Унутранаму турызму ў нашай краіне надаецца асаблівае значэнне. Менавіта гэтаму пытанню быў прысвечаны флэш-семінар «Event-туры, ці Абрадавы турызм як драйвер развіцця сельскага турызму» для работнікаў устаноў культуры, бібліятэкараў, кіраўнікоў фальклорных калектываў, спецыялістаў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раёна.
Мерапрыемства ладзілася на базе музея «Код памяці» ў Зарачанскім доме народнай творчасці і ў межах правядзення традыцыйнага абраду «Гуканне вясны» ў вёсцы Жытомля.
Абрадавы турызм — выдатны спосаб пазнання этнічных, рэлігійных і культурных асаблівасцей народа. У адной дзеі адразу раскрываецца мноства аспектаў: традыцыйная архітэктура, касцюмы, прадметы побыту, кухня, музыка. Усе падзеі розныя і ўнікальныя. Кожнае свята можа адзначацца толькі раз у год і абавязкова з захаваннем непарыўных канстант: спалучэнне месца, часу і дзеянняў, што гарантуе выключныя ўражанні для ўдзельнікаў.
На флэш-семінары ў музеі «Код памяці» работнікам культуры прапанавалі незвычайную забаву — этнаквіз «Who is Maslenitsa?»: можна было праверыць сябе на веды аб гісторыі і традыцыях Масленіцы. Спецыялісты загадзя падрыхтавалі флэш-прэзентацыі эфектыўных і самабытных практык па традыцыйнай культуры ў рабоце з абрадавым турызмам. У сучасных умовах існуе шмат магчымасцей для ўдасканалення дзейнасці ўстаноў культуры на рынку турыстычнага прадукту і такім чынам рэальнага заробку грошай.
Доўгатэрміновых планаў тут не будуюць. Калі сітуацыя палепшыцца, гатовы прымаць турыстаў, а пакуль распрацоўваюць канцэпцыю музея ў Квасоўскім цэнтры культуры, галоўнай задачай якога стане не проста выставачная дзейнасць, а правядзенне этнавечарын, майстар-класаў, дэгустацый, накіраваных на работу як з індывідуальнымі турыстамі, так і з экскурсійнымі групамі.
Пасля тэарэтычнай часткі ўдзельнікі семінара выправіліся ў этнавандроўку ў Жытомлю. Спрадвеку моладзь збіралася за ваколіцай паселішча і пачынала гукаць вясну. Спявалі абрадавыя веснавыя песні, вадзілі карагоды. «Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць», — сцвярджалі нашы продкi. А яшчэ на свяце падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушак, каб імітаваць іх рух і паскорыць прыход цёплай пары.
Зразумела, пандэмія змяніла вельмі многае, найперш свабоду перамяшчэння, культурных мерапрыемстваў і сустрэч. Работнікі культуры Гродзенскага раёна вырашылі выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці ўсе фарматы. Галоўнае — захаваць традыцыі, далучыць да іх найбольш беларусаў і гасцей рэгіёна.
Наталля РАМАНОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[3] https://zviazda.by/be/tags/abrad
[4] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi