У Мінску праходзіць І Беларускі маладзёжны парламенцкі форум. На працягу двух дзён з 25 да 26 сакавіка ён аб'ядноўвае маладых палітыкаў, прадстаўнікоў органаў маладзёжнага парламентарызму, грамадскіх рухаў і арганізацый.
Сёння ў Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» у рамках адукацыйнай праграмы кампетэнтныя спецыялісты правялі для моладзі лекцыі па такіх тэмах, як аратарскае майстэрства, асабісты брэнд, прасоўванне ў сацыяльных сетках, палітычная рыторыка — усё тое, што павінен умець і чым павінен валодаць малады парламентарый. Сёння для маладых людзей прадоўжацца мерапрыемствы, сярод іх — сустрэча з кіраўніцтвам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і экскурсія па Палацы Незалежнасці. У ходзе правядзення форуму таксама адбудзецца фінал нацыянальнага конкурсу «Каманда будучыні» ў намінацыі «Палітыка», які завершыцца ўзнагароджаннем пераможцаў.
Гаворачы аб задачах І Беларускага маладзёжнага парламенцкага форуму, старшыня пастаяннай камісіі Маладзёжнага парламента па інфармацыйнай палітыцы, тэхналогіях і сувязях з грамадскасцю Анастасія ЦАЛЮК патлумачыла:
— Асноўная мэта — аб'яднаць маладых палітыкаў, прадстаўнікоў органаў маладзёжнага парламентарызму, грамадскіх рухаў і арганізацый і выявіць найлепшых з іх для далейшай работы. Удзельнікамі форуму сталі каля ста маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 31 года, якія маюць досвед грамадскай дзейнасці не менш як год. Нацыянальны праект «Каманда будучыні» — гэта кадравы конкурс, задачай якога з'яўляецца пошук, развіццё і падтрымка перспектыўных лідараў. Для паспяховага ўдзелу ў ім маладому чалавеку трэба валодаць пэўнымі якасцямі: перш за ўсё быць ініцыятыўным, крэатыўным, мець некаторыя кіраўніцкія навыкі, быць лідарам, які не баіцца заявіць пра сябе, прэзентаваць сваю ініцыятыву, якую можна ў далейшым рэалізаваць і выкарыстоўваць у розных галінах. Конкурс прадугледжвае фарміраванне ва ўдзельнікаў кампетэнцый у сферы кіравання, у тым ліку праз праходжанне навучання, стварэнне камунікацыйнай пляцоўкі для абмену вопытам паміж удзельнікамі, садзейнічання іх развіццю і распаўсюджванню найлепшых ідэй. Першы этап «Каманды будучыні» накіраваны на выяўленне маладзёжных лідараў у галіне палітыкі. Пераможцы змогуць стаць на час дублёрамі першых асоб дзяржавы, правесці з імі пэўны час, паспрабаваць свае сілы ў гэтай сферы. У будучыні плануем правесці такія этапы і выявіць маладзёжных лідараў у галіне культуры, прамысловасці, энергетыкі. Бо галоўная задача Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь — даць магчымасць маладым людзям заявіць пра сябе і праявіць свой патэнцыял па максімуме.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/parlamencki-forum
[4] https://zviazda.by/be/tags/palityka
[5] https://zviazda.by/be/tags/forum
[6] https://zviazda.by/be/tags/moladz