Як у нашай краіне вядзецца маніторынг водных аб’ектаў і што плануецца зрабіць для забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой, расказалі спецыялісты ў гэтай галіне.
У мінулым годзе завяршыўся першы этап інвентарызацыі паверхневых водных аб’ектаў, якая праводзілася ў рамках Дзяржаўнай праграмы аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
– Даследаваны 8000 буйных водных аб’ектаў: 2298 рэк, 2313 азёр (прычым 1360 з іх – у Віцебскай вобласці), 85 вадасховішчаў, 1931 сажалка, 1183 крыніцы і шэраг вадатокаў, – паведаміла Алена Грамадская, начальнік аддзела паверхневых вод РУП “Цэнтральны НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў”. – У 2021–2025 гадах плануецца другі этап інвентарызацыі, які ахопіць малыя рэкі, ручаі, азёры і сажалкі, у тым ліку з плошчай, меншай за 0,5 км2.
Крыніцы трапілі пад такую пільную ўвагу навукоўцаў упершыню. Высветлілася, што каля 40 % з іх можна выкарыстоўваць для пітнога водазабеспячэння з умовай, што якасць вады ў іх будзе адпавядаць гігіенічным нарматывам. Большасць улічаных крыніц належыць басейну Дняпра.
– Мы актыўна ўзаемадзейнічалі з грамадскімі арганізацыямі, – расказала Алена Іванаўна. – Правялі конкурс на лепшыя працы па інвентарызацыі крыніц малой радзімы. Галоўны вынік сумесных намаганняў – кніга “Крыніцы Беларусі”, падрыхтаваная пры садзейнічанні праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У яе ўвайшлі матэрыялы, дасланыя ўдзельнікамі конкурсу, і 10 прызёраў атрымаюць гэтую кнігу ў падарунак. Далей распрацуем канцэпцыю захавання крыніц, акрэслім іх водаахоўныя зоны.
Пастаянна сочыць за станам паверхневых вод Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Як адзначыла кіраўнік службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамету Алена Багадзяж, маніторынгам ахоплены 160 паверхневых водных аб’ектаў, назіранні вядуцца ў 297 пунктах. Найбольшай антрапагеннай нагрузцы падлягаюць вадаёмы басейнаў Заходняга Буга, Прыпяці і Дняпра. Асноўныя забруджвальныя рэчывы – злучэнні азоту і фосфару, якія трапляюць у ваду са сцёкавымі водамі прадпрыемстваў, у тым ліку ЖКГ. Аднак цягам апошніх гадоў аб’ёмы недастаткова ачышчаных сцёкавых вод змяншаюцца. Большасць водных аб’ектаў, пераважна ў басейнах Нёмана і Заходняй Дзвіны, маюць добры і выдатны статусы.
Цэнтралізаванае водазабеспячэнне гарадоў, гарадскіх і сельскіх пасёлкаў, прамысловых прадпрыемстваў базіруецца на выкарыстанні прэсных падземных вод. Да яго падключаны 94,7 % спажыўцоў краіны. Кіраўнік дзяржавы і ўрад пазначылі мэту: да 2025 года забяспечыць якаснай пітной вадой 100 % спажыўцоў. Генеральны дырэктар ДВА «Белвадаканал» Алег Конан нагадаў, што Пастановай Савета Міністраў № 50 ад 28 студзеня гэтага года зацверджана новая дзяржаўная праграма “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”. Паводле яе падпраграмы “Чыстая вада”, плануецца пабудаваць больш за 860 станцый абезжалезьвання, падключыць да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння 109 населеных пунктаў, рэканструяваць 70 збудаванняў біялагічнай ачысткі.
Святлана ІШЧАНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/svyatlana-ishchanka
[2] https://zviazda.by/be/tags/vodnyya-resursy
[3] https://zviazda.by/be/tags/vada
[4] https://zviazda.by/be/tags/reki
[5] https://zviazda.by/be/tags/krynicy-belarusi