Ці заўважылі вы, як раптоўна пацяплела, як лагодна прыгрэла сонейка? Мабыць, надвор’е ўрэшце палепшылася таму, што ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося гуканне вясны...
Не заўсёды вясна-красна прыходзіць да нас згодна з календаром. Сёлета яна выдалася нейкай нерашучай і раз-пораз адступала перад зімой. Таму ў суботу, 27 сакавіка, супрацоўнікі музея запрасілі ўсіх гасцей да галоўнай сцэны, каб дружна пагукаць яе.
Свята распачаў фальклорны ансамбль «Скарбніца традыцый» сталічнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь». Звонка загучалі на прасторы традыцыйныя спевы-вяснянкі:
Аго, вясна, аго, красна,
Што ж ты нам прынясла?
Старым бабкам па кіёчку,
А дзевачкам па вяночку,
Малым дзеткам па яечку…
Песні неўзабаве перайшлі ў танцы. З дапамогай удзельнікаў ансамбля жадаючыя маглі крыху навучыцца танцаваць «Вераб’я», польку-бабачку, «Ойру». А вясёлы карагод увабраў у сябе і закруціў нават самых нерашучых і няўмелых.
На тэрыторыі музея разгарнуўся кірмаш рамеснікаў. Тут можна было набыць ганчарны посуд, вырабы з саломкі і металу, лялькі ды іншыя сувеніры, пачаставацца смачным мядовым квасам і жытнёвым хлебам.
У будынку вясковай школы да свята была прымеркавана міні-выстава гліняных птушачак-свістулек з фондаў музея. Тут жа наведвальнікам прапанавалі ажно два майстар-класы па вырабе веснавых птушак з паперы або тканіны. Іх можна было павесіць на ўпадабанае дрэва ці забраць з сабой.
Важная частка свята — урачысты абыход хат. Гаспадыні выносяць гасцям пачастункі і згаджаюцца пагукаць вясну разам. А з-пад адной страхі — ну хіба гэта не цуд — вылятае першы абуджаны матыль!
На апошнім падворку праводзіцца абрад «Жавароначкі». Ён павінен быў прывабіць птушак, каб яны віліся над вёскай і спявалі, а далёка не адляталі. Дарослыя і дзеці падкідваюць на посцілцы жавароначкаў, вылепленых з цеста.
Нарэшце вялізная працэсія спускаецца да ракі... і трапляе ў снежнае царства Зімы. Дык вось дзе яна, хітрая, хаваецца! Трэба напужаць яе — распаліць вогнішча і завесці вакол яго карагод з песнямі.
Самую прыгожую дзяўчыну абіраюць Вяснянкай і надзяваюць ёй на галаву вянок. (У гэтай адказнай ролі — навуковая супрацоўніца музея Яна Патапенка.) Хлопцы садзяць Вяснянку на барану і цягнуць — выконваюць старадаўні абрад, які мусіць паспрыяць урадлівасці.
Гуканне вясны завяршаецца спальваннем плота, на якім усталявана кола. Ён плыве па рацэ, а ўслед гучаць развітальныя спевы. Сыходзьце, холад і змрок! Забірайце з сабой смутак і нягоды. Бывай, зіма! Вясна адгукнулася: яна прыйшла да нас з натхняльнай усмешкай, з новымі спадзяваннямі.
Святлана ІШЧАНКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/svyatlana-ishchanka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-muzey-narodnay-arhitektury-i-pobytu
[6] https://zviazda.by/be/tags/gukanne-vyasny
[7] https://zviazda.by/be/tags/abrad
[8] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi