к ним мер взыскания» (прынята 11 лiпеня 2018 г.) указана на неабходнасць у мэтах рэалiзацыi канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права i прававой вызначанасцi ў дзеючым прававым рэгуляваннi ўнесцi ў Крымiнальна-выканаўчы i Грамадзянскi працэсуальны кодэксы Рэспублiкi Беларусь змяненняў, якiя ўстанаўлiваюць права i парадак абскарджання ў суд асуджанымi да абмежавання свабоды, папраўчых работ i iншых вiдаў пакарання прымененых да iх мер спагнання.
Рашэнне выканана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 10 снежня 2020 г. «Об изменении кодексов», якiм артыкулы 43, 56 i 185 Крымiнальна-выканаўчага кодэкса дапоўнены нормамi, што прадугледжваюць права асуджаных да папраўчых работ, абмежавання свабоды, а таксама непаўналетнiх, асуджаных з прымяненнем прымусовых мер выхаваўчага характару, абскардзiць прымененыя да iх меры спагнання вышэйстаячай службовай асобе, пракурору або ў суд.
Адначасова палажэннямi ў адносiнах да названых катэгорый асоб дапоўнены артыкулы параграфа 61 главы 29 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, што вызначае пералiк асуджаных, якiя маюць права на абскарджанне спагнанняў, што накладаюцца на iх упаўнаважанымi органамi, службовымi асобамi ў парадку, устаноўленым Крымiнальна-выканаўчым кодэксам.
1.3. Рашэннем «О правовом регулировании производства по уголовным делам по вновь открывшимся обстоятельствам» (прынята 23 красавiка 2019 г.) у мэтах рэалiзацыi канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права i ўстаранення прабела ў дзеючым прававым рэгуляваннi прызнана неабходным унесцi ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь змяненнi, якiя ўстанаўлiваюць права зацiкаўленых асоб на абскарджанне ў суд пастановы пракурора аб спыненнi ўзбуджанага iм вядзення па крымiнальнай справе па iзноў адкрытых акалiчнасцях.
Рашэнне выканана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 6 студзеня 2021 г. «Об изменении кодексов по вопросам уголовной ответственности», якiм у артыкулы 139, 142 i 421 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса ўнесены змяненнi, што ўстанаўлiваюць права зацiкаўленых асоб на абскарджанне ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненнi ўзбуджанага iм вядзення па крымiнальнай справе па iзноў адкрытых акалiчнасцях.
1.4. У рашэннi «О правовом регулировании приостановления деятельности юридических лиц и индивидуальных предпринимателей» (прынята 25 мая 2016 г.) у мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права i законнасцi, роўнасцi ўсiх перад законам указана на неабходнасць устаранiць прававую нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляваннi прыпынення дзейнасцi юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў.
Рашэнне выканана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 17 лiпеня 2020 г. «Об изменении законов по вопросам контрольной (надзорной) деятельности», якiм у Гаспадарчым працэсуальным кодэксе Рэспублiкi Беларусь замацаваны парадак падачы ў суд, што разглядае эканамiчныя справы, заяў аб устанаўленнi прыпынення (забароны) дзейнасцi суб'екта (яго цэхаў, вытворчых участкаў), аб'екта будаўнiцтва, абсталявання i аб прадаўжэннi прыпынення (забароны) вытворчасцi i (або) рэалiзацыi тавараў (работ, паслуг), эксплуатацыi транспартных сродкаў i парадак разгляду названым судом спраў па такiх заявах.
2. Рэалiзаваны прававыя пазiцыi, якiя змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасцi законаў.
2.1. У рашэннi «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции» (прынята 11 лiпеня 2016 г.) Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з мiжнародна-прававых стандартаў, указаў на неабходнасць кiравацца прынцыпам забеспячэння найлепшых iнтарэсаў дзiцяцi пры прыняццi ў адносiнах да замежнiкаў, на ўтрыманнi якiх знаходзяцца дзецi, рашэнняў па пытаннях вымушанай мiграцыi.
Рашэнне выканана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 10 снежня 2020 г. «Об изменении Закона Республики Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь», якiм артыкул 3 Закона Рэспублiкi Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь», што ўстанаўлiвае прынцыпы грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, дапоўнены новым прынцыпам, згодна з якiм пры прыняццi рашэнняў у адносiнах да дзяцей па пытаннях грамадзянства ўлiчваюцца найлепшыя iнтарэсы дзiцяцi.
2.2. У рашэннi «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» (прынята 27 снежня 2016 г.) адзначаны аб'ектыўны характар неабходнасцi карэкцiроўкi заканадаўчага рэгулявання пенсiённага забеспячэння ў частцы павелiчэння стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь.
Дадзеная прававая пазiцыя ўлiчана ва Указе Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 10 лютага 2020 г. № 48 «О повышении уровня социальной защиты граждан в связи с призывом на срочную военную службу, службу в резерве», якiм, у прыватнасцi, прадугледжана, што ў стаж работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт названага фонду для назначэння працоўных пенсiй уключаецца фактычная працягласць перыядаў тэрмiновай ваеннай службы, за якiя праводзiлася выплата абавязковых страхавых узносаў згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаваннi, а таксама ва Указе Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 мая 2020 г. № 171 «О социальной поддержке отдельных категорий граждан», палажэннi якога знайшлi адлюстраванне ў Законе Рэспублiкi Беларусь ад 10 снежня 2020 г. «Об изменении законов по вопросам пенсионного обеспечения и государственного социального страхования».
2.3. У рашэннi «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об изменении кодексов» (прынята 8 лiпеня 2019 г.) у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права звернута ўвага заканадаўца на неабходнасць пры далейшым удасканальваннi прававога рэгулявання ўстаранiць няўзгодненасць норм Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса i Закона «Об исполнительном производстве» праз замацаванне ў якасцi меры па забеспячэннi выканання выканаўчага дакумента часовага абмежавання грамадзянiна або iндывiдуальнага прадпрымальнiка, якiя з'яўляюцца даўжнiкамi, у наведваннi вiртуальных iгральных устаноў i ўдзеле ў азартных гульнях.
Рашэнне выканана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 6 студзеня 2021 г. «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства», якiм артыкул 60 Закона «Об исполнительном производстве» дапоўнены такой мерай па забеспячэннi выканання выканаўчага дакумента, як часовае абмежаванне даўжнiка — грамадзянiна, у тым лiку iндывiдуальнага прадпрымальнiка, у наведваннi вiртуальных iгральных устаноў i ўдзеле ў азартных гульнях.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што своечасовае i поўнае выкананне яго рашэнняў садзейнiчае эфектыўнаму прававому рэгуляванню грамадскiх адносiн на аснове палажэнняў Канстытуцыi, павышэнню даверу грамадзян да органаў дзяржаўнай улады, умацаванню iх упэўненасцi ў гарантаваннi дзяржавай рэалiзацыi i абароны правоў i свабод як найвышэйшай каштоўнасцi i мэты грамадства i дзяржавы, зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасцi.
V
На падставе сiстэмнага аналiзу канстытуцыйна-прававога рэгулявання, разгледжаных спраў i матэрыялаў, зваротаў грамадзян i арганiзацый Канстытуцыйны Суд прыходзiць да наступных вывадаў i прапаноў.
1. Ажыццяўляючы функцыю кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, Канстытуцыйны Суд у 2020 годзе праверыў 44 законы, прынятыя Палатай прадстаўнiкоў i адобраныя Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, да iх падпiсання Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь. У цэлым усе законы, правераныя Канстытуцыйным Судом, прызнаны адпаведнымi Канстытуцыi.
Канстытуцыйны Суд пацвердзiў выкананне i развiццё ў прынятых законах прынцыпаў i норм Канстытуцыi, сфармуляваў прававыя пазiцыi, накiраваныя на далейшае забеспячэнне ў дзейнасцi дзяржаўных органаў, арганiзацый, службовых асоб i грамадзян рэжыму канстытуцыйнай законнасцi.
У некаторых законах выяўлены дэфекты прававога рэгулявання, абумоўленыя наяўнасцю прабелаў i прававой нявызначанасцi, у сувязi з чым заканадаўцу рэкамендавана ўстаранiць iх пры далейшым удасканальваннi заканадаўчага рэгулявання грамадскiх адносiн.
У асобных рашэннях у мэтах недапушчэння парушэння правоў i свабод грамадзян у правапрымяняльнай практыцы Канстытуцыйны Суд арыентаваў на прымяненне законаў з улiкам выяўленага канстытуцыйна-прававога зместу прававых норм.
2. Сучаснае канстытуцыйнае развiццё пацвярджае, што фундаментальныя канстытуцыйныя палажэннi валодаюць нароўнi з нарматыўна-прававым зместам высокiм узроўнем палiтыка-iдэалагiчных, маральна-этычных, сацыякультурных пачаткаў канкрэтна-гiстарычнага характару. Сiстэма каштоўнасцей, якiя з'яўляюцца абавязковымi элементамi канстытуцыяналiзму, знаходзiць легiтымнае нарматыўнае замацаванне ў Канстытуцыi i рэалiзуецца праз прававое рэгуляванне грамадскiх адносiн.
Канстытуцыяналiзацыя права забяспечваецца заканадаўствам, заснаваным на вяршэнстве Канстытуцыi як вызначальным фактары гарманiчнага i ўстойлiвага развiцця грамадства i дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што заканадаўцу неабходна ў прымаемых законах адэкватна адлюстроўваць фармiруемыя грамадскiя адносiны, абапiрацца на падтрымку шырокiх слаёў насельнiцтва пры ўстанаўленнi i змяненнi прававога рэгулявання ў важных сферах жыццядзейнасцi грамадства i дзяржавы.
У гэтых мэтах мэтазгодна ў практыцы заканатворчай дзейнасцi сiстэмна выкарыстоўваць iнстытуты прагназавання, грамадскага абмеркавання i грамадскiх экспертыз, агульнанацыянальных i рэгiянальных дыялогаў па праектах нарматыўных прававых актаў.
3. Развiццё сучасных iнфармацыйных i камунiкацыйных тэхналогiй займае вызначальнае месца ў далейшым развiццi грамадства i дзяржавы.
Лiчбавiзацыя грамадскiх адносiн паслядоўна фармiруе новую сацыяльную, эканамiчную, палiтычную i прававую рэальнасці, абумоўлiвае абнаўленне i трансфармацыю права.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца, што канстытуцыяналiзацыя фармiруемай iнфармацыйна-лiчбавай прасторы патрабуе дактрынальнага асэнсавання i эфектыўнага заканадаўчага рэгулявання. Пры гэтым у новых умовах лiчбавай рэальнасцi сiстэма права павiнна гарантаваць бяспеку рэалiзацыi правоў i свабод чалавека, стабiльнасць i дынамiзм у канстытуцыйным развiццi, захаванне i ўмацаванне нацыянальных фундаментальных каштоўнасцяў беларускага грамадства i дзяржавы.
4. Прыярытэтным напрамкам у цяперашнi час з'яўляецца комплекснае i сiстэмнае арганiзацыйна-прававое забеспячэнне лiчбавай эканомiкi для стварэння максiмальна спрыяльных умоў i стымулявання дзелавой актыўнасцi яе суб'ектаў, рэалiзацыi мер падтрымкi прадпрымальнiцтва з дапамогай лiчбавых сэрвiсаў у дыстанцыйнай форме, шырокага выкарыстання пераваг новых iнфармацыйна-тэхналагiчных рашэнняў у эканамiчнай дзейнасцi.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што для лiчбавай эканомiкi патрабуецца развiццё нарматыўнай прававой базы, стварэнне прававых рэгулятараў новага пакалення, якiя забяспечваюць лiчбавую трансфармацыю эканамiчных працэсаў.
У гэтых мэтах неабходны развiццё заканадаўчага рэгулявання лiчбавых праваадносiн, удасканальванне iнстытутаў права ўласнасцi, карпаратыўнага права, аграрнага права, гандлёвага (камерцыйнага) права, замацаванне лiчбавых правоў i раскрыццё iх зместу ў Грамадзянскiм кодэксе Рэспублiкi Беларусь.
5. Сутнасць сучаснай сацыяльнай дзяржавы заключаецца ў забеспячэннi ўмоў для павышэння дабрабыту, узроўню жыцця членаў грамадства, стварэннi сацыяльных гарантый i фармiраваннi эканамiчных стымулаў у грамадскай вытворчасцi.
Працэсы лiчбавiзацыi абумоўлiваюць новы ўзровень канстытуцыйна-прававога забеспячэння развiцця сацыяльнай дзяржавы. Пры гэтым мадэрнiзацыя нарматыўна-прававога рэгулявання ў сацыяльнай сферы абумоўлена трансфармацыяй працоўных праваадносiн i ўзнiкненнем новых форм занятасцi, развiццём медыцынскiх, адукацыйных i iншых паслуг з выкарыстаннем лiчбавых тэхналогiй.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што заканадаўцу неабходна выпрацоўваць прававыя механiзмы, якiя забяспечваюць сучасныя стандарты сацыяльнай абароны i сацыяльнага страхавання для работнiкаў усiх форм занятасцi, эфектыўнае выкарыстанне новых магчымасцяў iнфармацыйных тэхналогiй для павышэння даступнасцi i якасцi сацыяльных паслуг.
6. Сучасныя працэсы лiчбавiзацыi грамадскiх адносiн напрамую ўздзейнiчаюць на аб'ём i змест канстытуцыйнага статусу асобы, з'яўляюцца новыя iнфармацыйна-лiчбавыя магчымасцi, фармiруюцца лiчбавыя правы i абавязкi.
У гэтых умовах мадэрнiзацыя канстытуцыйна-прававога статусу асобы патрабуе развiцця прававога рэгулявання з улiкам таго, што агульнаправавы прынцып свабоды асобы ў цяперашнi час уключае добраахвотную iнфармаваную згоду чалавека на ўзаемадзеянне з iнфармацыйна-iнтэлектуальнымi сiстэмамi i абавязак дзяржавы забяспечыць бяспеку такога ўзаемадзеяння.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу Парламента на неабходнасць своечасовага заканадаўчага рэгулявання новых грамадскiх адносiн, што ўзнiкаюць у сувязi з лiчбавiзацыяй, i новых механiзмаў рэалiзацыi правоў i свабод, якiя маюць вiртуальнае праяўленне. Для заканадаўчага вызначэння балансу памiж свабодай асобы ў лiчбавым грамадстве i iншымi канстытуцыйна значнымi каштоўнасцямi патрэбна канстытуцыяналiзацыя новых iнфармацыйна-лiчбавых магчымасцей як асобы, так i органаў дзяржаўнай улады.
7. Палажэннi Канстытуцыi аб дэмакратычным характары беларускай дзяржавы, непахiснасцi ўстояў народаўладдзя, праве народа ажыццяўляць сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнiчыя i iншыя органы ў формах i межах, вызначаных Канстытуцыяй, рэалiзуюцца ўдзелам грамадзян у вырашэннi пытанняў грамадскай i дзяржаўнай важнасцi пры дапамозе разнастайных форм i спосабаў, у тым лiку з выкарыстаннем сучасных сродкаў лiчбавай камунiкацыi.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што сучаснае канстытуцыйна-прававое развiццё ў мэтах забеспячэння адзiнства грамадства i даверу да ўлады на аснове сацыяльнага партнёрства, эканамiчнай, палiтычнай i сацыяльнай салiдарнасцi прадугледжвае неабходнасць пошуку балансу публiчных i прыватных iнтарэсаў, дзеянняў улады i свабоды асобы на розных узроўнях iх праяўлення.
Для гэтага ва ўмовах iнфармацыйнага грамадства i працэсаў, якiя адбываюцца ў дзяржаўна-грамадскiм будаўнiцтве, патрабуецца своечасовае заканадаўчае рэгуляванне новых форм i спосабаў грамадзянскага ўдзелу ў кiраваннi справамi грамадства i дзяржавы.
8. Грунтуючыся на канстытуцыйных палажэннях, Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства, у сваёй знешняй палiтыцы зыходзiць з прынцыпаў роўнасцi дзяржаў, непрымянення сiлы або пагрозы сiлай, непарушнасцi межаў, мiрнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы i iншых агульнапрызнаных прынцыпаў i норм мiжнароднага права.
Глабальны характар лiчбавiзацыi абумоўлiвае прызнанне новай лiчбавай рэальнасцi на мiжнародным узроўнi i патрабуе прыняцця неабходных мер па забеспячэннi лiчбавага, iнфармацыйнага i ў цэлым прававога суверэнiтэту, адаптацыi да яе дзеючай сiстэмы права.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пры ўстанаўленнi нарматыўна-прававога забеспячэння працэсаў у лiчбавай прасторы неабходна выпрацоўваць дзейсныя прававыя механiзмы забеспячэння балансу нацыянальных i наднацыянальных iнтарэсаў зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыi, канстытуцыйных асноў дзяржаўнага ладу, суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь.
9. Канстытуцыя, з'яўляючыся палiтыка-прававым актам з асаблiвымi ўласцiвасцямi, дазваляе пераводзiць на мову дзеючага заканадаўства, прававой iдэалогii i рэальнай палiтыкi iдэалы асобы, грамадства i дзяржавы i служыць прававым падмуркам дэмакратычнага добраўпарадкавання грамадства i дзяржавы.
Эвалюцыйнае канстытуцыйнае развiццё на аснове фундаментальных канстытуцыйных iдэалаў i каштоўнасцяў забяспечвае пераадоленне новых пагроз вяршэнству права i канстытуцыйнаму правапарадку.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў грамадскай свядомасцi неабходна ўмацоўваць разуменне таго, што павага, асэнсаванае i добраахвотнае выкананне Канстытуцыi i законаў сваёй краiны з'яўляюцца асновай адзiнства i кансалiдацыi грамадства, стабiльнага i дынамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь.
Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 11 сакавiка 2021 г.
Старшынствуючы — старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь П. П. Мiклашэвiч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/dakumenty
[3] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyyny-sud-respubliki-belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/paslanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/dakument
[6] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyynaya-zakonnasc