У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прайшоў цыкл лекцый, падчас якіх знаныя людзі распавядалі пра свае любімыя месцы ў горадзе. Архітэктару, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Галіне Левінай у межах праекта даручана было расказаць пра эмацыянальнасць горада.
Дзяцінства Галіны Леанідаўны звязана з праспектам Незалежнасці. Жыла яна ў 13-м доме. Тут жа, на праспекце, побач з паркам Горкага знаходзілася і творчая майстэрня, дзе працаваў яе бацька.
Натуральна, творчая майстэрня Леаніда Левіна — якраз адно з тых самых любімых месцаў, якое Галіна Левіна згадала падчас сустрэчы. Майстэрня існуе з 1967 года, у ёй вядучыя беларускія архітэктары працавалі над знакавымі для Беларусі праектамі, адзін з якіх — мемарыяльны комплекс «Хатынь». Сюды прыходзілі вядомыя кампазітары і фатографы, завітвалі пісьменнікі, сярод якіх Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Прычым творчая прастора размясцілася... у былой кацельні. Калі маскоўскі архітэктар Міхаіл Баршч, які ў свой час забудоўваў Круглую плошчу (цяпер плошча Перамогі), пабываў у майстэрні, ён быў уражаны, што ў «яго» доме ўдалося стварыць такое. Сапраўды, будынак праектаваўся як жылы дом, а тут аказалася, што былая кацельня з высокімі столямі (вышыня 5 метраў!) вельмі зручная для таго, каб архітэктары маглі шчыраваць над манументальнымі творчымі праектамі. У канцы 1990-х Леанід Левін зрабіў тут рэканструкцыю, тады ж з'явіліся другі ўзровень і лесвіца.
Сёння важна захоўваць усё тое, што звязана са спадчынай беларускіх архітэктараў.
— Для мяне вялікая страта — знос былога Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які праектаваў архітэктар Заборскі. Для тых, хто захоча вывучаць яго стыль, гэты будынак будзе выкраслены з візуальнага аналізу, — прызнаецца Галіна Левіна.
Любыя падрабязнасці пра тое, як раней выглядалі будынкі або якімі іх задумвалі аўтары, таксама маюць значэнне. Ці прыгадаеце вы сёння тыя каляровыя сцены абсерваторыі мінскага планетарыя, ад якіх пасля рамонту не засталося і следу? А, між іншым, па задумцы аўтара Наталлі Афанасьевай і прыступкі абсерваторыі планавалася зрабіць каляровымі. А гэта 1965 год! Наватарскія ідэі для таго часу.
Часам будынкі незвычайна раскрываюцца, узаемадзейнічаюць з прыродай, надвор'ем. Цікава назіраць, як яны мяняюцца на сонцы ці якая можа адбыцца «гульня», калі будынак паступова ахутвае туман. Незвычайнае перасячэнне вуліц Замкавай, Шпалернай, Дзімітрава. Гэта зліццё стыляў — тут ёсць і гістарычная (рэканструяваная) забудова, і архітэктура 70-х, і сучасныя шматпавярховікі.
І канешне, нельга забывацца на балючыя мясціны, як, напрыклад, комплекс «Яма» на месцы былога гета. Менавіта гэтыя куткі перадаюць памяць наступным пакаленням.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/tags/galereya
[3] https://zviazda.by/be/tags/lekcyi