Самыя распаўсюджаныя памылкі пры вырошчванні расады:
Вырошчваеце вы расаду дзясятак гадоў або берацеся за гэтую справу ўпершыню, не мае значэння: нашкодзіць тут можа кожны. Агароднікі-пачаткоўцы часта не ведаюць усіх сакрэтаў і тонкасцяў вырошчвання расады. А садаводы са стажам нярэдка дзейнічаюць па-старому, як прывыклі, як «бабуля навучыла», не дапускаючы нават думкі пра тое, што памылкі таксама могуць «перадавацца з пакалення ў пакаленне». Сёння мы разгледзім асноўныя памылкі, якія з году ў год дапускаюць агароднікі пры вырошчванні расады. Будзем на іх вучыцца.
Што адрознівае якасную расаду ад не вельмі добрай? Па-першае, здаровая расада заўсёды невысокая, прысадзістая, з тоўстым сцяблом. Па-другое, лісце ў моцнай расады звычайна цёмна-зялёнае. Ну і, па-трэцяе, чым лепшая расада, тым мацнейшыя яе карані. У ідэале пры высадцы ў грунт карані расады павінны добра ўтрымліваць зямлю. Добрая расада не павінна цвісці, і ўжо тым больш яна не павінна мець першыя завязі пладоў!
Часта прычынай няўдачы з расадай становіцца грунт, у якім яе вырошчваюць. Якасць грунту не менш важная, чым якасць насення. Але калі насенню мы ўдзяляем нямала ўвагі, то грунт, як правіла, набіраецца ў агародзе, даволі часта — у цяпліцы, дзе зямля «самая-самая», бо там растуць нашы любімыя памідорчыкі, а ўжо пад іх мы ўгнаенняў не шкадуем. Гэта і ёсць памылка нумар адзін. Глеба для расады павінна быць прыгатавана з сумесі некалькіх кампанентаў. Звычайна туды ўваходзяць дзярновая зямля, перагной, буйназярністы рачны пясок, нізінны торф і ляжалае дробнае пілавінне. Усе гэтыя кампаненты змешваюцца ў пэўных прапорцыях.
Невыкананне тэрмінаў пасадкі расады. Не проста вялікая, а вельмі вялікая колькасць садаводаў упэўнены: чым раней пасееш насенне на расаду, тым раней атрымаеш ураджай. А на практыцы часта атрымліваецца ўсё дакладна наадварот. Не трэба лезці наперад бацькі ў пекла і высаджваць усе культуры ў лютым. Асабліва, калі ў вас няма магчымасці забяспечыць дадатковае асвятленне, якое настолькі ім неабходнае.
Ёмістасці для вырошчвання расады павінны быць абавязкова з дрэнажнымі адтулінамі і адпаведнага памеру. Часта агароднікі не надаюць значэння добраму дрэнажу, а яго адсутнасць часам пагражае насенню і праросткам загніваннем і гібеллю. Як паказвае практыка, для раслін, якія патрабуюць пікіроўкі, лепш выбіраць 100-мілілітровыя ёмістасці для сяўбы і 500-мілілітровыя — для перасадкі маладой расліны. Насенне расады, якой пікіроўка забаронена, рэкамендуецца адразу ж саджаць у ёмістасці на 500 мл.
Вельмі многія садоўнікі грэбуюць перадпасяўной падрыхтоўкай насення, тым не менш, адэкватныя працэдуры па павышэнні ўсходжасці і прафілактыцы хвароб насення самым спрыяльным чынам адбіваюцца як на якасці расады, так і на самім ураджаі!
Яўген САЛАНОВІЧ, дачнік са шматгадовым вопытам
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/dacha
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasada
[5] https://zviazda.by/be/tags/pasadka
[6] https://zviazda.by/be/tags/garod