Маштабны выставачны марафон «Sculptfest» падрыхтаваў для жыхароў сталіцы Беларускі саюз мастакоў. Большасць дзеючых мастакоў-скульптараў з многіх куткоў краіны ўдзельнічаюць у фестывалі, які размясціўся на некалькіх буйных арт-прасторах. Ад традыцыйных кампазіцый да сучаснага нефігуратыўнага мастацтва — арганізатары паспрабавалі сумясціць у межах аднаго свята большасць кірункаў станковай скульптуры.
Да ўвагі гледача прадстаўлены творы, пасля знаёмства з якімі ёсць магчымасць зрабіць пэўныя высновы: да якіх тэм звяртаюцца сучасныя аўтары; якія трансліруюць ідэі; чаго імкнуцца дасягнуць; аб чым мараць і, галоўнае, што жадаюць прыўнесці ў беларускае мастацтва. Пытанняў, натуральна, шмат, не на ўсе знойдуцца адказы… Так ці інакш, паспрабаваць зразумець, чым дыхае беларуская скульптура, адназначна варта.
На фестывалі прадстаўлена каля 120 работ 60 аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. Мерапрыемства абяцае стаць вялікай культурнай падзеяй, якая запомніцца на доўгі час — у першую чаргу дзякуючы сваёй маштабнасці. За апошнія дзесяцігоддзі гэта, бадай, адзін з найбуйнейшых праектаў. Асаблівасць у тым, што магчымасць прадставіць свае работы атрымалі не толькі мэтры — заслужаныя і народныя мастакі, але і пачаткоўцы — студэнты і вучні мастацкіх устаноў. У склад куратарскай групы фестывалю ўвайшлі члены секцыі скульптуры Саюза мастакоў Сяргей Аганаў, Вольга Нячай, Іван Арцімовіч, Канстанцін Касцючэнка і Яўген Колчаў.
— За апошнія гады ў нашага калектыву секцыі скульптуры напрацаваны дастаткова вялікі вопыт, і гэта дазваляе выйсці за межы адной выставачнай залы, — адзначыў Іван Арцімовіч падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы, якая прайшла напярэдадні адкрыцця фестывалю. — Напрыклад, традыцыйна ладзім зборную выстаўку, дзе побач аказваюцца абсалютна розныя майстры: мы не робім скідку ні на ўзрост, ні на статус. Гэта дазваляе кожнаму з нас убачыць сябе збоку, ацаніць уласную творчасць у кантэксце агульнага культурнага асяроддзя. Сучасная беларуская скульптура вельмі змянілася нават за апошняе дзесяцігоддзе. Мастакі пашырылі арсенал матэрыялаў, тэхнік. Яны ўжо ілюструюць рэчаіснасць не ў выглядзе фігуратыўнай карцінкі, а з дапамогай сімвалаў, алегорый, шукаюць новыя зместы і творчыя рашэнні. Мы імкнёмся да дыялогу з аўдыторыяй, і яна ў пэўнай меры становіцца суаўтарам.
Крытэрыі, па якіх тая ці іншая работа магла трапіць на фестываль, стандартныя. Да ўдзелу ў выстаўцы не дапускаліся творы, зробленыя ў мяккіх скульптурных матэрыялах (работы ў пластыліне або ў гліне прамежкавыя, глядзяцца не зусім завершана, да таго ж гэтыя рэчы крохкія). Ацэньвалі работы і з пункту гледжання прафесіяналізму і густу аўтара. Дарэчы, напрыканцы фестывалю журы абярэ тры найлепшыя творы.
Складанасць арганізацыі фэсту скульптуры — тэхнічныя моманты. Скульптура не можа заставацца на падлозе — яе трэба выстаўляць на добрых подыумах. Але скульптараў, якія захацелі паўдзельнічаць у «Sculptfest», аказалася вельмі шмат. Вырашыць пытанне з подыумамі дапамаглі партнёры, у тым ліку адукацыйныя ўстановы. Гэта сведчыць аб тым, што калі ёсць жаданне і магчымасці, то атрымліваецца такая цікавая падзея.
Праект секцыя скульптуры БСМ падрыхтавала для таго, каб прадставіць шырокай публіцы творцаў і іх работы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, пазнаёміць з новымі тэндэнцыямі ў сучаснай беларускай скульптуры. Арганізатары адзначаюць, што не стаяла задачы выбраць пэўную тэму.
— Сёлета нам захацелася прэзентаваць выяўленчае мастацтва ў розных яго відах і жанрах менавіта ў фармаце вялікіх фестываляў, — падкрэсліла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Вядома, любая персанальная выстаўка — добра і цікава, аднак калі ёсць магчымасць паказаць не толькі рэтраспекцыю, але і пэўны кірунак у мастацтве ва ўсёй яго разнастайнасці і зрабіць гэта, ахапіўшы самыя розныя пляцоўкі сталіцы, то, думаю, павінна атрымацца сапраўды значная і яркая падзея. Нягледзячы на няпросты мінулы год і сёлетнія складанасці, хочацца, каб мастацтва жыло, дыхала і паказвала сябе. Тварыць можна ў любы час. І калі ўзнікла такая ідэя Саюза мастакоў і секцыі скульптуры, хацелася, каб гэта прагучала маштабна. Партнёры падтрымалі нас.
Старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, член куратарскай групы Сяргей Аганаў бачыў для сябе дзве задачы пры падрыхтоўцы фестывалю: дэманстрацыя твораў мастацтва і актывізацыя дыялогу паміж самімі творцамі.
— Невядома, якое ўздзеянне зробяць тыя ці іншыя скульптуры. Мы ўсе маем магчымасць дэманстраваць вынікі працы ў інтэрнэце, сацсетках, у нас дастаткова добра развіта анлайн-візуалізацыя нашых работ, таксама можна знаёміцца з творамі іншых мастакоў з усяго свету. Па вялікім рахунку, мы можам супастаўляць. Але ўсё-ткі, на мой погляд, анлайн-прастора не параўнаецца з тым, што адбываецца афлайн. Напрыклад, экспануючы выстаўку, я сам убачыў шмат цікавых твораў іншых аўтараў, пра якія раней не ведаў. Такім чынам, можна ўбачыць пэўны зрэз: што з намі адбываецца, куды рухаемся, паглядзець на калег як прафесіяналаў і ў цэлым даведацца, як выглядае беларуская скульптура ў рамках сусветнай, — адзначыў Сяргей Аганаў.
Нельга не заўважыць у арганізацыі праекта яшчэ адну, напэўна, глабальную задачу — папулярызацыю аўтарскай скульптары, якая мае патрэбу знаходзіцца ў грамадскім асяроддзі. Але якім бы ні быў памер той ці іншай работы, якое б месцазнаходжанне ні было абрана — усё патрабуе фінансавання.
У рамках сапраўднага мастацкага марафону публіка ўбачыць дзевяць выставачных экспазіцый, сярод якіх і персанальныя, і групавыя выстаўкі мастакоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Акрамя рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» задзейнічаны даволі папулярныя пляцоўкі. Так, ужо зараз ёсць магчымасць завітаць на персанальную выстаўку Генадзя Мурамцава ў Музей сучаснай беларускай скульптуры імя Андрэя Бембеля, пазнаёміцца з сумеснай экспазіцыяй «Парнат. Скульптура» скульптараў-выкладчыкаў гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, наведаць персанальны праект Яўгена Колчава ў галерэі «Мастацтва», убачыць маладзёжную выстаўку ў выставачнай зале «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ацаніць экспазіцыю «Героі. Падзеі» на гістарычную тэму ў Нацыянальным гістарычным музеі, а таксама даведацца пра цікавыя вобразы анімалістычнай скульптуры праекта «WildSculpt» у Арт-гасцёўні «Высокае мѣста». Сёння адбудзецца адкрыццё сумеснай праграмы скульптара Дзмітрыя Аганава і графіка Лізаветы Пастушэнкі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. 26 красавіка арганізатары плануюць прадставіць персанальную выстаўку Аляксандра Сакалова «П’ета» ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура.
— Для нас фестываль — гэта выклік, таму што такіх выставак мы ніколі не ладзілі. І зараз мне вельмі цікава працаваць з аўтарамі непасрэдна маёй тэматыкі — анімалістыкі, — расказала Вольга Нячай. — Мяркую, што для мінчан і гасцей сталіцы гэта сапраўды стане добрым падарункам: выстаўка шчырая, душэўная. Мы імкнуліся ахапіць як мага болей абласцей. Не засяроджвацца толькі на Мінску вырашылі яшчэ на стадыі канцэпцыі, бо многіх аўтараў, якія жывуць не ў Мінску, мы амаль не бачым, кожны з іх стварае нібы ў сваім свеце. А тут мы імкнёмся да пэўнага аб’яднання.
Старт святу скульптуры быў дадзены ў Палацы мастацтваў, дзе размясціўся цэнтральны групавы праект. Можна вылучыць сем павільёнаў. Як адзначаюць куратары фестывалю, яны імкнуліся абсталяваць камерныя прасторы, у якіх глядач засяродзіцца на асобным творцы і яго работах. Так, крыху паасобку змешчаны некаторыя экспазіцыі, у тым ліку Уладзіміра Ламейкі, скульптара з Салігорска, які прадставіў шэраг работ-прысвячэнняў мастачцы Алене Кіш, а таксама Андрэя Вараб’ёва, чыя экспазіцыя выглядае адной з найбольш цэласных і грунтоўных. Аўтар адзначае, што фанатычна любіць сваю працу і больш нічога не ўмее і не хоча рабіць. Асноўныя тэмы творчасці Андрэя Вараб’ёва — аўтапартрэт і каханне. Відавочна, першая тэма — спосаб падумаць пра жыццё, уласнае і кожнага чалавека, у яго хуткаплыннасці, непаўторнасці, крохкасці і прыгажосці. Скульптуры пра каханне — спроба абагульнення і стварэння сімвала, знака, спосаб асэнсавання гармоніі дзвюх падобных і адначасова супрацьлеглых істот.
Сярод аўтараў, чые работы прадстаўлены ў Палацы мастацтваў, — Канстанцін Селіханаў, Уладзімір Конанаў, Уладзімір Слабодчыкаў, Пётр Кузьміч, Аляксандр Юшкевіч, Павел Хатчылоўскі, Аляксандр Малей, Валерый Калясінскі, Юрый Пеўнеў і многія іншыя. Імёны жанчын-скульптараў сустракаюцца рэдка, у іх ліку — Алена Чэпелева, Эла Грышачкіна, Ганна Старавойтава і іншыя. Асобна прадстаўлена экспазіцыя Вольгі Орсік. Мастачка вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя В. Ахрэмчыка і неаднаразова станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Летась атрымала дыплом лаўрэата ў намінацыі «Скульптура» Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва.
Цікавая ў скульптуры сумесная праца аўтараў. Так, уражваюць дзве работы на выстаўцы ў Палацы мастацтваў, а менавіта «Абярэг» Васіля Цімашова і Паліны Піраговай і «Шлях герояў» Сяргея Аганава і Вольгі Нячай. У іх нібы адлюстроўваецца сапраўдная любоў да ўсяго нацыянальнага, роднага, свайго. Падобная думка ўзнікае пры блізкім разглядзе такіх скульптур, як «Спадчына» Анатоля Арцімовіча, «Маладзік» Ігара Засімовіча і «Дзікае палаяванне караля Стаха» Сяргея Логвіна.
На выстаўцы ёсць месца самым розным плыням: ад традыцыйных партрэтных і фігуратыўных кампазіцый да праяў больш сучаснага нефігуратыўнага мастацтва, якое, як правіла, патрабуе ад гледача больш супрацы, уважлівага пранікнення ў сутнасць канцэпцыі. Але, бясспрэчна, усіх яднае пошук свайго шляху і філасофіі. Адзін з куратараў фестывалю Іван Арцімовіч падкрэслівае: скульптура, якая з’яўляецца ў гарадскім асяроддзі, — адзін з найважнейшых паказчыкаў узроўню культуры грамадства: у адрозненне ад скульптуры
ў грамадскай прасторы, станковая скульптура заўжды на крок наперадзе, бо эксперыментуе, шукае новыя формы і матэрыялы, іх спалучэнні, звяртаецца да гледача, і такі дыялог творцы і аматараў мастацтва звычайна вядзецца на тэмы, якія рэдка ўвасабляюцца ў мануменце. Але ці сапраўды скульптура дазваляе спрагназаваць і адчуць будучыя змены ў мастацтве? І ці дазваляе выстаўка такога фармату ўбачыць глыбінныя мастацкія працэсы? Раім пазнаёміцца з работамі сам-насам.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва» [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/skulptura
[6] https://zviazda.by/be/tags/sculptfest-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-sayuz-mastakou