Афіцыйнага тапоніма «Сквер Лесі Украінкі» у Мінску яшчэ няма. Але днямі ў сталіцы каля дома № 20 па вуліцы, названай у гонар славутай украінскай паэтэсы, былі высаджаны 15 дэкаратыўных ліп і каліна.
Такая экалагічная творчая акцыя арганізавана Пасольствам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь на чале з кіраўніком пасольства Ігарам Кізімам сумесна з прадстаўнікамі ўкраінскай грамады ў Беларусі. Падтрымку ажыццявілі работнікі «Зелянбуда» Цэнтральнага раёна горада Мінска.
Нагодай для нараджэння сімвалічнага «Лесінага сквера» стала 150-годдзе з дня нараджэння паэтэсы. У Беларусі неверагодна шмат адрасоў, звязаных з Вялікім Кабзаром — Тарасам Шаўчэнкам. Пра гэта палтаўскі даследчык Глеб Кудрашоў напісаў адмысловую кнігу, якая зараз рыхтуецца да выдання ў перакладзе на беларускую мову. Цяпер вось дадаюцца новыя адрасы ў гонар памяці вялікай паэтэсы, чыя творчасць добра знаёмая беларускаму чытачу і на роднай мове. Розныя актыўнасці дзеля пашырэння памяці пра Лесю Украінку ладзіць супрацоўнік украінскага пасольства спадар Іван Бышняк. Дзякуючы яго намаганням мерапрыемствы, звязаныя з ушанаваннем жыцця і творчасці паэтэсы, у розны час прайшлі на Міншчыне і Гродзеншчыне.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/lesya-ukrainka-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/drevy
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/igar-kizim