Супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур з гасцямі, прадстаўнікамі грамадскасці Мінска правялі вечарыну да гадавіны з дня смерці Тараса Шаўчэнкі.
Імпрэза ў гонар знакамітага ўкраінскага паэта й мастака прайшла 10 сакавіка. Прачулыя словы любові, павагі да Кабзара ўкраінскага народа выказалі дарадца-пасланнік Амбасады Украіны ў Беларусі Вольга Цімуш, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» Уладзімір Кадзіра, сябар Грамадскага культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў «Краяны» з Маладзечна Міхаіл Лысакабылка, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Заповіт», заслужаная работніца культуры Украіны Галіна Калюжная, загадчык аддзела Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Вольга Пархімовіч, а таксама журналіст і навуковец Глеб Кудрашоў: дзякуючы інтэрнэт-сувязі ён зрабіў медыяпрэзентацыю з Палтавы.
На сцэне гучалі вершы «генія, якому судилася вечність» на ўкраінскай, беларускай, казахскай, польскай, грузінскай ды літоўскай мовах: як сведчанне таго, што генія шануюць і далёка за межамі Украіны. Вядома, напрыклад, што, «Заповіт» перакладзены больш чым на 150 моў свету. Гучалі на імпрэзе таксама ўкраінскія, беларускія песні ў выкананні салістаў і мастацкіх калектываў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.
Калі знакамітую песню «Реве та стогне Дніпр широкій» спяваў у зале РЦНК лаўрэат міжнародных і ўсеўкраінскіх конкурсаў Аляксандр Валодчанка, то падхапілі яе ўсе — як даніну памяці Кабзару, як знак павагі да ягонага таленту.
Алесь ЛОЗКА, загадчык аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-03-2021_small.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/taras-shauchenka
[4] https://zviazda.by/be/tags/impreza
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukraina