Пры жаданні нават такая не вельмі вялікая навучальная ўстанова ў глыбінцы можа ператварыцца ў сапраўдны Галівуд. Рэпарцёры, артысты, сцэнарысты — гэта ўсё не праблема, калі ёсць жаданне праявіць крэатыўнасць. А які школьнік у душы не марыць трапіць у кадр, або, у крайнім выпадку, зрабіць яго? Настаўнікі клічаўскай школы № 2 вырашылі не перашкаджаць рэалізацыі мар сваіх выхаванцаў, яны толькі каардынуюць працэс і, як той казаў, ствараюць творчую прастору.
Праект 2TV
Усё пачалося з газеты, якую ў школе пачалі выпускаць некалькі гадоў таму. Над нумарамі працуюць школьнікі, а каардынуе іх работу бібліятэкар Дар'я Лызо. Нумары размяшчаюцца на сайце ў электронным выглядзе. Папяровы варыянт можна пагартаць у бібліятэцы. Інфармацыі сапраўды шмат. Школьныя журналісты пішуць пра тое, як праводзяць шосты дзень, удзельнічаюць у спаборніцтвах, якія праекты ажыццяўляюць, дзе адпачываюць. Тут жа віншаванні, падзякі, паведамленні. Акрамя асабістага сайта і друкаванай версіі, існуе яшчэ старонка ў сацсетках. І падпісчыкаў там шмат.
— А сёлета мы вырашылі зрабіць тэлеверсію газеты і паспрабаваць укараніць інавацыйны праект — тэлебачанне пад назвай 2TV, — удакладняе дырэктар школы Таццяна Белабародая. — Двойка наперадзе азначае прыналежнасць тэлебачання да нашай школы № 2. Спецыяльнага абсталявання не спатрэбілася. Ва ўсіх дзяцей ёсць мабільныя тэлефоны, праграмкі для мантажу можна знайсці ў інтэрнэце, інтэрактыўныя дошкі можна выкарыстоўваць замест экрана, а сацсеткі — для эфіру. Укладанняў, як бачыце, амаль ніякіх, затое карысці шмат. Развіваем камунікатыўныя здольнасці нашых дзяцей. Пакуль мы толькі ў пачатку шляху, але ўжо цяпер можна казаць пра першыя поспехі. Праект дазваляе навучыць дзяцей размаўляць, аналізаваць, даведвацца пра нешта новае. Ды і наогул, працаваць на камеру не так проста. Трэба прадумваць кожны крок, умець нешта сказаць.
Думкі ўкараніць нешта падобнае ў настаўнікаў школы былі і раней, але штуршком стаў менавіта конкурс, які аб'явілі раённыя аддзелы адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Конкурс, дарэчы, датычыўся сацыяльных праектаў па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. А што можа быць больш дзейсным, чым прафілактыка з дапамогай тэлебачання?
— Распрацавалі адпаведны сацыяльны праект і цяпер яго рэалізоўваем, — кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Навумовіч, а па сумяшчальніцтве яшчэ і кіраўнік праекта. — У маі будзем падводзіць вынікі. Плануем ахапіць ім максімальную колькасць дзяцей і стварыць унутраную грамадскую арганізацыю — школьную кінастудыю 2TV. Гэта не значыць, што ўсе будуць карэспандэнтамі. Нам сёння вельмі не хапае артыстаў. І цяпер мы рыхтуем для сябе будучых зорак. Наогул, для тэлебачання патрэбна шмат розных спецыялістаў. І мы ведаем, што без ініцыятывы дарослых дзеці самі нічога не змаглі б зрабіць. Нават будучыя «кадры» трэба правільна адабраць, ацаніць здольнасці вучня. І нашы настаўнікі сёння гэтым займаюцца. Ёсць усе спадзяванні, што праект будзе вельмі цікавы і ўплывовы.
Сам сабе рэжысёр
Тэм для рэпартажаў хапае. Нават нагадаць лішні раз пра тое, каб не смецілі, не перашкодзіць. Але зрабіць гэта не крыўдна, без усялякіх там натацый, у жартаўлівай форме. Спецыяльна пад такія відэа ёсць нават рубрыка «Ролікі не ролікі». Вось, напрыклад, як пераканаць дзяцей, што нельга адмаўляцца ад сняданку? Тутэйшыя вынаходнікі параўналі вучня з мабільным тэлефонам, які разрадзіўся яшчэ да канца ўрокаў і ўжо не мог працаваць. Магчыма, асацыяцыя застанецца і нехта перагледзіць свае адносіны да ранішняга перакусу. Нясумна падаюцца і сацыяльныя ролікі. Стваральнікі імкнуцца ўкласці ў іх як мага больш карыснай інфармацыі. А яшчэ даюць магчымасць паглядзець на сябе збоку. Паказаць, напрыклад, што адбываецца, калі пераходзіць пешаходную «зебру» ў навушніках. Нават інтэрв'ю з пракурорам можна падаць цікава. А заадно папярэдзіць аб адказнасці. Звычайна ўсе ведаюць толькі свае правы.
— Вакол столькі інфармацыі, што не паспяваем усё ахапіць, — усміхаецца Наталля Навумовіч. — Мы зрабілі некалькі раздзелаў, каб паказаць нешта найбольш важнае і карыснае. Адна з такіх рубрык — «Праўнукі пераможцаў». Гэта тэма датычыцца кожнай без выключэння сям'і. У нас шмат інфармацыі пра ветэранаў, у тым ліку і інтэрнацыяналістаў.
У дапамогу 2TV у школе ёсць музей. Там можна даведацца і пра Філіпа Кавалёва, імя якога носіць школа. Ён Герой Савецкага Саюза, перапахаваны на тэрыторыі Клічаўскага раёна. На базе музея працуе гурток «Юны экскурсавод», дзе падлеткі вучацца расказваць пра экспанаты. А яны збольшага адносяцца да ваеннага перыяду. Дарэчы, відэа, дзе юныя экскурсаводы знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй свайго краю, таксама можна знайсці на сайце школы. «Цяпер усе жадаючыя змогуць пабываць у нашым музеі», — радуюцца дзеці.
— А яшчэ ў нас ёсць вельмі добрая традыцыя — Дзень гонару школы, — дадае Таццяна Белабародая. — Гэта вялікае мерапрыемства, якое праводзіцца ў канцы навучальнага года. На яго мы запрашаем сваіх найлепшых вучняў, іх бацькоў, валанцёраў. Уручаем падзячныя лісты, дзякуем за неабыякавасць і стараннасць. Адзначаем усіх, хто сябе хоць у чымсьці праявіў. Тых жа лідараў па збору другаснай сыравіны. Наша школа, дарэчы, здае каля 10 тон макулатуры ў год. А яшчэ збіраем пластыкавыя бутэлькі і асобна накрыўкі — ёсць такая дабрачынная рэспубліканская акцыя, якая дапамагае цяжкахворым дзецям. Падключылі і бацькоў.
Вермітэхналогіі, модныя калекцыі, міжнародныя праекты
Настаўнікі і вучні клічаўскай школы № 2 увесь час у нечым удзельнічаюць. Яны першыя ў раёне сталі ўдзельнікамі міжнароднага праекта па стварэнні вермітэхналогій і цяпер распаўсюджваюць вопыт па асновах вермікультывавання.
А яшчэ тут існуе своеасаблівая школа мадэлявання, якую вядзе таленавітая ва ўсіх адносінах майстар-закройшчык Святлана Яшчук. Яна — аўтар моднай калекцыі ў народным стылі з ільну і бавоўны пад назвай «Бабулі дзіўныя ўзоры». Вышытыя спадніцы, аксесуары ў народным стылі — прыгажосць неверагодная! Некалькі гадоў таму майстрыха распрацавала калекцыю для абласнога конкурсу «Залатое вераценца», які праходзіў у рамках Года малой радзімы. «Робім усё гэта з мэтай, каб дзяўчынкі нашы ведалі беларускія народныя традыцыі і не саромеліся іх папулярызаваць. Наша вышыўка адрозніваецца ад той, што ў заходніх рэгіёнах, яна больш сціплая», — кажа настаўніца. А вышывалі гэтыя рэчы і цяпер дэманструюць іх на розных мерапрыемствах яе вучаніцы.
— У нас на ўроках ёсць варыятыўная частка, падчас якой дзяўчаты могуць паглыбіць свае веды і навучыцца вышыўцы крыжам з чыстым сподам. Па гэтым правяраецца майстэрства вучаніцы, — адзначае Святлана Яшчук. Дарэчы, у школе яна працуе ўжо 15 гадоў. Майстрыха на ўсе рукі: можа не толькі кроіць і шыць, але і вязаць кручком, на прутках, займаецца вышываннем, дэкарыраваннем, робіць аплікацыі...
Яшчэ адна калекцыя настаўніцы наогул авангардная — з парасонаў. З такімі ўборамі прыемна гуляць у дажджлівае надвор'е. Святлана Яшчук тым часам дастае з шафы рознакаляровыя спаднічкі і кашулі для школьных мерапрыемстваў. Вось табе і касцюмерная для герояў школьнага тэлебачання. Дарэчы, дзве сучасныя швейныя машынкі школа атрымала за перамогу ў праекце «Рамонак». Яшчэ адну ёй падарыла грамадская арганізацыя «Белая Русь».
Больш за палову настаўнікаў — былыя вучні
Як у адной школе можа працаваць столькі творчых людзей? Настаўнікі толькі ўсміхаюцца ў адказ, маўляў, гэта ўсё традыцыі. 56 % тутэйшых педагогаў — былыя вучні. Некаторыя спецыяльна вучацца на настаўніка, каб потым вярнуцца сюды працаваць. І ўсе без выключэння выпускнікі, калі прыязджаюць дадому на канікулы або святы, стараюцца забегчы сюды хоць на хвілінку. Цікава ж даведацца, што там у іх школе яшчэ незвычайнага прыдумалі.
— Школа наша адносна маладая, існуе з 1971 года, — кажа дырэктар, дарэчы, таксама выпускніца адной са школ гэтага раёна. — Сёння тут вучыцца крыху больш чым 330 вучняў, працуюць 39 педагогаў. Сярэдні ўзрост настаўнікаў — 40 гадоў. І ў кожнага шмат вучняў, з якімі не страчваецца сувязь нават пасля школы. Мы не прывыклі жыць сумна, гэта і ёсць наш галоўны сакрэт і стымул да дзеяння.
Каментарый у тэму
Святлана Шутава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
— Гэта добры прыклад таго, як павінна працаваць кожная школа — «з агеньчыкам», цікава, пазнавальна. Тут заўсёды рэалізуюць нейкія праекты, ідэі, ініцыятывы. Цудоўны калектыў, таленавітыя і апантаныя ў добрым сэнсе слова дзеці. Наогул, Клічаўскі раён вельмі творчы. Як прадстаўнік гэтай акругі, заўсёды з задавальненнем наведваю тутэйшую школу мастацтваў, дзе працуе шмат творчых людзей. Іх вучні — частыя пераможцы на конкурсах і фестывалях усіх узроўняў. Асаблівасць гэтай школы яшчэ і ў тым, што тут мае магчымасць займацца нават дарослае насельніцтва.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/shkolnae-asyaroddze
[5] https://zviazda.by/be/tags/telebachanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc
[7] https://zviazda.by/be/tags/shkola