Асаблівасцю прамой лініі старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва стала вялікая колькасць зваротаў наконт дрэннага стану дарог. Таму губернатар паведаміў, што гэтае пытанне ў найбліжэйшы час стане тэмай для абмеркавання на пасяджэнні аблвыканкама.
Грэйдараў у вобласці катастрафічна не хапае, ямачны рамонт, тым больш зроблены наспех, непрафесійна, «каб не скардзіліся», толькі выклікае яшчэ большую незадаволенасць грамадзян, гадамі абяцаюць, але ў выніку ніякіх змен... Гэтыя і іншыя дарожныя праблемы патрабуюць сістэмнага аналізу і прыняцця мер для вырашэння. Як пракаменціраваў адзін са зваротаў старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзій Сабыніч, з усіх 900 кіламетраў унутрыраённых дарог толькі 150 км — з асфальтаваным пакрыццём.
Традыцыйна шмат зваротаў было наконт праблем ЖКГ. Жыхарка Віцебска паведаміла пра ваду з-за прарыву каналізацыі ў падвале шматпавярховіка. Там «міні-басейн» доўгі час. А камунальнікі замест таго, каб адказна падысці да ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння, праінфармавалі заяўніцу, што, маўляў, «усё добра». У гарвыканкаме паабяцалі ўзяцца за справу адразу ж...
А падчас размовы з яшчэ адной віцяблянкай Мікалай Шарснёў паабяцаў на наступным тыдні зайсці ў яе кватэру на дзявятым паверсе дома, узведзенага ў 1985-м, каб на свае вочы ўбачыць праблемы з-за дрэннай вентыляцыі ў жыллі. І на месцы разам са спецыялістамі будзе абмеркаванне таго, чым жа можна дапамагчы. Тым больш што, як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Дзядзёла, такая праблема — не рэдкасць у дамах, пабудаваных некалькі дзясяткаў гадоў таму.
Па-ранейшаму на прамыя лініі тэлефануюць тыя, хто лічыць закрыццё школ у вёсачках няправільным падыходам. Гэтым разам выказала незадаволенасць жыхарка Талачынскага раёна. Чаму ў Серкавіцах закрываюць базавую школу, а вучняў пераводзяць у іншую? Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома растлумачыў, што да ўстановы адукацыі, дзе будуць вучыць дзяцей і з Серкавіцаў, усяго 7 км. Яна параўнальна ў лепшым стане. Губернатар даручыў практыкаваць не проста сустрэчы з бацькамі, калі іх дзеці будуць вучыцца не там, дзе раней. Не стане лішнім адвезці тат і мам у суседнюю школу, паказаць ім усё, акрэсліць перспектывы.
А жанчыну з прыгранічнага з Расіяй гарадскога пасёлка Езярышча Гарадоцкага раёна турбуе тое, што ўрачэбная лабараторыя будзе ў іншым будынку. Кіраўнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі растлумачыў, што пераезд — толькі ў мэтах эканоміі фінансавых сродкаў на аплату камунальных паслуг. Усе плошчы медустановы не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, таму аказваць дапамогу будуць у іншых метрах.
Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады, каб упэўніцца ў тым, што будзе зроблена як мае быць, трымае прыняцце мер на асабістым кантролі. У некаторых выпадках просіць старшынь райвыканкамаў і гарвыканкамаў асабіста яму далажыць пра рэагаванне на заявы, скаргі, прапановы...
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-liniya
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-sharsnyou