Калі на беразе возера ці рэчкі вы заўважылі, як высока над вамі кружляе квадракоптар, а каля вады засяроджана «варожаць» людзі з незвычайнай апаратурай у руках — вы ўбачылі адзін з момантаў палявой работы спецыялістаў рэдкага профілю. Яны супрацоўнікі Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.
Вучоныя і даследчыкі гэтай установы выязджаюць у «поле», галоўным чынам калі аб'екты іх назіранняў не схаваныя пад ільдамі і снегам. Але і ў зімовы час іх праца не губляе напружанасці: працягваецца апрацоўка назапашаных матэрыялаў, складаюцца новыя вытворчыя планы.
Калектыў гэтага інстытута распрацоўвае канцэптуальныя асновы прагназавання, планавання, нармавання, кіравання і кантролю за выкарыстаннем і аховай воднага багацця краіны. Навукоўцы распрацоўваюць праекты водаахоўных зон і санітарнай аховы тэрыторый водазабораў, абагульняюць і аналізуюць матэрыялы па дзяржаўным водным кадастры. Фізічнае і матэматычнае мадэляванне дазваляе ім дакладна вызначаць рух вады і прымесяў у сістэмах. Сучасныя метады апрацоўкі інфармацыі дапамагаюць вызначаць, як найбольш рацыянальна выкарыстоўваць водныя рэсурсы ў розных галінах эканомікі.
На гэтых фотаздымках — некалькі імгненняў звычайнага працоўнага дня навукоўцаў і даследчыкаў. Калектыў інстытута амаль напалову складаецца з моладзі, якая паспяхова асвойвае новае сучаснае абсталяванне і методыку. Сваю дзейнасць маладыя людзі бачаць у творчым адзінстве са сталымі, дасведчанымі спецыялістамі.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya