Звычайна пра гэтых людзей часцей за ўсё згадваюць напярэдадні чарговай гадавіны вываду войск з Афганістана. І калі шчыра з імі пагаварыць, можна зразумець, што яны хацелі б больш увагі, ды і павагі да сябе, не толькі ў сярэдзіне лютага...
Але гэтыя мужныя людзі не прывыклі нешта патрабаваць. Сапраўдныя мужчыны, яны заўсёды гатовыя дапамагчы ў цяжкую хвіліну не толькі адзін аднаму, але і тым, хто слабы. Воіны-інтэрнацыяналісты востра адчуваюць чужы боль. Безумоўна, на гэта паўплывалі жахі вайны.
З Валерыем Ананчанкам і Валянцінам Васільевым мы пазнаёміліся ў аддзяленні знаходжання для людзей з інваліднасцю тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. Загадчыца гэтай установы Алеся Сярогіна запрасіла воінаў-інтэрнацыяналістаў сустрэцца з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
Хлопчыкам і дзяўчынкам госці расказалі пра службу. Наведвальнікі аддзялення паказалі творчыя нумары. У прыватнасці, спелі шлягер савецкага часу: «У салдата выхадны...»
Шчырасць мужчын не пакінула нікога з слухачоў раўнадушнымі. Адна справа — убачыць кіно пра вайну ў Афганістане, але, безумоўна, мастацкі фільм ніколі не будзе поўнасцю адпавядаць рэчаіснасці. Таму жывая гутарка з ветэранамі — вельмі каштоўны вопыт.
Жахі вайны і радасць вяртання
Валерый Генадзевіч Ананчанка, якому ўжо 71 (не верыцца, бо выглядае вельмі молада), родам з пасёлка Крулеўшчына Докшыцкага раёна. Ён — старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі «Братэрства» грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Яднае вакол сябе такіх жа аднадумцаў, хто хоча займацца патрыятычным выхаваннем дзяцей моладзі. Каардынуе аказанне дапамогі ўдовам і маці загінулых, арганізацыю паходаў і аўтамабільных прабегаў, іншыя акцыі.
У Афганістане служыў у 1985—1987 гадах. А да гэтага — у Чэхаславакіі, ГДР. Старшы прапаршчык займаўся рамонтам танкаў і іншай ваеннай тэхнікі, камандаваў суправаджэннем калон. За два гады — 63 калоны!
У першы раз пад абстрэл трапіў, калі служыў усяго другі тыдзень. За час службы перахварэў на халеру, быў кантужаны. Ён расказаў пра жахі вайны... І ніколі не забудзецца радасць вяртання дамоў.
Наконт добрага выгляду суразмоўнік сказаў, што працуе дворнікам. Калі чысціць снег, вельмі добрая зарадка атрымліваецца. А ўстае ён а чацвёртай гадзіне раніцы штодня! Пажартаваў, але толькі наконт прафесіі. Ён ваенны пенсіянер, а наводзіць чысціню ў двары свайго прыватнага дома.
Подзвіг капітана
Валянцін Мікалаевіч Васільеў нарадзіўся ў Віцебску. Вучыўся тут у школе, ПТВ, дзе навучыўся вадзіць аўтамабілі і рамантаваць іх. Служыў у Афгане тэрміновую. Спачатку скончыў вучэбную частку ў Туркменістане. У Афганістане быў спярша ў танкавым батальёне, потым залічылі ў склад асобнага аднаўленчага батальёна механікам-кіроўцам. Таксама эвакуіраваў і рамантаваў падбітую тэхніку.
Ваяваў з верасня 1982-га да студзеня 1985-га. Тлумачыць гэта тым, што фактычна «пераслужыў» з-за таго, што не было замены. Камбат папрасіў яго, малодшага сяржанта, «падстрахаваць маладых ды яшчэ «зялёных» — тых, хто нядаўна ў арміі. Як тут адмовіш? Ды і насамрэч трэба было падвучыць ваяваць навабранцаў. Верагодна, гэтым самым ён выратаваў шмат жыццяў.
На вайне, кажуць, усякае бывае. Аднойчы падчас баявой аперацыі заблукалі і трапілі ў... Іран. Граніц звычайных — з дротам, раздзяляльнымі палосамі — там няма...
Пасля вайны мужчына стаў супрацоўнікам асобнага батальёна ДАІ. 25 студзеня 2005 года капітан міліцыі Васільеў на «Шкодзе-Актавіі» ў Віцебскім раёне суправаджаў калону з чатырох аўтобусаў, у якіх былі дзеці з тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Везлі іх паправіць здароўе на Гарадоччыну.
Насустрач калоне ехаў «Фольксваген-Пасат». Ад дрэнных умоў надвор'я і не вельмі добрага стану дарогі аўто, як кажуць аўтамабілісты, стала круціць. Міліцыянер падставіў службовае аўто пад машыну, якая неслася насустрач. І трапіў у кювет — але ні драпіны. Праўда, жартуе, яшчэ б крыху і наляцеў бы на дрэва... За рулём легкавіка была жанчына. Яна вельмі спужалася, але таксама не паранілася...
За подзвіг афіцэра ўзнагародзіў медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» асабіста Прэзідэнт. Ветэран баявых дзеянняў падзяліўся ўражаннямі. У прыватнасці, быў здзіўлены моцным поціскам рукі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/silavyya-struktury
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-ananchanka
[7] https://zviazda.by/be/tags/valyancin-vasileu