Прыезд нашай сям'і ў невялікую вёску Карніца, што на Глушчыне, — быў для жыхароў і нечаканасцю, і падзеяй. Вяскоўцы з цікавасцю глядзелі на свайго земляка, які да вайны працаваў тут хатнім настаўнікам, а з яе пачаткам — прапаў як у ваду ўпаў... І вось жа — вярнуўся, прычым з жонкаю, з дзецьмі...
Я быў адным з чатырох, які на пытанне, адкуль прыехалі, з форсам адказваў: «З Поўначы, з Сыктыўкара!». І калі першае нашым аднагодкам яшчэ неяк уяўлялася — краем холаду, белых мядзведзяў, то назва горада... Нямногія яе вымаўлялі.
А наша мама там нарадзілася, рана асірацеўшы, расла ў дзіцячым доме. Ёй, Ніне Пласковай, не было і пятнаццаці, калі пачалася вайна, калі яна, па скарочанай праграме атрымаўшы спецыяльнасць, стала працаваць качагарам на параходзе: запіхваць у топку метровыя драўляныя цурбаны, якія імгненна згаралі... А калі прычальвалі да берага, іх жа, загадзя нарыхтаваныя, па вузкім трапе, са страхам зваліцца ў раку, трэба было цягаць на параход. І вось гэтак — усю вайну.
Сама вайна да горада Сыктыўкара не дайшла, але, як мама расказвала, наступствы адчуваліся ва ўсім: людзі хварэлі, знясільвалі ад голаду і холаду, не хапала мужчынскай сілы...
Нялёгка жылося і пасля вайны, бо мама не мела не толькі ніякай матэрыяльнай падтрымкі — нават жывой душы, якой магла б паскардзіцца на гаротны лёс. Толькі пад канец 40-х яна сустрэлася з маім будучым бацькам.
...Да вайны тата і сапраўды паспеў папрацаваць настаўнікам, а з прыходам немцаў яго, сямнаццацігадовага хлопца, схапілі і адправілі ў Бабруйскі лагер ваеннапалонных. Там, пад адкрытым небам, яны, як расказваў, проста паміралі ад голаду і хвароб. Уцячы было немагчыма. Каб уратавацца, хто-ніхто ўступаў у так званую вызваленчую армію Уласава. Больш-менш здаровых адбіралі на катаржныя работы.
Так мой бацька апынуўся ў Германіі, потым — у Францыі і Вялікабрытаніі. У 44-м быў вызвалены і тут жа адпраўлены ў Рэспубліку Комі на лесапавал.
...Часта даводзіцца чуць, што ўсе мы родам з дзяцінства, бо менавіта ў пачатку жыцця закладваюцца рысы характару, якія потым становяцца вызначальнымі. Мабыць, яны — добразычлівасць і працавітасць — дапамаглі маім бацькам вынесці ўсе выпрабаванні ваеннага ліхалецця. Ды і потым... Жылі мы ў дашчатым, уцепленым пілавіннем, бараку на... сорак сем'яў. Суседзямі па ім, як і па ўсім рабочым пасёлку, былі ў асноўным так званыя палітычныя — людзі, якія прайшлі праз жорны рэпрэсій і ўжо адбылі свае тэрміны пакарання. Апынуўшыся на той далёкай зямлі, яны — рускія, украінцы, малдаване, кітайцы, карэйцы, немцы (каго толькі не было!) — працавалі, стваралі сем'і, гадавалі дзяцей, жылі дружна.
Зімы там былі снежныя і марозныя. Калі тэмпература на вуліцы апускалася ніжэй за трыццаць градусаў, за ракой на будынку Палаца прафсаюзаў падымаўся сцяжок. Гэта азначала, што дарослыя могуць не выходзіць на работу, а мы, дзеці, у садкі і школу. Я, застаўшыся дома, любіў круціць пласцінкі (голас Шаляпіна гучыць у вушах да сёння). Мог яшчэ гадзінамі глядзець на Сталіна, партрэт якога вісеў на покуці.
Тата, пакуль адкрыта была навігацыя, працаваў у параходстве грузчыкам. Зімой, апроч іншага, іх брыгада нарыхтоўвала лёд. Яго пілавалі ўручную, кубы (недзе метр на метр) баграмі зацягвалі на металічныя лісты, якія гусенічны трактар цягнуў потым у горад для летніх халадзільнікаў. Я любіў углядацца ў цёмную тоўшчу лёду з мноствам белых бурбалак паветра, спадзяваўся ўбачыць нешта фантастычнае, але на цуды неяк не шчасціла... Хіба на Новы год? Па лёдзе перайшоўшы на той бок рэчкі, мы з бацькамі траплялі на галоўную гарадскую плошчу з ёлкай, з сапраўднымі Дзедам Марозам і Снягуркай, са снежным казачным гарадком.
З вясной да нас прыходзіла вялікая вада, і недзе да чэрвеня людзі ў пасёлку перамяшчаліся на лодках. А лета ў нас пралятала імгненна: мы, дзеці, купаліся, качаліся ў пяску на пляжы, дурэлі...
У адзін з такіх дзён да мяне даляцела паважнае: «Гэй, хлопчык у чырвонай шапачцы!..» Я азірнуўся і пад вялікім парасонам убачыў мастака. Ён маляваў нашу рэчку, у якой купаліся людзі... «Прыгожа?» — спытаў у мяне. Я кіўнуў. «А ты мог бы мне папазіраваць — легчы так, як ляжаў? Я б цябе намаляваў». «Малюй, калі хочаш», — падумаў я. Мастак расказаў, як мне легчы, і неўзабаве я ўжо ўбачыў сябе на малюнку, больш за тое — атрымаў за «работу» прыгожую бляшанку ледзянцоў.
...Усё змянілася, абарвалася гарачым жнівеньскім днём 1956-га. Апоўдні, калі сонца стаяла ў зеніце, мы з рэчкі ўбачылі, што ў пасёлку нешта гарыць, што агонь набірае сілу і блізіцца да нашага барака. Мама ў гэты час была дома і паспела выцягнуць з агню трохі нейкіх пажыткаў. Іншыя жыхары і барака, і пасёлка засталіся ў чым стаялі. Такога жудаснага пажару я не бачыў больш ніколі.
А тата згледзеў яго, калі з брыгадай на баржы вяртаўся дамоў, і спачатку здалёк — толькі заравам. Не вытрымаў — скочыў у раку, даплыў да берага, з кіламетр бег да таго, што раніцай было рабочым пасёлкам, баракам. І толькі ўбачыўшы нас — маму і ўсіх чацвярых дзяцей, — крыху супакоіўся.
У першую ноч мы спалі пад адкрытым небам, на другую і наступныя «пераязджалі» ў нейкае часовае жытло, якое не запомнілася нічым, як і школа, куды я трохі пахадзіў у першы клас, бо ў кастрычніку мы ўжо паплылі на радзіму бацькі, у Беларусь.
Дабіраліся доўга (на параходзе мама ладзіла нам «экскурсіі» ад капітанскай рубкі да машыннага аддзялення), потым ехалі ў агульным вагоне цягніка, забітага людзьмі, чамаданамі, торбамі, і на кожнай станцыі бачылі калек у інвалідных вазках, якія спявалі жаласныя песні і прасілі міласціну...
На месцы, у вёсцы Карніца, нам, малым, прыжывацца было прасцей, а вось мама вельмі сумавала па родных мясцінах. Я бачыў, як яна мянялася ў твары пасля кожнага ліста ад тамтэйшых сваякоў. Здавалася, дай ёй крылы, і яна, як тая птушка, не пабаіцца далёкай дарогі, адразу ж паляціць, але... Не заўсёды нашы жаданні супадаюць з нашымі магчымасцямі. Ды і як ты куды паедзеш-паляціш, калі ў сям'і з'явілася яшчэ пяцёра дзяцей, калі ў іх не стала таты.
Ад яго — мая любоў да чытання, да кніг, да пісьма. А мама ўмела іграць на гітары, ведала шмат розных песень (у тым ліку лагерных), прыгожа малявала і ўсяму вучыла мяне. Пераехаўшы ў Беларусь, я размаўляў на рускай і мамінай мове комі. З цягам часу вывучыў беларускую і палюбіў гэтую зямлю, бо тут мае карані, мая сям'я, мае магілы — дзесяцігоддзі жыцця, у якім было столькі ўсяго... І, хочацца верыць, будзе!
Валерый Васілеўскі,
г. п. Глуск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty