Журы міжнароднай Прыцкераўскай прэміі па архітэктуры 16 сакавіка абвясціла сёлетняга лаўрэата. Ім стаў дасведчаны франка-мараканскі дуэт Ганны Лакатон і Жан-Філіпа Васаля, заснавальнікаў і кіраўнікоў імяннога бюро Lacaton & Vassal. Прэмія з’яўляецца найважнейшай узнагародай у галіне архітэктуры, а па творчасці пераможцаў можна меркаваць аб апошніх трэндах у гэтым мастацтве. Лаўрэатамі «прыцкера» становяцца выключна знакавыя аўтары, чыя дзейнасць, несумненна, заслугоўвае самай пільнай увагі. Разбяромся, якія значныя аб’екты падарылі свету новыя пераможцы і ў чым выяўляецца іх аўтарскі почырк.
Архітэктары пачалі сумесную працу са стварэння звычайнай саламянай хаткі на дзюнах нігерыйскай пустыні ў першай палове 1980-х. Хатка ўяўляла сабой паўнавартаснае жытло з усімі неабходнымі (па афрыканскіх мерках) камунікацыямі, была пабудавана за два дні і паспяхова прастаяла пад бязлітасным нігерыйскім сонцам — а галоўнае, пад націскам суровых пустынных вятроў — каля двух гадоў. Дэбютны праект архітэктараў добра ілюструе асноўныя прынцыпы іх творчасці: гэта звышпростая, можна сказаць, аскетычная будыніна круглай формы, сцены і страха якой зроблены з саломы, а падлога ўвогуле пясчаная.
Лакатон і Васаль прыехалі ў Нігер адразу пасля заканчэння французскага архітэктурнага ўніверсітэта ў пошуках новага досведу, натхнення і заказаў. Яны правялі там 5 гадоў, за якія паспелі цалкам пераасэнсаваць сваё стаўленне да архітэктуры і ўсе тыя веды, якімі адарыла іх навучанне. Істотнае адрозненне збяднелай, «адсталай» (насамрэч аўтэнтычнай) краіны ад «сытай» і «прагрэсіўнай» Еўропы праяўлялася ў практычна поўнай адсутнасці сучаснай архітэктуры. З-за недахопу грошай новага будаўніцтва амаль не адбывалася, не лічачы таго, што ўзводзілася стыхійна і ў прыватным парадку.
Такім чынам, сучасная архітэктура ва ўяўленні нігерыйцаў абмяжоўвалася максімум часовымі канструкцыямі, прызначанымі для канкрэтных бытавых мэт. Напрыклад, у спякотны поўдзень, каб проста не памерці падчас вулічнага гандлю, якім часта займаюцца тутэйшыя людзі, крайне, падкрэслім, жыццёва неабходны цень. Вось і робіцца з дзвюх палак ды ўласнай вопраткі такая-сякая заслона. Менавіта так выглядала архітэктура па-нігерыйску, калі тут знаходзіліся Лакатон і Васаль. Можна ўявіць, якім гэта стала шокам для маладых і амбіцыйных аўтараў.
Пяць гадоў яны займаліся чымсьці падобным, прывучыўшы сябе да стрыманасці і рэдкай у прафесіі творчай сціпласці. Яны не будавалі дамы (за асобным выключэннем), а часцей проста добраўпарадкоўвалі наваколле, рацыяналізуючы жыццёвыя працэсы, скажам, шляхам перастаноўкі лавачак або рэарганізацыі сметнікаў і гандлёвых прастор. Усё гэта моцна паўплывала на фармуляванне творчага крэда архітэктараў, якога яны з тых часоў добрасумленна трымаюцца.
Яно складаецца з двух асноўных прынцыпаў, і ў сваіх інтэрв’ю калегі любяць іх паўтараць. Згодна з адным з іх, галоўнай у архітэктуры з’яўляецца не форма, а функцыя. Па гэтым пытанні дуэт ушчыльную набліжаецца да мадэрнісцкай традыцыі (у шырокім сэнсе, дадаючы сюды і Баўхаўз з канструктывізмам першай паловы XX стагоддзя). Нягледзячы на тое, што пачатак іх кар’еры супаў якраз з росквітам постмадэрнізму, уплыў менавіта папярэдняй ідэалогіі адчуваецца ў праектах найбольш.
Трэба сказаць, што ў сучаснай архітэктуры ўвогуле назіраецца ўстойлівы трэнд на пераасэнсаванне мадэрнісцкай спадчыны. Напрыклад, лаўрэаты Прыцкераўскай прэміі мінулага года ірландскі жаночы дуэт Івон Фарэл і Шэлі МакНамары — найлепшае таму пацвярджэнне. Аднак калі ірландкі перавынаходзяць такі мадэрнісцкі кірунак, як бруталізм, то Лакатон і Васаль у сваю чаргу наследуюць ранняму функцыяналізму і інтэрнацыянальнаму стылю. Гэта выяўляецца і ў простым, часта «каробачным» рашэнні будынкаў, і ў мінімалістычным дэкоры, і ў цязе да такіх абліцовачных матэрыялаў, як шкло (у першую чаргу) ды бетон.
Іншым сведчаннем сувязі з названымі плынямі можа служыць падыход да ўласна творчага працэсу. Так, па словах Лакатон, яны пачынаюць праектаванне любога будынка знутры — то-бок зыходзячы з яго функцыі. Большасць архітэктараў робіць наадварот, і, напрыклад, «праекты мары» часта пачынаюцца менавіта з эскіза (прыблізнага ўяўлення пра вонкавы выгляд будучага дома). Гэтаму ёсць простае тлумачэнне: разважаючы аб архітэктуры якой-небудзь пабудовы, мы звычайна маем на ўвазе яе знешняе аблічча — бачнае і зразумелае. Натуральна, рэалізуючы свае мастацкія амбіцыі, архітэктары звяртаюцца ў першую чаргу да візуальных вобразаў, якія ўсё ж часцей прыдатныя для рашэння фасадаў, а не памяшканняў. Ну і банальна: не кожны ж чалавек зойдзе ўнутр (асабліва калі гаворка ідзе пра будынкі спецыфічнага прызначэння).
Лакатон і Васаль вызнаюць процілеглы падыход, а гэта родніць іх творчасць з творчасцю канструктывістаў і, між іншым, бацькі ўсёй мадэрнісцкай архітэктуры Ле Карбюзье. Апошні ў сваіх знакамітых «Пяці зыходных кропках…» пастуліраваў, апрача астатняга, свабодны праект фасадаў. Што гэта азначае? Фасаднае рашэнне, па Ле Карбюзье, павінна падпарадкоўвацца ўнутранай планіроўцы. Прасцей кажучы, знешняе тут залежыць ад унутранага, альбо, калі перавесці гэта ў катэгарыяльны апарат нашых разваг, атрымаецца так: форма падпарадкавана функцыі. Тым жа кіруецца і нашумелы творчы тандэм.
Яшчэ адна «зыходная кропка» мадэрнісцкай архітэктуры, цесна звязаная з папярэдняй, — свабодная планіроўка. Маецца на ўвазе праектаванне ўнутраных сцен незалежна ад канфігурацыі знешніх (фасада). Жалезабетон, галоўны матэрыял мадэрнізму, дазваляў абысціся стварэннем каркаса і без узвядзення іншых так званых нясучых канструкцый. Сцены нарэшце вызваляліся ад шматвяковай павіннасці трымаць дом і скідвалі з сябе цяжар будынкаў. Трэба таксама разумець, што ў словазлучэнні «свабодная планіроўка» акцэнт робіцца на першай частцы, і найлепшым дасягненнем тут лічыцца стварэнне такой прасторы, якую потым можна будзе лёгка і хутка змяняць і падстройваць пад самыя розныя патрэбы (прынцып кватэры-студыі).
Якраз гэтай асаблівасцю вызначаюцца праекты Лакатон і Васаля. Наглядны прыклад — Школа архітэктуры ў Нанце, ВНУ для адпаведных спецыялістаў. Архітэктурны ўніверсітэт — заўсёды па зразумелых прычынах творчы выклік для аўтара. І заўсёды — прыкметны будынак, які павіне сваім рашэннем здзіўляць і настройваць студэнтаў на патрэбны лад. Успомніце хаця б знакаміты «караблік» ці, калі хочаце, «айсберг» архітэктурнага факультэта БНТУ і тры інтэрнаты побач (між іншым, узорны прыклад савецкага мадэрнізму). Вось і прэміраванаму дуэту ў 2012 годзе давялося перажыць такі сапраўдны іспыт прафесійных і мастацкіх здольнасцей. Канешне ж, справіліся яны цудоўна (іначай мы б і не расказвалі), але важна — якім чынам.
Галоўнымі фішкамі праекта сталі праславутая «студыйная» планіроўка вялікай часткі памяшканняў, далікатны і лаканічны фасад ды, акрамя таго, мінімалістычнае ўнутранае аздабленне. Творцы вырашылі, што найлепш будзе проста не перашкаджаць адукацыйнаму і творчаму працэсам і не надакучваць студэнтам «адметнасцю» сваёй архітэктуры. Тады нібыта з іх верагодней народзяцца якія-небудзь вялікія таленты. Насамрэч, школа ў Нанце — адзін з лічаных паўнавартасных архітэктурных твораў Лакатон і Васаля. Усё ж такі свайго сабаку яны з’елі крыху ў іншым: на ніве рэканструкцыі, перабудовы і рэнавацыі. Тым цікавей выглядае іх узнагароджанне.
Другі важны складнік архітэктуры, па меркаванні нашых герояў, і адзін з вызначальных прынцыпаў іх асабістай працы — правіла «не нарабі шкоды». У дадзеным выпадку яны відавочна разыходзяцца з мадэрністамі, бо тыя нашкодзілі ох як шмат, а хацелі яшчэ больш (той жа Карбюзье у свой час прапаноўваў знесці ўвесь гістарычны цэнтр Парыжа дзеля рэалізацыі свайго праекта). Найлепшай ілюстрацыяй прытрымлівання агучанага правіла з’яўляецца рэзанансная сітуацыя вакол здзейсненай (ці праўдзівей «няздзейсненай») Лакатон і Васалем рэканструкцыі плошчы ў Бардо.
У 1996 годзе адміністрацыя горада, дзе месцілася праектнае бюро архітэктараў, задумала крыху «асвяжыць» адначасова некалькі плошчаў. Заўважым, што Бардо з’яўляецца своеасаблівым запаведнікам класіцыстычнай архітэктуры, другім пасля Парыжа французскім горадам па колькасці культурна-гістарычных помнікаў. І хаця плошча, даручаныя Lacaton & Vassal, не адносілася да ліку асабліва каштоўных і ўяўляла сабой звычайны трохкутнік, абмежаваны дастаткова старымі малапавярховымі жылымі дамамі, з дрэўцамі і шахматным сталом пасярэдзіне, архітэктары вырашылі нічога не змяняць. Яны правялі даследаванне, паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі і прыйшлі да высновы, што прастора і так нядрэнна працуе, тут наладзіліся ўжо свой рытм, сваё жыццё. Адзінае — яны пераклалі брук, падстрыглі дрэўцы і проста навялі парадак. Выпадак адразу трапіў у СМІ і доўга абмяркоўваўся, бо ў канкурэнтным і напоўненым амбіцыямі свеце архітэктараў падобнае «нядзеянне» можна лічыць смелым ходам.
Сярод іншых праектаў выдзяляюцца, напрыклад: распрацоўка новых норм сацыяльнага жылля для малазабяспечаных грамадзян у Францыі (павялічылі патрабаванні да інсаляцыі, плошчу кватэр, палепшылі планіроўку), рэнавацыя некаторых многакватэрных будынкаў 1960-х, рэканструкцыя Палаца Токіа ў Парыжы (агромністага выставачнага комплексу, пабудаванага да Сусветнай выстаўкі 1937 года) і шмат якія яшчэ. Настойлівае імкненне гэтага дуэта не ствараць і як мага менш самавыяўляцца, знізіць сваю прысутнасць да мінімуму (амаль што даосцкага) і адначасовая з тым папулярнасць па-сапраўднаму ўражваюць. Відаць, у такім «непадыходзе» і заключаецца разгадка іх асаблівага «неаўтарскага» почырку.
Мікіта ШЧАРБАКОЎ
Фота з сайта pritzkerprize.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[3] https://zviazda.by/be/tags/arhitektura
[4] https://zviazda.by/be/tags/ganna-lakaton
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhan-filip-vasal