Рука не падымаецца прылічыць старадаўні Чэрск да вёсак, якія знікаюць. Таму давялося сёння крышку адысці ад традыцыйнай рубрыкі. Хоць тэндэнцыя быццам бы ляжыць на паверхні: у пасляваенны час тут пражывала больш за 700 чалавек, зараз засталося каля 80. Ды ўсё ж людзі вераць, што іх цудоўная вёска застанецца, не знікне з карты радзімы. Чэрск славіцца сваімі людзьмі, якіх у ваколіцы спрадвеку лічылі працаўнікамі, а спявалі яны — як ніхто ў акрузе. Некалі было ганарова, напрыклад, узяць жонку з Чэрска.
Хто каго пераспявае
Галоўная збіральніца і захавальніца тутэйшай гісторыі Вольга Стаднік да дня вёскі аднойчы напісала такія радкі:
Бо так было, і хай так будзе:
Каб тут жылі заўсёды людзі!
Ну хто ж лепей раскажа пра Чэрск, як Вольга Дзмітрыеўна, настаўніца на пенсіі, якая тут нарадзілася і вырасла, усё жыццё працавала, сабрала шмат дакументаў, матэрыялаў, успамінаў землякоў! Тут жылі яе дзяды, бацькі.
— У маладосці мне здавалася, што Чэрск самы лепшы, самы шляхетны з населеных пунктаў, — з усмешкай згадвае Вольга Дзмітрыеўна. — Некалі, пасля заканчэння інстытута, прапаноўвалі працаваць у Мухаўцы, у Тэльмах, у Матыкалах, а я выбрала сваю вёску. Цяпер згаданыя населеныя пункты ператварыліся ва ўрбанізаваны прыгарад Брэста, а наша вёсачка паціху згасае. Але ж я пра свой выбар не шкадую, тут прайшлі найлепшыя гады, тут выраслі мае дзеці, падрасталі многія пакаленні вучняў, для мяне тут — найлепшае месца на зямлі.
Суразмоўніца прыносіць стос сшыткаў — гэта толькі невялікая частка таго, што яна сабрала пра гісторыю краю. А падштурхнула на гэты збор сельскую настаўніцу, як ні дзіўна, хвароба маці. «Калі мама захварэла, і шмат часу трэба было праводзіць каля яе ложка, стала запісваць яе расповеды, а таксама песні. Маці ведала вялікае мноства песень, хораша спявала». Хворую суседку заходзіў праведваць 92-гадовы дзядок. Ён таксама ж не так сядзеў, расказваў нешта са свайго жыцця, часта гэта былі даволі цікавыя гісторыі, паступова стала іх занатоўваць. Адначасова пачала цікавіцца тэмай, у адмысловую папку складвала выразкі з газет, часопісаў. Калі ў школе заўважылі яе цікавасць да гісторыі краю, даручылі краязнаўчы гурток. Добра, што тады здагадалася запісаць народныя песні. Сабрала, запісала іх больш за сто, вясельны абрад занатавала. Паспела, бо многіх самых яркіх вясковых спявачак, на жаль, ужо няма.
— Раней, у маім дзяцінстве яшчэ, паўсюль спявалі: у полі за работай, кароў пасвілі — спявалі, — згадвае былая настаўніца. — Быў такі дзед Даніла, дык ён без песні зусім не жыў. Расказвалі, нават з пахавання ідзе — і то спявае, у яго на ўсе выпадкі жыцця быў адпаведны рэпертуар. А вечарам моладзь выходзіла з суседніх вёсак і з Чэрска таксама на бераг рэчкі нашай Капаёўкі, ладзілі своеасаблівае спаборніцтва — хто каго пераспявае. Дык вось чэрскія заўсёды перамагалі — усіх пераспёўвалі. У царкоўным хоры больш за 30 чалавек было. Наш хор на ўсю акругу славіўся. А школьнікі на любых аглядах самадзейнасці вызначаліся, нязменна першае месца прывозілі.
Гісторыя школы
Афіцыйна датай заснавання Чэрска лічыцца 1701-ы, год заснавання царквы. Але ж царкву, як вядома, ставілі не ў чыстым полі, а ў населеным пункце. Пазней у розных крыніцах настаўніца знаходзіла звесткі пра вёску пачынаючы з ХV стагоддзя. Гэтай восенню будуць урачыста адзначаць 320 гадоў царквы, якая, дарэчы, ніколі не закрывалася. І з'яўляецца намінантам на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА як аб'ект культавага драўлянага дойлідства палескага рэгіёна.
Нямала цікавых звестак знайшла Вольга Стаднік у розных крыніцах аб тым, як жылі яе аднавяскоўцы ў ХІХ стагоддзі. Пачатковая школа працавала ў вёсцы ў 1864—1867 гадах, потым была зачынена, бо настаўнік выехаў, і вучыць дзяцей не было каму. Школа працавала толькі зімой, калі на палях завяршалі работу, вучыліся толькі хлопчыкі. Ад дзяржавы настаўнік не атрымліваў зарплату, сяляне кармілі і апраналі яго. Часта настаўнік, каб пракарміцца, летам наймаўся пасвіць скаціну. Зразумела, што адукаваны чалавек доўга не вытрымаў і выехаў адсюль. На рубяжы ХІХ—ХХ стагоддзя пачатковая школа аднавіла дзейнасць. Тады ўжо настаўніка прыслалі за кошт казны, але зноў жа, заняткі вяліся ў вясковай хаце і толькі зімой.
Пасля вайны ў Чэрску арганізавалі васьмігодку. Потым школа называлася няпоўнай сярэдняй, базавай. Адзін час вучыліся ў дзве змены, былі паралельныя класы, працавала вячэрняе аддзяленне. З гадамі дзяцей станавілася ўсё менш. Закрылі навучальную ўстанову ў 2002 годзе. Выпускнікі Чэрскай школы жывуць і працуюць па ўсёй былой вялікай краіне, сярод іх ёсць урачы, настаўнікі, інжынеры, многія выбралі ваенную службу.
Гады акупацыі
А тады, адразу пасля вызвалення, школа адкрылася ў хаце Квяткоўскіх. Гэтая сям'я была расстраляна за тое, што ў іх хляве знайшлі радыёпрыёмнік. Нібыта яны слухалі Маскву. У вёсцы расказвалі, што прыёмнік той аказаўся ў іх выпадкова. Вайсковая часць адступала, людзі разбіралі маёмасць, якую ваенныя пакінулі ў спешцы, у асноўным бралі гаспадарчыя рэчы. Квяткоўскія прыйшлі ў ліку апошніх ды прыхапілі прыёмнік, можа, ні разу яго і не паслухалі... Расстралялі за час акупацыі ў вёсцы 31 чалавека. У іх ліку было немаўлятка, якое бацькі не паспелі нават ахрысціць. Забівалі пры любым падазрэнні на тое, што быў камуністам, актывістам, што нейкім чынам спрычыніўся да савецкай улады.
Вайна стала самым страшным выпрабаваннем для Чэрска. Асабліва калі прайшлі першыя расстрэлы, людзі жылі ў пастаянным страху: ці мала каму прыйдзе ў галаву нешта сказаць пра ранейшы занятак суседа альбо яго пазіцыю пры ранейшай уладзе. Знаходзіліся ж злыдні, якія даносілі. А ў тых, хто меў дзяцей юнацкага ўзросту, была свая бяда: іх забіралі на работу ў Германію.
У 1944-м на вайну з вёскі прызвалі 66 мужчын, вярнуліся з фронту 46, 20 чалавек загінула. Пра ўсіх, хто аддаў жыццё за радзіму, у Вольгі Стаднік ёсць матэрыялы. Ваенную частку гісторыі яна пачала складаць, калі рыхтавалася раённая кніга «Памяць» у 1970-я. Тады запісалі ўспаміны ўдзельнікаў вайны, яны амаль усе былі жывыя. Сустракаліся з удовамі, іншымі сваякамі загінулых. Збіралі ўспаміны відавочцаў пра гады акупацыі. Матэрыялы аддрукавалі на машынцы, адвезлі ў раённы камітэт партыі. А чарнавікі ў Вольгі Дзмітрыеўны засталіся. Праз шмат гадоў яна выкарыстае іх для напісання нарыса па гісторыі сваёй вёскі. Але пра гэта крыху пазней…
Радзільня дома
А пасля вайны ў Чэрску быў нават радзільны дом. Усё разам сышлося: пасляваенны ўздым эканомікі, вера людзей у лепшае жыццё, спакой мірных гадоў — адным словам, нараджальнасць пайшла рэзка ўгору. Раён тады быў Дамачаўскі, і раённая радзільня ў Дамачаве не спраўлялася з патокам парадзіх. Вось і адкрылі філіял у Чэрску ў 1957 годзе.
Радзільню, вядома ж, не ўзводзілі, а ўсталявалі, паводле традыцый таго часу, у адным з дамоў, дакладней, у прасторным доме Праскоўі Харс. У гэтым доме з'явіліся на свет многія вяскоўцы. Калі радзільны бум пайшоў на спад і аддзяленне праз два гады зачынілі, у 1960 годзе ў Чэрску нарадзілася 60 дзяцей, пра гэта знайшліся дакументальныя звесткі. А ў папярэднія гады, трэба думаць, нараджалася яшчэ больш.
Медыцынскі персанал — урач і фельчар — былі прыкамандзіраваны да ФАПа, які абслугоўваў пяць вёсак. Фельчарска-акушэрскі пункт працягваў працаваць, вядома, і пасля закрыцця радзільні. А знакамітая чэрская фельчарка Марыя Андрэеўна Свістун, якая працавала ў вёсцы з 1955 па 2013 год, стала проста мясцовай легендай. Яе паважліва называлі доктаркай. У вёсцы лічылі, што яна магла б стаць прафесарам, свяцілам медыцыны, каб у свой час атрымала адукацыю. Ніхто не памятаў выпадку, каб пастаўлены ёй дыягназ не пацвердзіўся потым у бальніцы. А лячыць яна ўмела і словам.
Землякам — з любоўю
Вольга Дзмітрыеўна можа расказаць пра многіх сваіх землякоў. Нястомным працаўніком, чалавекам вялікіх сумлення і годнасці лічыць яна старшыню калгаса Івана Іванавіча Дугельнага. Некалі ж у Чэрску быў асобны калгас, як, дарэчы, і сельскі Савет. Старшыню Дугельнага былыя калгаснікі згадвалі з нязменнай павагай. Яго жонка Марыя Сяргееўна была перадавой звенавой паляводчага звяна, потым працавала даяркай, цялятніцай. «Вялікая рэдкасць, каб жонка старшыні была на такой рабоце», — заўважае Вольга Дзмітрыеўна, і застаецца з ёй пагадзіцца.
Спачатку культработнік, пазней гандлёвы работнік, нарэшце старшыня Чэрскага сельскага Савета Іван Сцяпанавіч Качалоўскі быў надзвычай чулым чалавекам, дапамагаў заўсёды і ўсім. Незвычайны жыццялюб, ён дзяліўся аптымізмам з навакольнымі. Няма такога падворка ў Чэрску, дзе б ні раслі Іванавы грушы і яблыні. Як і Марыя Андрэеўна, Іван Сцяпанавіч зусім нядаўна пайшоў з жыцця.
Аляксандр Харс, па прафесіі настаўнік англійскай мовы, заўчасна памёр летась, пакінуў пасля сябе цудоўныя вершы. Зараз сельвыканкам займаецца пошукам спонсара, каб тыя вершы выдаць асобным зборнікам.
Матэрыялаў у рупліўцы сабралася многа і пра гісторыю, і пра землякоў, але ўсе яны да часу былі ў розных сшытках і папках, патрабавалася сістэматызацыя. Ды ў пенсіянеркі ўсё рукі не даходзілі. Аднойчы падзялілася думкамі са старшынёй Дамачаўскага сельскага Савета Анатолем Струком. Дык ён літаральна назаўтра прывёз камп'ютар і сказаў: «Пішыце, Вольга Дзмітрыеўна, прыводзьце ў сістэму. Грэх такім напрацоўкам прападаць». Вось так паціху набірала, выпраўляла, потым дапрацоўвала, перакладала на беларускую тое, што было напісана па-руску. І ўсё гэта аформілася ў гісторыка-краязнаўчы нарыс «Зямля бацькоў — зямля святая».
Пра выданне паклапацілася мясцовая ўлада. Нарыс аддрукавалі ў адным са сталічных выдавецтваў. Аўтар спадзяецца, што да свята вёскі, якое будзе прымеркавана да 320-й гадавіны царквы ў лістападзе, зможа падарыць брашуру многім і многім землякам.
На такія святы, як правіла, з'язджаюцца нашчадкі тутэйшых гаспадароў з усіх куткоў краіны, нават з-за мяжы. У Вольгі Дзмітрыеўны была мара аформіць музей гісторыі вёскі ў будынку былога клуба.
Пра многае напісала ў сваім нарысе былая настаўніца. А яшчэ адзначыла агульныя рысы сваіх аднавяскоўцаў. Паводле яе назіранняў, землякоў вызначае ўнутраная культура, не ганарлівасць, але пачуццё ўласнай годнасці. Тут за гонар лічылася быць працавітым, усё ўмець рабіць сваімі рукамі, а вось п'янства, гультаяватасць заўсёды знаходзілі асуджэнне.
Аўтар кнігі, Вольга Стаднік, 43 гады адпрацавала ў школе. Яе справу працягваюць дачка, нявестка, ужо і ўнучка паступіла на гістфак.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/chersk
[5] https://zviazda.by/be/tags/volga-stadnik
[6] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyoska