У фрагменце бурштыну з М'янмы палеантолагі знайшлі казурку з пылком кветак часоў дыназаўраў. Артыкул з апісаннем знаходкі апублікаваў навуковы часопіс Nature Plants, паведамляе ТАСС [1].
Вывучаючы кавалак бурштыну з М'янмы ўзростам каля 99 млн гадоў, прафесар Інстытута геалогіі і палеанталогіі Кітайскай акадэміі навук Чэньян Цай і яго калегі знайшлі невялікага жука з сямейства кветкавых блішчанак (Kateretidae). Сучасныя прадстаўнікі гэтага сямейства жывуць у Аўстраліі і сілкуюцца пылком, венчыкамі і завязямі кветак.
У застылай смале апынуўся не толькі жук, але і часціцы пылка, якія паказваюць, што ён сядаў на суквецці пакрытанасенных раслін. «На брушку ў гэтай казуркі відаць мноства валасінак, якія дапамагалі яму пераносіць вялікую колькасць пылка», — мяркуе вучоны.
Знаходку назвалі Pelretes vivificus, гэта значыць «з’ядацель пылка, які дае жыццё» на сумесі латыні і чэшскага. Пакуль навукоўцы не могуць сказаць, якія менавіта расліны апыляюцца гэтым жуком. Абапіраючыся на форму зерняў пылка, палеантолагі мяркуюць, што гэта былі старажытныя двухдольныя кветкавыя расліны з роду Tricolpopollenites.
Па словах даследнікаў, гэта адкрыццё кажа, што першыя апыляльнікі з’явіліся практычна адначасова з кветкавымі раслінамі. Іх хуткая эвалюцыя, як мяркуюць палеантолагі, паслужыла закладам для хуткага распаўсюджвання кветкавых раслін у другой палове крэйдавага перыяду.
Прэв'ю: pexels.com
Спасылкі
[1] http://tass.ru
[2] https://zviazda.by/be/tags/burshtyn
[3] https://zviazda.by/be/tags/pylok
[4] https://zviazda.by/be/tags/kvetka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kazurki