Паводле азначэння Вячаслава Рагойшы, дарчы надпіс — від мініяцюры «на выпадак». Для пісьменніка такім выпадкам перадусім становіцца выданне ўласнай кнігі, якую ён прэзентуе пэўнай асобе. Не менш запатрабаваны гэты жанр і пры неабходнасці ўручыць падарунак, у тым ліку фотаздымак, малюнак, паробку.
Часам пісьменнікі дзеляцца рукапісамі сваіх твораў, пакідаючы на іх дарчыя надпісы. І ўсе яны — незаменная крыніца інфармацыі і пра аўтара надпісу, і пра атрымальніка, і пра іх узаемаадносіны і погляды на жыццё. Урэшце гэта — дакумент эпохі. Дарчыя надпісы, часцей за ўсё сціслыя, але канцэптуальна насычаныя творы, могуць быць празаічнымі і вершаванымі, напісанымі звычайным ці нейкім адметным шрыфтам, з дадаткам малюнкаў, сімвалаў ці без іх. Зразумела, большая колькасць дарчых надпісаў мае трафарэтны, набліжаны да афіцыйнага стыль, але і ў гэтым разе яны падказваюць даследчыку факты, звязаныя з месцам і часам, што вельмі істотна для складання летапісу жыцця і творчасці пісьменніка.
Змешчаны ў гэтым нумары дарчы надпіс Генадзю Кісялёву — яскравае пацвярджэнне неабходнасці збірання і вывучэння такіх «мініяцюр». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працягваецца выданне Збору твораў У. Караткевіча (у 25 т.). У 23-м томе якраз і будуць змешчаны дарчыя надпісы. На сёння сабраны матэрыялы з прысвячэннямі родным, некаторым сябрам і знаёмым. Але гэта — толькі невялічкая частка падрыхтоўчай працы, бо У. Караткевіч пакінуў тысячы дарчых надпісаў, і сабраць іх усе маларэальна (гэта праца на пакаленні). Зірніце на два надпісы — сястры Наталлі Кучкоўскай на першым выданні рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні: Евангелле ад Іуды» (Мінск, 1972) і Рыгору Барадуліну на кнізе «З вякоў мінулых» (1978) — ці ж гэта не варта захавання:
«Наталцы — ад брата,
Кнігу — пачату
У снежным Шаголе,
Дзе была мне — Воля.
Уладзімір
26 снежня 72».
«Славутаму другу майму, генію не толькі “вякоў мінулых”, але і “вякоў будучых” (асабліва) — ад барзапісца таго, што мінула — Ул. Караткевіча. 4 жніўня 79 г.».
Ёсць спадзяванне, што адгукнуцца тыя, у каго ў асабістых бібліятэках захоўваюцца кнігі з такімі надпісамі. Як укладальнік 23-га тома прашу паспрыяць таму, каб яны былі абнародаваныя: дасылайце сканаваную або якасна сфатаграфаваную старонку з надпісам, пазначайце звесткі пра кнігу і абставіны яе ўручэння (калі такая інфармацыя ёсць) на адрас, адмыслова створаны для гэтага: darnadpisy@yandex.ru.
Зробім агульную справу для захавання спадчыны Уладзіміра Караткевіча!
Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ
Фота на паласе з уласнага архіва сям’і Г. В. Кісялёва
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[3] https://zviazda.by/be/tags/genadz-kisyalyou
[4] https://zviazda.by/be/tags/darchy-nadpis