Новыя спецыяльнасці — «Сацыяльныя камунікацыі» і «Эканамічная інфарматыка» — адкрыюцца на факультэце эканомікі і права МДУ імя А.А. Куляшова. Пра гэта паведамілі [1] на сайце Магілёўскага аблвыканкама са спасылкай на ўстанову адукацыі.
Выпускнікі, якія атрымалі веды па гэтых напрамках, будуць запатрабаваныя ў прыватных арганізацыях і дзяржаўных структурах. «Ва ўмовах вострай канкурэнцыі на рынку працы мы гарантуем высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў, а значыць, і іх запатрабаванасць», — падкрэсліў рэктар ВНУ прафесар Дзяніс Дук.
«Эканамічная інфарматыка» аб’ядноўвае веды з вобласці IT і эканомікі. Адсюль і кваліфікацыя выпускніка — «Эканаміст-інфарматыкі». Прасцей кажучы, гэта спецыяліст, здольны ўжываць самыя сучасныя лічбавыя тэхналогіі ў кіраўніцкай, інвестыцыйнай дзейнасці і бізнес-планаванні.
Не менш перспектыўнай з’яўляецца спецыяльнасць «Сацыяльныя камунікацыі». Гэта своеасаблівы сплаў IT, маркетынгу і тэхналогій PR. «Выпускнікі гэтай спецыяльнасці змогуць працаваць у дзяржаўных кампаніях, бізнесе, органах мясцовага кіравання і самакіравання, СМІ, маркетынгавых і рэкламных агенцтвах, займацца сувязямі з грамадскасцю і ажыццяўляць рэкламную дзейнасць практычна ў любой арганізацыі», — пракаментаваў Дзяніс Дук.
Больш падрабязна пра новыя спецыяльнасці можна будзе даведацца 17 красавіка. З 11:00 да 12:00 факультэт эканомікі і права будзе праводзіць Дзень адчыненых дзвярэй у фармаце анлайн (на афіцыйнай старонцы [2] МДУ імя А.А. Куляшова Укантакце).
Спасылкі
[1] http://mogilev-region.gov.by/news/dve-novye-specialnosti-otkryvayutsya-v-mgu-imeni-aa-kuleshova
[2] https://vk.com/msu_kuleshov
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyouski-dzyarzhauny-universitet-imya-kulyashova
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/specyyalnasci