Ці ведаеце вы выдатнае выказванне Сенэкі Малодшага: «Калі няма далейшага росту, значыць, блізкі канец»? Толькі тады можна дасягнуць новых значных поспехаў, калі нават пры важкіх набытках не спачываць на лаўрах. Яшчэ ў большай ступені гэта тычыцца людзей творчых. Не зважаючы на ўзрост, пры жаданні заўсёды можна знайсці новае прымяненне свайму таленту. Пацвярджэнне гэтаму — творчасць Ганада Чарказяна, у якога якраз і назіраецца пастаянны мастакоўскі рост. Гэта засведчыла яго новая кніга «Дарога на Ушачы» («Дорога на Ушачи»), зялёнае святло якой дало выдавецтва «Ковчег».
Такая назва з’явілася невыпадкова, бо гэта своеасаблівае падарожжа ў адзін з найбольш літаратурна знакамітых раёнаў не толькі Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Безумоўна, ёсць рэгіёны не менш шчодрыя на літаратурныя імёны. Для прыкладу — Случчына, Уздзеншчына. Аднак ні адзін не можа пахваліцца тым, што даў жыццё ажно тром пісьменнікам, якім прысвоена ганаровае званне «Народны». Народныя паэты Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін і народны пісьменнік Васіль Быкаў… Ганад Бадрыевіч невыпадкова ўзяўся сказаць пра іх сваё слова. Далёка не кожны можа пахваліцца асабістым знаёмствам з тымі, хто з’яўляецца гонарам нашай літаратуры, ды яшчэ праславіў яе далёка за межамі Беларусі. Тым больш адначасова з трыма. А для Ганада Чарказяна яны былі яшчэ і старэйшымі сябрамі. Дык грэшна не пазнаёміць з імі бліжэй, каб можна было лепш зразумець іх не толькі як творцаў…
Гэтаму разуменню добра спрыяе матыў дарогі, выкарыстаны аўтарам у якасці мастацкага прыёму. Дарога на Ушачы — тая магістраль, што звязвала ўжо знакамітых літаратараў з іх малой радзімай. Адпаведна ў кнізе з’явіліся і тры раздзелы: «Хата першая», «Хата другая», «Хата трэцяя». У кожным з іх у нечым агульныя развагі, а далей тое, што, з’яўляючыся ў многім асабістым, набывае літаратурна-грамадскае значэнне, бо прыводзяцца факты, іншым невядомыя. Яны паўней і глыбей дазваляюць зразумець Петруся Броўку, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава не толькі як творцаў, а і як людзей. Нібы міні-кніжкі атрымаліся ў адной кнізе: «Гэта Пятрусь Броўка!», «Я пазваню табе з трамвая…» (пра Рыгора Барадуліна), «Васіль Быкаў. Свет бязлітасны».
Кім быў Пятрусь Броўка для Ганада Чарказяна, відаць ужо з такога прызнання: «У маім жыцці мне па-сапраўднаму пашанцавала двойчы. Першы раз, калі я сустрэўся з беларускай дзяўчынай, якая стала маёй жонкай. Другі — калі сустрэўся і пазнаёміўся з Пятром Усцінавічам». Менавіта Пятрусь Броўка стаў першым, хто распазнаў у ім арыгінальнага паэта. Такое не забываецца. Яшчэ і напамін аб тым, як гэта важна, калі ў маладога творцы ёсць мастакоўскі «хросны бацька».
Пазнаёміўшыся бліжэй з Петрусём Усцінавічам, хочацца хутчэй прадоўжыць падарожжа па Ушаччыне. Яно таксама будзе ў радасць, бо дапаўняе партрэт таго, пра каго сказана і так шмат, новымі штрыхамі: з Рыгорам Барадуліным Ганада Чарказяна звязвала шмат агульнага. Ды і па ўзросце яны былі бліжэй. Хіба вялікая розніца — усяго нейкія адзінаццаць гадоў? Асабліва для творцаў, ды яшчэ паэтаў. Ганад Бадрыевіч ахвотна спяшаўся туды, дзе, дазволю сабе перафразаваць Аляксандра Пушкіна, Барадулінскі дух.
Аднак і Пуцілкавічы не спяшаюцца яго адпускаць. Броўкаўскі дух недзе побач. Гэта адчуваецца па тым, што нечакана з’яўляецца жаданне прамовіць свае вершы. Адзін з іх «Памяці Петруся Броўкі»:
Прыемна зорам загарацца.
Няўтульна радасці
З журбою.
Ён для мяне жывы,
Дарадца.
Ён множыць дабрыню
Сабою.
Сваёй маркоце патураю,
І поўны ранішняй пашаны,
Зноў тэлефон я паўтараю,
Не раз, не два
Перапісаны.
Апошняя страфа цалкам адпавядае настрою, які з’яўляецца пры згадцы, што Рыгора Барадуліна няма ўжо на гэтым свеце. Але маркота адразу знікае, бо «дарога сама напявае нам знаёмыя радкі»:
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Гэта пачатак раздзела «Хата другая». Верш, які ў пэўнай ступені ўспрымаецца візітоўкай Рыгора Іванавіча. Несумненна, можна знайсці нямала і больш значных, арыгінальных твораў, але… Як не пагадзіцца з Ганадам Чарказянам: «Гэтыя радкі ўжо даўно набылі крылы песні. А ў 1960 годзе, калі напісаў малады беларускі паэт Рыгор Барадулін, іх цытавалі на памяць ва ўсіх кутках Беларусі. Вершы гучалі як гімн вернасці сваёй малой радзіме, роднаму бацькоўскаму дому. Вершы дагадзілі самому часу. Не было яшчэ ў айчыннай паэзіі роўных па гучанні, па сваім эмацыянальным накале. Радкі сталі адразу ж крылатымі, іх ахвотна падхапілі і наступныя пакаленні».
Ганад Бадрыевіч не прызнаецца ў гэтым, але ў яго душы яны выклікалі іншы водгук, чым у тых, хто адарваны ад роднага дому не так далёка, як ён. Яны сапраўды могуць, а іншыя маглі «дома бываць часцей», «не госцем». А ён… Асмелюся сказаць, што, бадай, і гэта паспрыяла такому цеснаму збліжэнню і сяброўству з Рыгорам Барадуліным — рознасць лёсу: Ушачы блізка, а дзе тое сяло Ерасхаун, што ў Акцембяранскім раёне Арменіі, у якім нарадзіўся Ганад Чарказян?!
Тое, чаго не ставала яму, як бы дапаўняў Рыгор Барадулін. Задумваючыся над лёсам сябра, ён яшчэ больш, яшчэ мацней адчуваў: як гэта добра, калі можна пабываць там, дзе прайшло тваё маленства. Яны не проста сябравалі, а былі блізкімі настолькі, што Рыгор Іванавіч, ужо знаходзячыся, па сутнасці, на мяжы жыцця і смерці, не забываў пра сябра: «Ён паміраў, а свядомасць была яшчэ далучана да паэзіі. Рука ўжо не здольна была трымаць аўтаручку, але радкі ліліся дрыготкім ручаём»:
Размах крыла арла,
Размераны на мрою,
Нясе стралу святла
Даверыцца настрою.
Пакуль ляціць арол,
Усё жыве, як трэба.
Лугамі ўвіты дол
Кунежыць зоры неба.
Верш «Ганаду Чарказяну» 28 лютага 2014 года быў запісаны пад дыктоўку жонкай Рыгора Барадуліна Валянцінай Міхайлаўнай, а 2 сакавіка паэта не стала. Нават калі б Ганад Бадрыевіч абмежаваўся толькі гэтым сведчаннем ды яшчэ адным-другім кароткім, было б дастаткова для таго, каб упэўніцца: іх злучала многае.
У Чарказяна ж факты і толькі факты, а яшчэ здзіўляльнае ўменне належным чынам падаць іх. Так, каб было запамінальным. А для гэтага надта ж прыдатны яго тонкі, дасціпны гумар. І развагі, напоўненыя філасофскім роздумам, мудрасцю, якая так характэрна для горцаў, якія і сабе цану ведаюць, ды іншых людзей добрых ніколі не пакрыўдзяць.
А яшчэ ў Ганада Бадрыевіча ёсць належны такт і пачуццё меры. Ён імкнецца быць праўдзівым, не дадумваючы таго, чаго не было ў сапраўднасці. Але няўхільна прытрымліваецца і іншага, таксама важнага прынцыпу ў падобных матэрыялах: не нашкодзь. У раздзеле «Хата трэцяя», прысвечаным Васілю Быкаву, засведчыўшы, што даўно вядзе дзённікавыя запісы, гаворыць прама: «Там пра нашы ўзаемаадносіны (з Васілём Уладзіміравічам. — А. М.) больш падрабязна. Але, трохі падумаўшы, я вырашыў усё ж не чапаць іх. Яны надта інтымныя, не для шырокага кола чытачоў. Хай яны застануцца толькі маімі — як жывая памяць пра чалавека, якога я паважаю і цаню. У маім сэрцы ён і цяпер жывы».
Хацелася б адзначыць і бездакорнае мастацкае афармленне гэтай сповезі Ганада Чарказяна пра час і пра сябе. Я не абмовіўся — пра сябе таксама. Пішучы пра Петруся Броўку, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, ён, безумоўна, тактоўна згадвае і пра тое, як знаёмства з імі шмат у чым прадвызначыла яго творчы лёс. Дарэчы, добры прыклад для іншых, як трэба пісаць успаміны. Каб былі яны як мага больш аб’ектыўнымі, а асоба самога апавядальніка «не засланяла» таго, пра каго ён згадвае, «не ціснула» на яго з-за жадання падаць тое, што адбывалася, так, каб і самому выглядаць найлепш. Аднак, прамаўлячы словы ўдзячнасці неабавязкова напрамую, часам завуалявана, а то і мімаходзь, вядома ж, раскрываецца сам — душой і сэрцам.
Афармленне кнігі — разгорнутыя ілюстрацыі — выканана мастаком, які ўнутрана блізкі і самому аўтару ды і зусім не чужым быў некаторым з тых, пра каго ў кнізе апавядаецца. Ганаду Бадрыевічу пашанцавала, што яго «Дарогу на Ушачы» ўпрыгожыў Каміль Камал — беларускі мастак азербайджанскага паходжання. Нарадзіўся ў Грузіі. Ужо не адно дзесяцігоддзе жыве ў нашай краіне. Ажаніўся, выгадаваў сына. Мае шмат сяброў-беларусаў. Сярод іх быў і Рыгор Барадулін. Яшчэ пры жыцці Рыгора Іванавіча ён напісаў больш як трыццаць графічных партрэтаў выдатнага творцы. Асобныя партрэты, а таксама малюнкі будуць выкарыстаны ў афармленні кнігі перакладаў Рыгора Барадуліна, што рыхтуецца ў адным з выдавецтваў.
Не мог Каміль Камал застацца ўбаку і ад кнігі, адным з герояў якой з’яўляецца блізкі яму чалавек. Ды яшчэ ў суседстве з Петрусём Броўкам і Васілём Быкавым. Штосьці ўзяў з раней напісанага, нешта з’явілася пад уражаннем рукапісу Ганада Бадрыевіча. Не абышлося і без партрэта самога Чарказяна. У мастацка-выяўленчую кампазіцыю добра ўпісаліся ілюстрацыі: матывы асобных падказаны творамі тых, пра каго расказваецца, ці напісаны пад уражаннем разваг апавядальніка. Усё гэта, з’яднанае, і ўтварыла (калі адштурхоўвацца ад раздзелаў кнігі) яшчэ адну «хату», чацвёртую. Кампазіцыя нібы завяршае тры папярэднія. Тым самым ствараецца своеасаблівая прастора, што аб’ядноўвае «трыпціх памяці і тры партрэты на фоне дарогі» — менавіта такі падзагаловак мае кніга. Знаёмячыся з ёю, адчуваеш: навакольны свет, што атуляе цябе, ператвараецца ў сусвет трох геніяў сучаснай літаратуры. Пасля ўдыхання яго жыватворнага паветра інакш ставішся да жыцця.
Усё апісанае Ганадам Бадрыевічам, у тым ліку і «Дарога на Ушачы» — арганічна, натуральна ўпісваецца ў духоўную прастору Беларусі. Рыгор Барадулін некалі дакладна прыкмеціў: «Сам лёс благаславіў Ганада Чарказяна быць ранішняй памяццю і вечаровым роздумам свайго народа. Быць курдскім паэтам». Аднак да месца невялікае, але істотнае ўдакладненне: адначасова гэта ранішняя памяць, вечаровы роздум і беларускага народа. Ці не сам Усявышні паклапаціўся, каб Ганад Бадрыевіч стаў не толькі курдскім, але і беларускім паэтам? Калі ж глядзець шырэй, то і беларускім празаікам. А яшчэ, як пераканала кніга «Дарога на Ушачы», мемуарыстам. Да канкрэтных рэалій Ганад Чарказян падышоў сумленна, прынцыпова. Важна, што засведчыў і сваё майстэрства публіцыста. Усё разам узятае сведчыць на карысць таго, што ён заслугоўвае Нацыянальнай прэміі Беларусі 2021 года ў намінацыі «Публіцыстыка».
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/ganad-charkazyan
[3] https://zviazda.by/be/tags/daroga-na-ushachy
[4] https://zviazda.by/be/tags/rygor-baradulin
[5] https://zviazda.by/be/tags/ales-marcinovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/kamil-kamal