Жыхар вёскі Салтаны Яўген Садоўскі замахнуўся на вырашэнне цікавай, але няпростай задачы — рэканструяваць драўляны трынаццаціметровы вятрак, які стаіць на ўзгорку акурат за вясковым агародам і з кожным годам усё больш і больш прыходзіць у занядбанне.
Ветравая машына была прывезена сюды пасля вайны з суседняга — Валожынскага — раёна, і, калі верыць старэйшым вяскоўцам, ёй не менш як сто пяцьдзясят гадоў. Але спачатку 37-гадовы энтузіяст плануе завяршыць макет млына — падобную як знешне, так і знутры, толькі паменшаную ў дзесяць разоў, рухомую і дзеючую копію. З ранку да вечара малады мужчына ўвіхаецца на сваёй падсобнай гаспадарцы, трымае шэсць кароў, іншую жыўнасць, а ў вольны час, якога, як заўсёды, няшмат, займаецца замерамі механізма, чарцяжамі і выпілоўваннем мініяцюрных дэталяў для макета.
— Мой дзед Андрэй Аляксандравіч Радкоўскі — здольны і працавіты сталяр і цясляр, быў апошнім млынаром на гэтым млыне. Мне было сем гадоў, і дзед дазваляў быць побач, глядзець, як мелецца збожжа. Памятаю, механізм ужо прыводзіўся ў рух электрычнасцю, я не бачыў, каб млынавыя крылы-лопасці калі-небудзь круціліся, — згадвае Яўген. — Тут малолі зерне і для калгасных ферм, і для насельніцтва. У канцы дзевяностых стары млын «адправілі на пенсію», і ён застаўся без догляду. Так хочацца ўзвезці помнік сялянскай працы, вярнуць яму не толькі прыстойны выгляд, але і належную славу, якую ён заслужыў. А як будзе выглядаць наш пагоркавы ландшафт з ветраком — неверагодна! Калісьці ў нашай акрузе пад дзясятак ветракоў працавала...
Мары, жаданні і прапановы жыхара Салтаноў наконт ветрака былі ўхвалены ў мясцовай гаспадарцы «Гарадзілава» — там паабяцалі дапамагчы з будматэрыяламі. А гэта дае надзею і ўпэўненасць апантанаму рупліўцу.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Маладзечанскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya