Зазірнуўшы ў рэйтынгі продажаў кніг у першым квартале ў кнігарнях ААТ «Белкніга», ізноў, як і летась, і год-два таму, можна зрабіць выснову, што па-ранейшаму лепей за астатняе беларусы чытаюць творы Уладзіміра Караткевіча.
Па традыцыі ў рэйтынгу найболей прадаваных кніг вытворчасці Рэспублікі Беларусь на беларускай мове знаходзіцца 100 назваў. Творы самога класіка альбо кнігі, прысвечаныя яму, займаюць дзевяць пазіцый. У студзені–сакавіку ў розных крамах «Белкнігі» пакупнікі набылі 167 экзэмпляраў рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» (выдавецтва «Попурри»). І 146 экзэмпляраў «Дзікага палявання караля Стаха» (выдавецтва «Беларусь»). Праўда, яшчэ 86 пакупнікоў праявілі цікавасць да гэтага ж твора, але ўжо ў выдавецтве «Попурри». Яно прадала праз гандлёвыя пункты «Белкнігі» раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — 44 экзэмпляраў. А вось «Чорны замак Альшанскі» (таксама — «Попурри») набылі 14 пакуп-нікоў. «Мастацкая літаратура» выпусціла зборнік казак У. Караткевіча пад назвай «Лебядзіны скіт» — яго «Белкніга» за студзень–сакавік прадала ў колькасці 37 экзэмпляраў. Дарэчы, не ўсе кнігі са згаданых — выдання 2020 года. «Каласы...» і «Хрыстос...», напрыклад, 2018 года.
У мінулым, 2020-м, у «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» пабачыла свет пер-санальная энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч». Па-свойму ўнікальнае выданне (дагэтуль у Беларусі выходзілі персанальныя энцыклапедыі, прысвечаныя толькі Янку Купалу, Францы-ску Скарыну, Максіму Багдановічу), усё ж раскупляецца не вельмі хутка: у кнігарнях «Белкнігі» продажы роўныя 24 экзэмплярам. 2020 год — час выдання яшчэ адной кнігі пра класіка: «Дзесяць саг пра Караткевіча» Вячаслава Рагойшы (гэтае выданне набылі 16 пакуп-нікоў).
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-shychko
[5] https://zviazda.by/be/tags/karatkevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/kalasy-pad-syarpom-tvaim-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzikae-palyavanne-karalya-staha-0