Таленавітаму празаіку, драматургу, публіцысту, лаўрэату Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1994), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019) Уладзіміру Ягоўдзіку споўнілася 65 гадоў.
Родам пісьменнік з вёскі Кастровічы Слонімскага раёна. У 1978 годзе скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у розных рэспубліканскіх выданнях, быў рэдактарам газеты «Дзеці і мы», часопісаў «Бярозка» і «Лесавік».
У 1984 годзе з друку выйшаў першы зборнік прозы Уладзіміра Ягоўдзіка «Стронга». Калі паспрабаваць вылучыць нейкую адну, галоўную, рысу першай кнігі пісьменніка, то гэта, як пісала ў той час Таіса Грамадчанка, будзе шчырасць: пачуцця, якім быў сагрэты кожны радок, яго думкі. А яшчэ — праўдзівасць, пошукавая адметнасць. Героі «Стронгі» — яго равеснікі. У кожнага з іх па-рознаму складваўся лёс, але ўсе сваімі ўчынкамі і ўзаемаадносінамі сцвярджалі дабрыню і чалавечнасць, маральную чысціню і няпросты характар.
Праз тры гады «Стронга» выходзіць у Маскве на рускай мове ў перакладзе Валянціны Шчадрыной з прадмовай Уладзіміра Калесніка. «Галоўнае для пісьменніка — тэма чалавека, пошукі сэнсу і сутнасці жыцця ў нашым складаным свеце», — пісаў у прадмове Уладзімір Калеснік. Пісаў і зычыў маладому празаіку быць і заставацца сабой. І ён застаецца сабой і цяпер.
Услед за «Стронгай» выходзяць дзясяткі новых твораў Уладзіміра Ягоўдзіка. Гэта кнігі аповесцей, апавяданняў, дзіцячых казак, нарысаў, рэцэнзій, партрэтаў пісьменнікаў і мастакоў, кнігі аб прыродзе, зборнікі гістарычных твораў і дзіцячых п’ес… І ўсё, як сказаў некалі Янка Брыль, «мне прыемна засведчыць, з цікавасцю перачытваецца, хораша гаворачы гэтым пра сваю таленавітасць».
Нам сёння не хапае твораў для падлеткаў. Было б дарэчы, калі б настаўнікі і вучні пазнаёміліся з аповесцю Уладзіміра Ягоўдзіка «Вочы Начніцы». Першае выданне пабачыла свет у бібліятэчцы часопіса «Маладосць» у 1989 годзе з прадмовай Уладзіміра Конана. Такіх аповесцей з тонкім лірызмам і светлай музыкай слова не хапае сёння нашым школам.
З 2012 года Уладзімір Ягоўдзік піша кнігі аб прыродзе, нашай гісторыі, прыгожа перадае легенды і паданні. Усе творы ствараюцца найперш для школьнікаў і настаўнікаў. У 2012 годзе выходзіць кніга «Сіні калодзеж», у якую ўвайшлі 100 легенд і паданняў, у 2013 годзе — аб прыродзе «Год-карагод», потым — кніга апавяданняў і мініяцюр «Лясныя таямніцы», прысвечаная рэкам, азёрам і крыніцам, кніга казак «Медзяны дзядок», куды пісьменнік уключыў аповесць-казку «Янка і Ружа», беларускія народныя казкі і казкі народаў свету ў яго пераказах і інш.
Пісьменнік добра ведае дзіцячую псіхалогію, умее размаўляць з маленькімі чытачамі пра самае вялікае, непаўторнае, агульначалавечае. Хлопчыкі і дзяўчынкі любяць яго творчасць, а ён любіць сустракацца з імі.
Вельмі карыснай для школьнікаў атрымалася кніга «Шлях Рагвалода», прысвечаная беларускай гісторыі. У выданне ўвайшоў і пераказ славутай «Аповесці мінулых гадоў». Здзівіў літаратар і кнігай «Быў знак на небе» — аб прыродзе Беларусі ў з’явах і падзеях. Аўтар сабраў самыя цікавыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, занатаваныя ў летапісах і на старонках друкаваных выданняў, пачынаючы з 1002 года, калі «ў той год з неба плылі зоркі і было шмат дажджоў».
Нядаўна ў выдавецтве «Народная асвета» пабачыла свет новая кніга пісьменніка «Вочы Зямлі: Вандроўкі па роднай Беларусі». Прыгожае і захапляльнае выданне прысвечана багаццю нашай прыроды. Многія з радасцю прачытаюць артыкулы пра аблокі над азёрамі, пра зачараваную Свіслач і палескую Амазонію, пра Нарачанскія казкі і мядзведжыя нетры, пра беларускія лясы, крыніцы і розных звяроў. Паводле Уладзіміра Ягоўдзіка, ён спалучыў звесткі пра беларускія лясы, азёры, рэкі, крыніцы з народнымі паданнямі і легендамі. «Таму, спадзяюся, — адзначае пісьменнік, — што гэтае выданне стане верным сябрам тым, хто хоча пашырыць і ўзбагаціць свае веды па геаграфіі, біялогіі і гісторыі роднага краю».
Уладзімір Ягоўдзік — таленавіты і дасведчаны літаратар. Некалькі гадоў таму стварыў серыю «Скарбы Беларусі» і выдаў шмат цудоўных кніжак для юных і дарослых чытачоў. Ужо пабачылі свет выданні, прысвечаныя нацыянальным паркам «Прыпяцкі», «Браслаўскія азёры», Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, азёрам Беларусі, матылькам, ваўкам, камяням, дзятлам, зубрам і г. д.
А яшчэ Уладзімір Ягоўдзік — цікавы драматург, які стварае п’есы для юных гледачоў. Брэсцкі тэатр лялек у 1983 годзе паставіў яго першую п’есу-казку «Залатое зярнятка». Праз два гады сцэнічнае жыццё зноў жа ў Брэсце атрымала казка «Сонейка, свяці!». Лёс «Сонейка…» быў даволі шчаслівы. Па гэтай п’есе артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы запісалі радыёспектакль на Беларускім радыё. А ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры быў пастаўлены мюзікл. Дарэчы, гэтую п’есу «Ваап-информ» выдаў у Маскве ў 1987 годзе ў перакладзе на рускую мову, а Міністэрства культуры Украіны — паўкраінску. На далёкай Камчатцы (Расія) мясцовы абласны тэатр лялек ажыццявіў пастаноўку п’есы «Пякла баба калачы», якую драматург пісаў у суаўтарстве з А. Пыжыкам.
Шчаслівай на сцэнічнае жыццё была і п’еса «Усміхніся, прынцэса!». У 1991 годзе рэжысёр Мікалай Варвашэвіч паставіў яе на сцэне Слонімскага беларускага драматычнага тэатра пад назвай «Прынцэса і салдат». Беларускае радыё падрыхтавала па гэтай п’есе радыёспектакль.
Сёння Уладзімір Ягоўдзік працуе над новай кнігай. Так што чакаем актуальных і цікавых твораў.
Сяргей ЧЫГРЫН
Фота даслана аўтарам
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-yagoudzik