Сярод гарадскіх СМІ агенцтва «Мінск-Навіны» — адно з самых прагрэсіўных. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды 20-годдзя агенцтва «Мінск-Навіны», якое прайшло ў сталіцы, перадае [1] БелТА.
У Мінскай гарадской ратушы сёння сабралася кіраўніцтва Мінгарвыканкама, міністэрстваў інфармацыі, аховы здароўя, сталічных прафсаюзаў, каб павіншаваць супрацоўнікаў агенцтва «Мінск-Навіны» з юбілеем і ўзнагародзіць іх ганаровымі граматамі. «Сярод разнастайных сродкаў масавай інфармацыі, якія цяпер працуюць у маленькіх і вялікіх гарадах, агенцтва „Мінск-Навіны“ — адно з самых прагрэсіўных, — сказаў Уладзімір Пярцоў. — Яно ўяўляе сабой агрэгацыю крос-платформеннасці разнастайных медыярэсурсаў, дзе ўвагу ўдзяляюць і класічным СМІ — газетам, і таксама сацыяльным сеткам. Яны заўсёды ў пошуках найбольш зручнай платформы для перадачы гараджанам навін».
Як адзначыў міністр інфармацыі, агенцтва на працягу дваццаці гадоў адлюстроўвала тыя змяненні, якія адбываліся ў Мінску. Дзякуючы праведзенай рабоце і архівам гэтага СМІ можна ўбачыць, колькі працы і любові было ўкладзена ў развіццё сталіцы.
Аналагічнага меркавання прытрымліваецца і міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч, які таксама падкрэсліў, што менавіта дзякуючы сродкам масавай інфармацыі можна не толькі сачыць за тымі падзеямі, якія адбываюцца ў горадзе і краіне цяпер, але і вяртацца да таго, што адбывалася раней. «Горад змяніўся, але ўсе пераўтварэнні заўсёды знаходзілі адлюстраванне на старонках газет, у відэароліках тэлеканалаў, а таксама агенцтва „Мінск-Навіны“. За станаўленнем яго сачыў, часта ўзаемадзейнічаў, таму магу сказаць, што падача матэрыялаў заўсёды прафесійная, шматгранная і цікавая», — падзяліўся міністр.
Таксама акрамя ўшаноўвання супрацоўнікаў агенцтва падчас урачыстага мерапрыемства ў гарадской ратушы адбылося адкрыццё перасовачнай фотавыставы «Які цудоўны гэты Мінск, паглядзі!», якая падрыхтавана сумесна з Беларускім тэлеграфным агенцтвам. На здымках паказаны Мінск ва ўсёй разнастайнасці падзей, што адбываліся ў сталіцы, тварах людзей, якія пражываюць у горадзе.
Агенцтва «Мінск-Навіны» — сталічны інфармацыйны холдынг, у склад якога ўваходзяць друкаваныя і электронныя СМІ: інфармацыйнае агенцтва, газеты «Минский курьер» і «Вечерний Минск», радыёстанцыя «Радыё Мінск», дзіцячы часопіс «Качели».
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/pertsov-sredi-gorodskih-smi-agentstvo-minsk-novosti-odno-iz-samyh-progressivnyh-436201-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pyarcou
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministr-infarmacyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/agenctva-minsk-naviny
[5] https://zviazda.by/be/tags/smi