Як паведамляе МНС, статыстыка паказвае на тое, што пераважнай прычынай гібелі людзей ад пажараў у жыллёвым фондзе з’яўляецца няведанне альбо грэбаванне грамадзянамі мерамі бяспекі, так званы чалавечы фактар — неабачлівыя, неасцярожныя дзеянні грамадзян.
У мэтах павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях у перыяд з 12 па 28 красавіка арганізавана правядзенне рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам» па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў вясенне-летні пажаранебяспечны перыяд. Да мерапрыемстваў далучацца міністэрствы ўнутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, інфармацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя і энергетыкі, Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства.
Акцэнт у акцыі будзе зроблены на абследаванне супрацьпажарнага стану домаўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян, інвалідаў, сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, правядзенне з імі інструктыўна-растлумачальнай работы па захаванні правіл пажарнай бяспекі, а таксама інфармаванне насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг па забеспячэнні іх бяспекі.
Ратавальнікі нагадваюць: праверце на працаздольнасць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, а ў выпадку іх адсутнасці — устанавіце ў жылых памяшканнях домаўладання. Звярніце ўвагу на спраўнасць ацяпляльнага абсталявання і электрычнай праводкі. Памятайце, што, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах, якія належаць грамадзянам на праве прыватнай уласнасці, ускладзены на іх уласнікаў.
Таксама ў рамках акцыі ў якасці кансультацыйнай дапамогі МНС прапануе грамадзянам звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях для правядзення абследавання супрацьпажарнага стану жылля.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/za-byaspeku-razam
[2] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns
[4] https://zviazda.by/be/tags/pazhary