У вялікай Харальнай сінагозе ў Слоніме пачалася новая эпоха. На гэты раз важны аб’ект яўрэйскай спадчыны расквітнее ў VR-рэальнасці. Нядаўна група беларускіх спецыялістаў скончыла працу па рэканструкцыі будынка, пабудаванага ў 1642 годзе.
Пятнаццаціхвілінная віртуальная экскурсія па Слонімскай сінагозе часоў яе росквіту (XVII−XIX стагоддзе) з’яўляецца першым падобным праектам. Над ім працавала цэлая каманда вузкапрофільных спецыялістаў: гісторыкаў, рэстаўратараў, мастакоў, 3D-дызайнераў, IT-інжынераў.
Рэстаўрацыйныя работы былі заснаваны на архіўных дакументах, сярод якіх абмерныя чарцяжы і фотадакументы 1930-х гадоў, а таксама роспісы ў сінагогах Усходняй Еўропы, якія дайшлі да нашых дзён. Над зборам гэтых дадзеных у пачатку 1990-х гадоў працавала Творчая майстэрня «Басталія».
— Аналагі дазволілі пераканацца, што знойдзеныя фрагменты жывапісу ў Слоніме — гэта толькі невялікая частка роспісаў, якія або страчаныя, або знаходзяцца пад найпознімі пластамі фарбаў, — адзначылі ў творчай майстэрні.
У прыватнасці, гэта дало магчымасць рэканструяваць страчаныя фрагменты роспісаў і мэблі для Слонімскай сінагогі.
Сам віртуальны тур заснаваны на старанна прапрацаванай рэалістычнай 3D-мадэлі сінагогі з дэталізацыяй экстэр’ера і навакольнага асяроддзя, інтэр’еру. Каб акунуцца ў атмасферу даўніны, трэба выкарыстоўваць VR-шлем.
Спярша гледача чакае «наведванне» будынка ў яго арыгінальным выглядзе, дзе фігуруюць арыгінальныя роспісы сцен, архітэктурныя элементы. Усё гэта дапоўнена архіўнымі аўдыёзапісамі.
Удзельнік тура мае магчымасць вольна перамяшчацца ўнутры збудавання. Можна не накіроўвацца па сцэнару, а «блукаць» па канструкцыі з дапамогай навігацыі і сваіх інтарэсаў. У канцы сеансу ёсць магчымасць параўнаць версію сінагогі пасля віртуальнай рэстаўрацыі з яе цяперашнім, запушчаным, станам.
Экскурсія даступна на дзвюх мовах — рускай і англійскай, што дазволіць дэманстраваць праект у любым музеі свету. Дзякуючы гэтаму можна максімальна паглыбіцца ў культурны кантэкст, у якім злучаныя гістарычная спадчына і новыя тэхналогіі.
Стварэнне VR-рэканструкцыі Слонімскай сінагогі з’яўляецца пілотным у мультымедыйным праекце Belarus Shtetl, звязанага з культурай беларускіх мястэчак, дзе да Халакосту пражывала ў большасці яўрэйскае насельніцтва. Ён накіраваны на пераасэнсаванне гісторыі беларускіх яўрэяў з дапамогай новых тэхналогій і сучасных сродкаў камунікацыі.
— Рэканструкцыя Слонімскай сінагогі ў віртуальным асяроддзі — гэта ўнікальны досвед пагружэння ў культурны кантэкст, у якім гістарычная спадчына і новыя тэхналогіі злучаюцца ў адзінае рашэнне. Сёння, калі віртуальная рэальнасць усё больш і больш фіксуецца на стварэнні выдуманых светаў і герояў гульняў, ідэя арганізатараў праекта ўзнавіць аўтэнтычны гістарычны будынак стала сапраўдным адкрыццём, — растлумачылі распрацоўшчыкі кампаніі «Экспазіт».
Дарэчы, наведаць віртуальны тур па Слонімскай сінагозе можна з 1 па 14 красавіка на VR-экспазіцыі Belarus Shtetl у культурным цэнтры «Корпус» (Мінск, пр-т Машэрава, 9/8). Час працы экспазіцыі: пн. — сб.з 14.00 да 20.00, нд. выхадны. Уваход вольны. Папярэдняя рэгістрацыя па спасылцы [5] гарантуе наведванне 15-хвіліннага VR-тура ў абраны часовай прамежак.
Аліса СКІБА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alisa-skiba
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/kultura
[5] https://widget.bookform.ru/50639
[6] https://zviazda.by/be/tags/sinagoga
[7] https://zviazda.by/be/tags/slonim
[8] https://zviazda.by/be/tags/vr-tehnalogii
[9] https://zviazda.by/be/tags/virtualny-tur