Асаблівасці ажыццяўлення інтэрнэт-гандлю ювелірнымі вырабамі вызначаны ў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 5 красавіка 2021 года нумар 193, якая сёння афіцыйна апублікавана [1] на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У дакуменце гаворыцца, што інтэрнэт-гандаль ювелірнымі і іншымі бытавымі вырабамі, выпушчанымі ў Беларусі і маркіраванымі кодамі ідэнтыфікацыі, з 12 красавіка 2021 года па 31 жніўня 2022 года будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з зацверджаным палажэннем.
Згодна з гэтым палажэннем, абавязковай умовай інтэрнэт-гандлю ювелірнымі вырабамі з’яўляецца наяўнасць у прадаўца аднаго або некалькіх стацыянарных гандлёвых аб’ектаў, прапісаных у ліцэнзіі на гандаль каштоўнымі металамі і камянямі. Захоўвацца ювелірныя вырабы павінны ў стацыянарных гандлёвых аб’ектах. Дастаўка ювелірных вырабаў пакупніку павінна ажыццяўляцца з улікам правіл аховы. Яны могуць перасылацца нацыянальным аператарам паштовай сувязі ўнутранымі або міжнароднымі пасылкамі з аб’яўленай цэннасцю ў адпаведнасці з заканадаўствам. Таксама прадавец павінен прадастаўляць пакупнікам магчымасць сканіравання нанесенай на таварны ярлык (этыкетку) кода ідэнтыфікацыі пры атрыманні ювелірных вырабаў, а таксама магчымасць атрымліваць свае заказы ў стацыянарных гандлёвых аб’ектах і аплачваць іх як папярэдне, так і пры атрыманні, у тым ліку ў гандлёвых аб’ектах.
Усе этапы абарачэння ювелірных вырабаў павінны ўносіцца ў аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму маркіроўкі ювелірных вырабаў Беларусі ў парадку, устаноўленым Міністэрствам фінансаў.
Таксама палажэннем вызначана, якую інфармацыю прадавец абавязаны данесці да пакупніка да заключэння з ім дагавора.
Згодна з пастановай, Мінфіну сумесна з МПЗ, МАРГ і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі трэба будзе прыняць меры па рэалізацыі гэтага дакумента і да 1 кастрычніка 2022 года правесці ацэнку вынікаў інтэрнэт-гандлю ювелірнымі вырабамі.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Спасылкі
[1] https://www.pravo.by/document/?guid=12551&p0=C22100193&p1=1&p5=0
[2] https://zviazda.by/be/tags/internet-gandal
[3] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-pravavy-internet-partal
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-ministrau